Прыцягальны кантэнт

- 10:27Адукацыйная прастора, Адукацыйныя праекты

У гонар Года гістарычнай памяці прайшоў Рэспубліканскі конкурс віртуальных музеяў у сістэме прафесійнай адукацыі пад назвай “Памятаем мінулае, шануем сучаснасць, будуем будучыню”, арганізаваны РІПА.

Модна і прывабна

Музей па сваім прызначэнні быў і застаецца захавальнікам культурна-гістарычнай спадчыны, правадніком нацыянальных тра­дыцый. У сваю чаргу віртуальны музей сродкамі ІТ пашырае для навучэнскай моладзі доступ да аб’ектаў гісторыі і культуры, дазваляе здзяйсняць віртуальныя экскурсіі па тэматычных экспазіцыях нягледзячы на адлегласць і часовыя межы.

Для пашырэння даступнасці музейнай справы ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі створана 119 віртуальных музеяў. І сёлетні конкурс ужо не першы для іх. Начальнік аддзела метадычнага забеспячэння зместу і форм выхаваўчай работы цэнтра навукова-метадычнага забеспячэння выхаваўчай работы РІПА А.І.Салодкіна расказала, што сёлетні рэс­публіканскі конкурс праводзіўся на працягу месяца і ўключаў намі­нацыі “Вялікая Перамога: подзвіг народа”, “Мая спадчына”, “Гісторыя каледжа: з мінулага ў будучыню”, “З калекцыі музея”. Праз анлайн-экскурсіі можна было даведацца аб экспазіцыях кожнага музея, у тым ліку з гісторыі развіцця прафесійнай адукацыі. Віртуальны музей па сутнасці можна назваць феноменам культуры. Праз інфармацыйныя тэхналогіі яго экспазіцыі становяцца больш запатрабаванымі, прадстаўляюць новы фармат далучэння да культурнай спадчыны. Сукупнасць лічбавых рэсурсаў дазваляе ўкараняць інавацыі ў рэальныя музеі і такім чынам фарміраваць  больш модную і прывабную прастору для наведвальнікаў. 

За гэты год было сабрана шмат цікавых форм выхаваўчай работы, каб гістарычная памяць заставалася ў нашых сэрцах назаўсёды, была асновай для фарміравання асобы, праходзіла праз нашы сэрцы і вылівалася толькі ў добрыя справы.

Лідарам рэспубліканскага конкурсу ўжо не першы год становіцца Мінскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж імя акадэміка М.С.Высоцкага, філіял РІПА. Адна з найстарэйшых устаноў краіны мае музей з 20-гадовай гісторыяй. За гэты час ён стаў цэнтрам захавання слаўных традыцый і гістарычнай памяці, папулярызацыі навучальнай установы, пашырэння кругагляду навучэнцаў, дазваляе падтрымліваць і ўмацоўваць сувязь пакаленняў, шанаваць памяць пра старэйшых педагогаў, сачыць за лёсам сваіх выпускнікоў і развіццём машынабудаўнічай галіны, для якой установа рыхтуе кадры.

— Музейныя экспазіцыі пра гісторыю і сённяшняе жыццё каледжа нясуць важную інфармацыйную нагрузку ў адукацыйным працэсе, з’яўляюцца выхаваўчым складнікам у фарміраванні асобы навучэнца, матывуюць да авалодання прафесійнымі ведамі і навыкамі для прадукцыйнай працы на прадпрыемствах машынабудаўнічага комплексу, — адзначае дырэктар каледжа яго выпускнік  В.Р.Кірыленка. — Мы імкнёмся выхаваць дастойных грамадзян на гісторыі і культуры нашай краіны, на нацыянальных традыцыях, на прыкладзе знакамітых выпускнікоў нашай установы, ветэранаў-педагогаў, якія прысвяцілі каледжу сваё жыццё.

Заглянуць у будучыню

Выпускнікі каледжа — навучэнская група “Пошук” — правялі вялікую даследчую і пошукавую работу. Былі вывучаны архіўныя дакументы, у тым ліку з дзяржаўных архіўных устаноў, музея Мінскага аўтамабільнага завода, сямейных архіваў многіх ветэранаў каледжа і нашых выпускнікоў. І ў выніку ўдалося стварыць гістарычна-дакументальную экспазіцыю, якая папаўняецца і сёння. Арганізацыйна-прававая база, створаная  Міністэрствам адукацыі, у тым ліку аб правядзенні даследчай і пошукавай дзейнасці, дае магчымасць пашыраць дыяпазон музейнай справы ўстановы адукацыі.

 Адметнасцю музея гісторыі ўстановы з’яўляецца размяшчэнне шэрага экспазіцый не толькі ў памяшканні музея, але і ў холе галоўнага корпуса каледжа. І ў гэтым ёсць сэнс. Па словах дырэктара, выхад экспазіцыі за межы музея дазволіў не толькі пашырыць экспазіцыю, але і павялічыць колькасць наведвальнікаў. У холе галоўнага корпуса прадстаўлена экспазіцыя, якая адлюстроўвае значную падзею ў жыцці каледжа — наведванне ўстановы ў Дзень ведаў Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А.Р.Лукашэнкам з групай кіраўнікоў урада і сістэмы адукацыі краіны. 

Побач размешчана экспазіцыя, прысвечаная легендарнаму выпускніку ўстановы, Герою Беларусі, акадэміку М.С.Высоцкаму, чыё імя з 2014 года прысвоена каледжу. Іншыя экспазіцыі музея гісторыі каледжа дазваляюць азнаёміцца з першымі педагогамі-франтавікамі, працаўнікамі тылу, якія кавалі Перамогу над ворагам на прадпрыемствах абароннай прамысловасці, выпускнікамі і кіраўнікамі каледжа, ганаровымі ветэранамі, якія адзначаны дзяржаўнымі ўзна­гародамі і ўнесены ў Кнігу гонару каледжа. У музейных вітрынах размешчаны арыгіналы важных дакументаў аб гісторыі каледжа, фатаграфіі і фотаальбомы, падручнікі і вучэбныя дапаможнікі, аўтарскія кнігі педагогаў і выпускнікоў, лепшыя творчыя работы навучэнцаў.

Кіраўнік групы “Пошук”, выпускніца каледжа, выдатнік адукацыі Л.А.Страмбурская выступае ў ролі экскурсавода і знаёміць з тэматычнымі экспазіцыямі, якія займаюць асобнае месца і прысвечаны ганаровым выпуснікам. Тут сабрана інфармацыя пра выдатнікаў вучобы, якія скончылі каледж з адзнакай — такіх налічваецца больш за тысячу чалавек. Сярод іх людзі-легенды, вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, ардэнаносцы, лаўрэаты дзяржаўных прэмій і іншых высокіх званняў, навукоўцы, кіраўнікі вядучых прамысловых прадпрыемстваў краіны, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Адна з экспазіцый прысвечана былому генеральнаму дырэктару Мінскага трактарнага завода, вядомаму палітычнаму дзеячу, Герою Сацыялістычнай Працы М.М.Слюнькову, выпускніку кале­джа 1950 года. 

— За гады існавання музея гісторыі каледжа выпрацавана стройная сістэма арганізацыі яго работы, скіраваная на захаванне гістарычнай памяці аб установе адукацыі, яе педагогах, навучэнцах і выпускніках, — адзначае В.Р.Кірыленка. — У музеі штогод сустракаюцца ветэраны-педагогі і супрацоўнікі, былыя выпускнікі каледжа, многія прыводзяць сваіх дзяцей і ўнукаў. 

Экспазіцыя матывуе 

Новы падыход у музейнай справе дапамагае выхоўваць навучэнцаў і маладых педагогаў на слаўных традыцыях і дасягненнях папярэдніх пакаленняў навучэнскай мола­дзі і выкладчыкаў. Маладым педагогам азнаямленне з экспазіцыяй музея дазваляе наглядна ўбачыць вынік творчага і адказнага стаўлення да сваёй працы, у тым ліку магчымасці службовага росту не толькі ў сценах каледжа, але і за яго межамі. Для будучых абітурыентаў і іх бацькоў у працэсе правядзення прафарыентацыйнай работы, напрыклад, падчас дзён адкрытых дзвярэй, бацькоўскіх сходаў, музей з’яўляецца крыніцай інфармацыі пра навучальную ўстанову, матывуе моладзь да правільнага прафесійнага выбару.

Маладым педагогам азнаямленне з экспазіцыяй музея дазваляе наглядна ўбачыць вынік творчага і адказнага стаўлення да сваёй працы, у тым ліку магчымасці службовага росту не толькі ў сценах каледжа, але і за яго межамі.

Музей наведваюць прадстаўнікі дзяржаўных органаў улады і кіравання, прадпрыемстваў — заказчыкаў кадраў, калегі з іншых навучальных устаноў. Напрыклад, ганаровымі гасцямі каледжа былі Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Н.І.Качанава і члены выязнога пашыранага пасяджэння Прэзідыума Савета Рэс­публікі па тэме развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі і павышэння прэстыжу рабочых прафесій, кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь І.П.Сергяенка пры правядзенні пасяджэння калегіі Адміністрацыі па пытаннях рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, К.К.Шульган, міністр сувязі і інфарматызацыі, выпускнік каледжа 1984 года. 

3D-тэхналогіі — у музейную практыку 

Музей Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага каледжа лічыцца адным з лепшых музеяў у сферы прафесійнай адукацыі па выкарыстанні 3D-тэхналогій. 

— Мы нават распрацавалі канцэпцыю арганізацыі і развіцця віртуальнага музея, — расказала Л.А.Страмбурская. — Яна ўключае храналагічны падыход да прадстаўлення музейных экспанатаў, што дае магчымасць сістэматызаваць, апрацоўваць і творча прэзентаваць сабраныя звесткі па той ці іншай тэматыцы, візуалізаваць па­дзеі, звязаныя з гісторыяй стварэння і развіцця навучальнай установы. Віртуальны музей уключае ў сябе віртуальны тур па музеі. Гэта панарама экспазіцый музея ў 3D-фармаце. Для гэтага была праведзена відэаздымка экспазіцый музея ў фармаце 360 градусаў (кругавая панарама). Падрыхтавана суправаджальная інфармацыя для гукавога каментарыя (аўдыязапіс накладзены на відэазапіс). У раз­дзеле “Гісторыя” размешчана кароткая хроніка падзей развіцця навучальнай установы. У раздзеле “Медыя” — “Візуальны даведнік па музеі”, прэзентацыя “Фотахроніка”, “Рэкламны ролік аб каледжы”. Раздзел “Галоўныя асобы” ўключае матэрыялы пра М.С.Высоцкага, М.М.Слюнькова і іншых знакамітых людзей.

Сукупнасць лічбавых рэсурсаў дазваляе ўкараняць інавацыі ў рэальныя музеі і такім чынам фарміраваць  больш модную і прывабную прастору для наведвальнікаў.

Музей з кожным годам імкліва развіваецца. Набываюцца новыя экспанаты, удасканальваюцца формы музейнай дзейнасці. Важна тое, што музейная справа стала адным з галоўных напрамкаў работы каледжа па навучанні і выхаванні навучэнцаў. У планах нямала іншых праектаў, якія паспрыяюць творчаму развіццю навучэнскай моладзі, дапамогуць выхаваць сапраўдных патрыётаў — абаронцаў Радзімы, высакакласных спецыялістаў, якія будуць працаваць на карысць Айчыны. Мяркуючы па высокай выніковасці дзейнасці каледжа, няма сумнення, што гэтыя памкненні абавязкова будуць рэалізаваны.

Ала КЛЮЙКО.