ААН пачала глабальную кампанію па зборы сродкаў для забеспячэння 2 млн бежанцаў жыллём, разлічваючы атрымаць у прыватных донараў больш за $500 млн. Пра гэта заявіла Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ).
“Вялікі недахоп сродкаў на прытулак бежанцам сур’ёзна падрывае намаганні па вырашэнні самага вялікага крызісу перамяшчэння людзей з часоў Другой сусветнай вайны”, — растлумачылі ва УВКБ. У рамках глабальнай кампаніі, якая атрымала назву Nobody Left Outside (“Ніхто не застаецца знадворку”), да прыватнага сектара звернуты заклік унесці сродкі на размяшчэнне 2 млн бежанцаў. У сувязі з гэтым ва УВКБ нагадваюць, што зараз у свеце налічваецца каля 60 млн прымусовых перасяленцаў. Пры гэтым амаль 20 млн з іх — бежанцы, якім прыйшлося пакінуць не толькі свае дамы, але і краіны.
“Прытулак — гэта аснова для выжывання і аднаўлення бежанцаў, яго трэба разглядаць як безумоўнае права чалавека, — заявіў у сувязі з пачаткам кампаніі Вярхоўны камісар ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі. — Паколькі мы маем справу з крызісам перамяшчэння людзей у глабальным маштабе, небывалым з часоў Другой сусветнай вайны, ніхто не павінен застацца без даху над галавой”.
Штогод УВКБ закупляе 70 тысяч палатак і 2 млн брызентавых полак для тэнтаў. У цэлым для забеспячэння бежанцаў у свеце рознымі відамі часовага жылля на 2016 год неабходна $724 млн. На цяперашні момант у наяўнасці ёсць $158 млн. Недахоп $566 млн пагражае пакінуць мільёны мужчын, жанчын і дзяцей без належнага прытулку. Філіпа Грандзі адзначыў важную ролю прыватнага сектара з яго ноу-хау, энергіяй і грашамі ў вырашэнні праблемы размяшчэння бежанцаў, што дазволіла б зменшыць непаразуменне паміж бежанцамі і мясцовымі жыхарамі. “Мы павінны знайсці лепшыя шляхі для мірнай інтэграцыі бежанцаў у суполкі, якія іх прымаюць”, — адзначыў ён.