“Майстэрства педагога заключаецца ва ўменні вучыцца разам са сваімі вучнямі і ў тым, каб выхаваць дзяцей, якія змогуць яго пераўзысці”, — адзначае Вольга Занкавіч, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце і настаўніца матэматыкі вілейскай гімназіі № 1 “Логас”. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Вольга Уладзіміраўна — карэнная вілейчанка і навучэнка педагагічнага класа першага выпуску гімназіі (гэты статус установа атрымала ў 1991 годзе). У родных сценах педагог працуе на працягу 26 гадоў, рыхтуе ўдзельнікаў і пераможцаў алімпіяд і конкурсаў па матэматыцы і інфарматыцы. Першым яе вучнем, які паказаў высокія вынікі, стаў Аляксандр Мандрык. У 2004 годзе, будучы дзевяцікласнікам, ён заваяваў дыплом III ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па матэматыцы. Паступіў у Ліцэй БДУ, дзе стаў пераможцам міжнароднай алімпіяды. Сёння Аляксандр Анатольевіч — кандыдат фізіка-матэматычных навук, абараніў дысертацыю на механіка-матэматычным факультэце БДУ па тэме “Класічныя рашэнні гранічных задач для гіпербалічных ураўненняў трэцяга парадку на плоскасці”.
— З Сашам мы фактычна вучыліся разам. Я ў той час была маладым педагогам, толькі выйшла з дэкрэтнага водпуску, а ён — вельмі дапытлівым маладым чалавекам, які любіў матэматыку і не заўсёды разумеў, навошта вучыць вершы ці пісаць сачыненні, — адзначае Вольга Уладзіміраўна. — Першы раз ён трапіў на абласную алімпіяду ў 8 класе і стаў сёмым. Гэта яго заахвоціла, і захацелася перамагчы. Саша шмат чытаў, унікаў у самыя складаныя задачы. Тады інтэрнэт не быў так шырока развіты, даводзілася шмат працаваць з літаратурай, падручнікамі, газетамі і прадметнымі часопісамі. Сашы спакойна можна было сказаць, напрыклад, “Разбярыся з заданнямі на старонках 23—45” і быць цалкам упэўненай, што ён гэта зробіць.
Яшчэ адзін яркі вучань, якім ганарыцца настаўніца, Іван Прылепскі — уладальнік дыплома I ступені Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы. Ён скончыў ФПМІ БДУ і зараз працуе ў ІТ-сферы. Як і Клім Севярын, які атрымаў дыплом III ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы і скончыў БДУІР. А ў апошнія тры гады Вольгу Уладзіміраўну радуе вучаніца 10 класа Варвара Завадская, якая паспела двойчы стаць удзельніцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па матэматыцы.
— Вучань павінен імкнуцца да таго, каб пераўзысці свайго настаўніка, — гаворыць Вольга Уладзіміраўна. — Мае алімпіяднікі больш таленавітыя, чым я, і ад гэтай думкі я адчуваю вялікую гордасць, бо змагла запаліць у іх імкненне да пазнання. Прыемна ўсведамляць і тое, што я з’яўляюся для іх аўтарытэтам. Нават пасля заканчэння гімназіі мы падтрымліваем цёплыя, сяброўскія адносіны. Сустракаючыся, успамінаем, як яны рабілі свае першыя крокі да поспеху, як у іх праяўляліся здольнасці да матэматыкі. Сваю задачу як педагог бачу ў тым, каб даць кожнаму вучню неабходную базу ведаў і пры гэтым навучыць яго самастойна шукаць інфармацыю, надаць імпульс для далейшага росту. І настаўніку трэба ўвесь час вучыцца разам з вучнямі. Каб падрыхтаваць алімпіядніка, педагог павінен умець рашаць нестандартныя задачы, прымяняць сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, формы і метады работы. Важна знайсці правільны псіхалагічны падыход да вучня, каб ён не здаваўся пры першай няўдачы, параўноўваў сябе не з іншымі, а з самім сабой, падвесці яго да ўласнай перамогі.
Вольга Занкавіч у сваёй практыцы звяртаецца да элементаў тэхналогій асобасна арыентаванага і рознаўзроўневага навучання, развівае падыходы, якія павышаюць матывацыю дзяцей з рознымі здольнасцямі да вывучэння матэматыкі. На яе ўроках не бывае сумна. Кожнае дзіця атрымлівае заданне, якое будзе для яго па сілах, але крыху больш складанае за папярэдняе. Калі вучань ведае матэрыял на 3 балы, а рэшыць задачу на 4, а затым на 5 — гэта будзе яго асабістая перамога. Разам з тым стымулюючую ролю адзнак ніхто не адмяняў — такі вучань можа атрымаць 9 ці 10 балаў, напрыклад, за вусны адказ каля дошкі.
Вольга Уладзіміраўна выкладае матэматыку ў адных і тых жа вучняў з 5 па 11 клас, таму мае дакладнае ўяўленне пра тое, чаму яна змагла навучыць іх за сем гадоў, якія патрабаванні можа прад’яўляць да класа.
— Прымаючы пяцікласнікаў, я кансультуюся з іх першымі настаўнікамі і педагогам-псіхолагам, наладжваю даверлівыя адносіны з бацькамі, каб даведацца пра схільнасці і захапленні кожнага дзіцяці. Мне хочацца захаваць цікавасць да матэматыкі ў тых вучняў, якія праяўлялі яе ў пачатковай школе і мелі высокія вынікі па прадмеце.
З самых першых урокаў у 5 класе кожны вучань Вольгі Уладзіміраўны пачынае весці агульны сшытак, куды запісвае тэарэтычны матэрыял па тэмах. Так дзеці вучацца сістэматызаваць і схематызаваць інфармацыю, рабіць высновы, абагульненні і абгрунтаванні атрыманых вынікаў. Такі канспект яны будуць пісаць да 11 класа і ў асобных выпадках могуць карыстацца ім на самастойных і кантрольных работах. У класе нават праходзяць конкурсы на лепшы апорны канспект: вучні дэманструюць сваё ўменне трансфармаваць вучэбны матэрыял у табліцы, табліцы — у схемы, схемы — у задачы, а задачы — у рашэнні.
Вольга Занкавіч бачыць унікальную асобу ў кожным вучню, імкнецца да таго, каб усе праявілі сябе на ўроках, у алімпіядах, конкурсах ці інтэлектуальных гульнях, у навукова-даследчай дзейнасці, напісанні рэфератаў. Прадастаўляе вучню самастойнасць у выбары заданняў, метадаў рашэння, у аналізе і даследаваннях, пошуку інфармацыі.
— Перад кожным урокам я запісваю на дошцы ўсе заданні, якія трэба паспець разабраць за 45 хвілін. І пакуль клас рашае іх разам са мной, хтосьці з вучняў можа пайсці наперад і выканаць іх хутчэй, — адзначае настаўніца. — Самых здольных чакаюць дадатковыя заданні на 10 балаў з серыі “Трэба падумаць” і “Задача дня”. На працягу вучэбнага дня дзеці могуць прадставіць мне свае рашэнні. Ісці хутчэй за астатніх я не дазваляю на ўроках вывучэння новага матэрыялу, калі мне важна правільна расставіць акцэнты, звярнуць увагу кожнага вучня на ключавыя моманты тэмы. Тэмп такому ўроку звычайна задаю я. Тыя, каму нешта не зразумела ў ходзе маіх тлумачэнняў або ў працэсе рашэння задач, падымаюць сігнальную картку, я падыходжу і даю дадатковыя тлумачэнні. Гэта прыём “Святлафор”, калі дзіця ацэньвае сябе з дапамогай каляровых сігналаў (чырвоны, жоўты, зялёны). Да выканання дамашніх заданняў у мяне таксама свой падыход. У старшых класах, асабліва профільных матэматычных, я задаю іх не на кожны дзень, а адразу на тыдзень, каб дзеці маглі самастойна размеркаваць час на выкананне ўсяго аб’ёму. З тымі, хто збіраецца здаваць матэматыку ў якасці ЦЭ (ЦТ) або вуснага экзамену, мы дадаткова рашаем заданні ў тэставай форме, праводзім так званыя залікі па пройдзеных тэмах.
Усе дзеці любяць працаваць у групах. Толькі ў адных выпадках групы фарміруюцца па іх жаданні, а ў іншых — вучняў аб’ядноўвае настаўніца ў залежнасці ад узроўню падрыхтоўкі. Адпаведна і ўзровень складанасці заданняў у розных групах адрозніваецца. Але ж 9 і 10 балаў маюць шанс атрымаць усе. Некаторыя вучні атрымліваюць права пабыць настаўнікам і растлумачыць класу матэрыял. Так, на ўроках-кансультацыях кожнае дзіця можа звярнуцца па дапамогу не толькі да Вольгі Уладзіміраўны, але і да сваіх аднакласнікаў, каб тыя патлумачылі тое, што выклікае цяжкасці, напрыклад, як рашаць няроўнасці з модулямі або прымяняць уласцівасці функцый для рашэння ўраўненняў і няроўнасцей.
— Да інтэлектуальных спаборніцтваў мы рыхтуемся на факультатывах і дадатковых занятках па матэматыцы ў шосты школьны дзень, — адзначае Вольга Занкавіч. — Рашаем складаныя і творчыя задачы, працуем над даследчымі і праблемнымі задачамі, праводзім інтэлектуальныя гульні. Некаторыя мае вучні наведваюць вочныя і завочныя заняткі па матэматыцы ў “Юні-цэнтры-ХХІ” пры БДУ. Да таго ж мы з задавальненнем вучымся па відэаўроках выкладчыкаў гэтага цэнтра, даступных для агульнага карыстання.
У гімназіі функцыянуе навуковае таварыства навучэнцаў, ля вытокаў якога была настаўніца рускай мовы і літаратуры Алена Гулецкая, а зараз узначальвае загадчыца бібліятэкі Аксана Парфіновіч. Выступаючы з даследчымі работамі падчас пасяджэнняў таварыства, гімназісты заўсёды атрымліваюць падтрымку і рэкамендацыі настаўнікаў-прадметнікаў па ўдасканаленні сваіх ідэй.
Прыклады заданняў для высокаматываваных вучняў размешчаны па гэтай спасылцы.
Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара