Прывіваць дзецям любоў да працы і прымнажаць прыгожае: на чым яшчэ робяць акцэнт педагогі Гомеля

- 12:31Репортаж

Пашыраць супрацоўніцтва ў кірунку духоўна­-маральнага выхавання, прывіваць дзецям любоў да працы і вучыць адказнаму стаўленню да яе, а таксама заўважаць вакол сябе прыгажосць і прымнажаць прыгожае — на гэтым у сваёй рабоце засяроджваюць увагу педагогі Гомеля. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Чарговая рабочая паездка прадстаўнікоў Выдавецкага дома была заканамерна запланавана ў Гомель: у конкурсе на лепшую арганізацыю падпіскі на “Настаўніцкую газету” і іншыя друкаваныя сродкі масавай інфармацыі “Педагагічнай прэсы” сярод устаноў дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі за другое паўгоддзе Гомельшчына чарговы раз заняла 1-е месца.

Акрамя таго, была яшчэ адна нагода наведаць гэты абласны цэнтр. Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама Святлана Амінава пастаянна со­чыць за публікацыямі “Нас­таўніцкай газеты” і лічыць, што супрацоўніцтва з профільным выданнем варта пашыраць.

“Настаўніцкая газета” — цудоўная пляцоўка для абмену перадавым педагагічным вопытам, — выказала меркаванне Святлана Іванаўна. — Газету заўсёды прыемна трымаць у руках, чытаць, бачыць у ёй імёны сваіх калег”.

Начальнік упраўлення адукацыі Гомельскага гарвыканкама расказала пра вынікі і дасягненні, з якімі сістэма адукацыі горада сустрэла канец другой вучэбнай чвэрці.

“Першая частка 2024/2025 навучальнага года была насычана цікавымі падзеямі, інтэлектуальнымі і творчымі конкурсамі, новымі перамогамі і дасягненнямі навучэнцаў і педагогаў, — сказала Святлана Іванаўна. — У верасні навучэнец сярэдняй школы № 27 Міхаіл Брэль, вучань сярэдняй школы № 8 Кірыл Кардаш і выпускнік гімназіі № 51 Дзмітрый Гарбатоўскі заваявалі бронзавыя медалі на 36-й Між­народнай алімпіядзе па інфарматыцы, якая праходзіла ў Егіпце”.

Гэтыя ж хлопцы ў снежні сталі пераможцамі 25-й Усерасійскай каманднай алімпіяды школьнікаў па праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу. У складзе каманды Гомельскай вобласці яны заваявалі залатыя медалі.

Навучэнцы гімназій № 10, № 51, № 71 і сярэдняй школы № 44 атрымалі дыплом II ступені на 26-м Рэспубліканскім турніры юных матэматыкаў, які праходзіў у Мінску.

Пераможцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці ў 2024 годзе стала Юлія Кажамякіна з Гомельскай Ірынінскай гімназіі. Трэба адзначыць і ўзнагароды ў творчых конкурсах. Юныя музыканты з гімназіі № 58, сярэдніх школ № 26, № 67 і танцоры з гімназіі № 51 заваявалі 4 дыпломы на 10-м Міжнародным фестывалі-конкурсе “Творчасць без меж”. Шэсць дыпломаў на рэс­публіканскай выставе-конкурсе дзіцячай творчасці “АрхНавацыя-2024” — у вучняў гімназій № 14, № 58, сярэдняй школы № 61, а таксама выхаванцаў цэнтраў творчасці Навабеліцкага і Савецкага раёнаў Гомеля.

Святлана Амінава падкрэс­ліла, што такія вынікі магчымы дзякуючы штодзённай карпатлі­вай працы педагогаў. Яны таксама перамагаюць у конкурсах, бесперапынна павышаюць свой прафесійны ўзровень, рэалізуючы перспектыўныя адукацыйныя і творчыя праекты.

“На рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” педагогі дзіцячага сада № 32 Гомеля заваявалі дыплом I ступені, настаўнікі сярэдняй школы № 49 — дыплом II ступені, а сярэдняй школы № 38 — III ступені, — з гордасцю дадала Святлана Іванаўна. — Напрыканцы года ў нашым горадзе стала на аднаго настаўніка-метадыста больш. Настаўніцы хіміі гімназіі № 14 Вользе Занько прысвоена названая кваліфікацыйная катэгорыя”.

Закрануўшы тэму зімовых ка­нікул, Святлана Амінава расказала, што ва ўстановах адукацыі горада будуць працаваць 67 лагераў дзённага знаходжання з ахопам 1691 навучэнца. Вучняў чакаюць інтэлектуальныя спабор­ніцтвы, творчыя конкурсы і спартыўныя мерапрыемствы.

Пройдзе другі этап гарадской круглагадовай алімпіяды “Крок у будучыню” для навучэнцаў 3—8 класаў, працягнецца падрыхтоўка вучняў да трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах”, — падсумавала Святлана Іванаўна.

Працоўны рэкорд

Майстэрня настаўніка працоўнага навучання сярэдняй школы № 41 Гомеля Ігара Сердзюка нагадвае выставачную залу: у ёй сабраны вырабы, з якімі вучні перамаглі на абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце.

За той час, што працуе ў школе, Ігар Віктаравіч падрыхтаваў шэраг пераможцаў алімпіяды абласнога і рэс­публіканскага ўзроўняў. Пацвярджэнне гэтага — мноства дыпломаў, якія займа­юць у кабінеце ўсю сцяну.

“Трэці і чацвёрты этапы алімпіяды патрабуюць, каб вучні самі дапаўнялі свае вырабы пэўнымі элементамі, — патлумачыў Ігар Сярдзюк. — Усё, што можна ўбачыць у нашай майстэрні, хлопчыкі зрабілі самастойна, я іх толькі накіроўваў”.

Педагог адзначыў, што адзін з асноўных паказчыкаў развіцця школы — гэта ўдзел навучэнцаў у алімпіядным руху. Менавіта таму ён удзяляе гэтай рабоце такую вялікую ўвагу.

“У 2016 годзе мы ўстанавілі рэкорд і атрымалі на гарадскім этапе шэсць дыпломаў: чатыры — І і два — ІІ ступені, — сказаў Ігар Віктаравіч. — Усяго ж мае дзеці заваявалі 130 дыпломаў рознай вартасці”.

Выявіць тых вучняў, якія могуць паказаць добрыя вынікі падчас спаборніц­тваў, педагогу дапамагаюць уласныя методыкі. Пяцікласнікам Ігар Віктаравіч прапаноўвае практычныя работы: намаляваць галаваломкі, схемы. Тым, хто спраўляецца з гэтым, настаўнік дае больш складаныя заданні.

“Каб паказаць вынік у працоўным навучанні, трэба валодаць шматлікімі навыкамі, — падкрэсліў Ігар Сярдзюк. — Важна ўмець добра чарціць, разбірацца ў фізіцы. Я пра гэта заўсёды нагадваю сваім навучэнцам, і прыемна, што яны мяне чуюць. Шчыра радуюся, калі хлопцы гавораць, што ім падабаюцца мае ўрокі”.

Сюрпрыз да свята

У сярэдняй школе № 75 Гомеля пануе асаблівая навагодняя атмасфера.

Яшчэ з вуліцы школа ўражвае прыгажосцю. Над уваходам ва ўстанову адукацыі вісяць навагоднія агеньчыкі, яны ж упрыгожылі будынак па ўсім перыметры даху. Кожнае акно аздоблена малюнкамі, наклейкамі і арнаментам.

“Навагоднюю атмасферу пастараліся стварыць і ўнутры ўстановы, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 75 Гомеля Марына Чарненка. — Хочацца, каб радасны настрой быў і ў навучэнцаў, і ў педагогаў”.

На першым паверсе размешчаны вялікі банер, на фоне якога арганічна размясціліся дэкаратыўныя ўпрыгажэнні — кубы, падарункі, фігуры жывёл, дрэвы. Другі і трэці паверхі школы таксама маюць тэматычныя фотазоны — іх вельмі палюбілі вучні.

Да зімовых свят калектыў установы адукацыі рыхтуецца загадзя. Школа адметная не толькі сваімі мастацкімі фотазонамі. Ужо чатыры гады запар напярэдадні Новага года тут арганізоўваюць дабрачынныя мюзіклы для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэтым разам выступленне право­дзілася сумесна з Фондам міру — адпаведны статус сярэдняя школа № 75 Гомеля атрымала год назад.

“Рыхтавалі паказ для дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзіцячых дамах сямейнага тыпу, — рас­тлумачыла Марына Уладзі­міраўна. — Спадзяёмся, што наш сюрпрыз ім спа­дабаўся”.

Калядны калейдаскоп

Ужо амаль 20 гадоў дзіцячы сад № 170 Гомеля з’яўляецца інавацыйнай пляцоўкай Міністэрства адукацыі па духоўна­-маральным выхаванні дашкольнікаў, заснаваным на традыцыях беларускага народа.

За гэты час педагогі да­школьнай установы рэалізавалі шэсць інавацыйных і адзін эксперыментальны праект.

“Мы цесна ўзаемадзейнічаем з Гомельскай епархіяй, — адзначыла загадчыца дзіцячага сада № 170 Наталля Ула­дзіміраўна Берлава. — Падчас рэалізацыі праектаў яна нас падтрымлівала і дапамагала. Таксама супрацоўнічаем са Свята-Мікольскім манастыром. А пачалося ўсё дзякуючы Наталлі Васільеўне Цімашэнка, якая была загадчыцай сада і сёння працягвае працаваць у нашым калектыве”.

Калі ва ўстанове право­дзяцца мерапрыемствы, якія прысвечаны духоўна-маральнаму выхаванню, да іх абавязкова далучаюцца бацькі малышоў. Наталля Берлава дадала, што сёння больш як 100 дзяцей ахоплены гэтай дзейнасцю. А яшчэ гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі наведваюць гурток “Дарогаю дабра”, якім кіруе Наталля Цімашэнка. Выхаванцы сада на працягу 15 гадоў з’яўляюцца актыўнымі ўдзельнікамі каляднага форуму, які арганізоўваецца ў Чыгуначным раёне Гомеля. Гэтае мерапрыемства праводзіцца якраз дзякуючы педагогам дзіцячага сада № 170, яны стаялі ля яго вытокаў.

“Калядная зорка”, “Калядны анёл”, “Калядная кампазіцыя” — намінацыі форуму, у якіх можна прадэманстраваць свой талент. Гэтай зімой у пераліку творчых катэгорый з’явілася яшчэ адна — “Калядная батлейка”.

“Вырашылі, што паспрабуем свае сілы і ў гэтым кірунку, — паведаміла Наталля Уладзіміраўна. — Таксама традыцыйна прымем удзел у акцыях, якія ладзяцца ў межах форуму. Адна з іх — “Павіншуй блізкага свайго”. Бацькі і дзеткі напісалі больш як 150 лістоў, якія перадалі ў Праабражэнскі храм. Не застаёмся ў баку і ад дабрачыннага марафону “Нашы дзеці”, вырабляем анёлаў для кірмашоў, якія арганізоўваюцца ў храмах. Акцыі доўжацца да сярэдзіны студзеня. Завяршальным мерапрыемствам стане семінар-практыкум”.

Акрамя тэматычных экспазіцый, прымеркаваных да Каляд і Новага года, у дзіцячым садзе пастаянна працуе выстава карцін. Гэтыя работы пасля перамогі ў конкурсе “Велікодная пісанка” калектыву прэзентавала Гомельская епархія. Карціны прапагандуюць сямейныя каштоўнасці, і на большасці палотнаў адлюстраваны мнагадзетныя сем’і.

“У галерэі праводзім сустрэчы з бацькамі, арганізоў­ваем з выхаванцамі тэматычныя размовы, — заўважыла загадчыца ўстановы. — Дзецям падабаецца, калі яны праходзяць міма, разглядаць карціны і разважаць пра сябе, сваю сям’ю. Слухаем меркаванні хлопчыкаў і дзяўчынак і разумеем, што ў справе духоўна-маральнага выхавання мы выбралі правільны маршрут”.

Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА