Прыярытэт — рэалізацыя прарыўных інавацыйных праектаў

- 10:54Інфармацыйная гадзіна

Доля інавацыйных праектаў V і VI тэхналагічных укладаў павінна быць не менш як 75 працэнтаў ад агульнага аб’ёму праектаў, якія рэалізуюцца па Дзяржаўнай праграме інавацыйнага развіцця на 2016—2020 гады. Аб гэтым заявіў прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўвалася рэалізацыя дзяржпраграмы.

У рамках дзяржпраграмы 17 заказчыкамі рэалізуецца 86 праектаў. Найбольшую колькасць інавацыйных праектаў у 2017 годзе рэалізоўвалі Мінпрам (13), НАН (10), канцэрн “Беллегпрам”, а таксама шэраг аблвыканкамаў і Мінскі гарвыканкам.

Пры гэтым Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што пры дастатковай колькасці рэалізаваных праектаў у рамках дзяржпраграмы толькі 34 (39,5 працэнта) з іх адпавядаюць узроўню V—VI тэхналагічных укладаў. “На маю думку, такіх праектаў павінна быць не менш як 75 працэнтаў. Прасочваецца слабая работа рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання па пошуку і рэалізацыі прарыўных інавацыйных праектаў, якія адпавядаюць вышэйшым тэхналагічным укладам”, — лічыць кіраўнік урада.

Андрэй Кабякоў таксама адзначыў недастатковую работу асобных заказчыкаў, якая не дазволіла забяспечыць ва ўстаноўленыя тэрміны ўвод у эксплуатацыю аб’ектаў па 6 праектах дзяржпраграмы. “Невыкананне тэрмінаў рэалізацыі праектаў пастаянна вядзе да карэкціроўкі праграмы ў частцы пераносу тэрмінаў і аб’ёмаў фінансавання, што не можа не ўплываць на эфектыўнасць выканання названай праграмы ў цэлым”, — сказаў прэм’ер-міністр.

На пасяджэнні Прэзідыума Саўміна абмяркоўвалася і правядзенне экспертыз інавацыйных праектаў. У 2017 годзе ў ДКНТ для правядзення экспертызы паступілі 70 інавацыйных праектаў. З іх 40 праектаў атрымалі станоўчыя заключэнні, 21 — адмоўныя, 9 праектаў цяпер знаходзяцца на экспертызе.

Што тычыцца выкарыстання ў 2017 годзе сродкаў, то пры стапрацэнтным асваенні сродкаў рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду няпоўнасцю выкарыстанымі засталіся сродкі мясцовых інавацыйных фондаў (асваенне склала 68,5 працэнта).

Паводле слоў прэм’ер-міністра, у 2018 годзе пры поўным асваенні сродкаў інавацыйных фондаў і пры наяўнасці новых прарыўных праектаў, якія адпавядаюць узроўню V—VI укладаў, магчыма выйсці з ініцыятывай да прэзідэнта аб павелічэнні працэнта адлічэнняў у інавацыйныя фонды. “Калі цяпер адлічэнні ў інавацыйныя фонды складаюць

10 працэнтаў ад падатку на прыбытак, то магчыма павелічэнне гэтага нарматыву да 15—20 працэнтаў — колькі трэба. Такія падыходы будуць садзейнічаць прыцягненню дадатковых сродкаў на развіццё навукі”, — дадаў Андрэй Кабякоў.