Пачаўся прыём дакументаў ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Сёлета тэрмін прыёму даволі сціслы і доўжыцца ўсяго пяць дзён — з 8 па 12 ліпеня. Дзякуючы гэтаму ўступная кампанія праходзіць вельмі дынамічна: абітурыенты вырашылі не марудзіць, і ўжо ў першыя гадзіны прыёму дакументаў прыёмныя камісіі сталі працаваць на поўную моц.
У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі 8 ліпеня быў сапраўдны аншлаг. І ў гэты адказны момант універсітэт наведаў першы намеснік міністра адукацыі колішні выпускнік БДУІР Вадзім Богуш.
Трэба сказаць, што БДУІР падрыхтаваў для сваіх абітурыентаў некалькі новаўвядзенняў, якія яшчэ больш спрашчаюць працэс паступлення. Як і ў папярэднія гады, тут будзе дзейнічаць аўтаматызаваная сістэма падачы заяў і залічэння, якая дазволіць абітурыентам удзельнічаць у конкурсе на некалькі спецыяльнасцей адначасова. Але калі раней колькасць спецыяльнасцей была абмежавана (у мінулым годзе — максімум 7), то сёлета абітурыенты могуць указаць у парадку прыярытэту ўсе 34 спецыяльнасці тэхніка-тэхналагічнага профілю і 2 спецыяльнасці эканамічнага профілю.
Акрамя таго, у гэтым годзе абітурыенты БДУІР атрымалі магчымасць ствараць персанальныя электронныя кабінеты. Ужо з канца чэрвеня яны маглі афармляць свае заявы на паступленне ў інтэрактыўным рэжыме і рэгістраваць іх у прыёмнай камісіі. Безумоўна, гэта не вызваляе абітурыентаў ад неабходнасці прыехаць ва ўніверсітэт для фарміравання асабістай справы. Але заявы ўжо напісаны (а гэта вельмі эканоміць час), уся інфармацыя пра паступленне становіцца даступнай абітурыентам у рэжыме анлайн, і вельмі важна, што праз персанальны электронны кабінет можна аператыўна звязацца з прыёмнай камісіяй і задаць хвалюючыя пытанні.
“Усе новаўвядзенні робяцца для зручнасці нашых абітурыентаў, якія ўжо на этапе падачы заяў адчуваюць сваё дачыненне да высокіх тэхналогій, — гаворыць рэктар БДУІР Міхаіл Батура. — Ідэя стварэння электроннага кабінета простая па сваёй сутнасці — усё ж такі ў нас працуюць выдатныя спецыялісты ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Аднак пры яе рэалізацыі патрэбна было вырашыць шмат арганізацыйных пытанняў. У выніку магчымасцю стварыць электронны кабінет скарысталіся 1840 абітурыентаў”.
У той жа час права ўказаць у заяве любую колькасць спецыяльнасцей у парадку прыярытэту (хоць 34) не вельмі зацікавіла абітурыентаў. Пераважная большасць з іх дэманструе адданасць канкрэтным спецыяльнасцям і факультэтам.
“Мяне здзівіла, што пры такім вялікім выбары магчымасцю ўказаць шэраг спецыяльнасцей карыстаюцца нямногія абітурыенты. Напрыклад, з тых 1840 чалавек, якія стварылі электронныя кабінеты і ўжо даслалі свае заявы, толькі каля сотні ўказалі ўсе 34 спецыяльнасці ў парадку прыярытэту. Каля 200 абітурыентаў указалі толькі адну спецыяльнасць, больш як сотня — дзве, і каля 600 чалавек — сем спецыяльнасцей. Такім чынам, прафарыентацыйная работа прыносіць плён, і абітурыенты выбіраюць пераважна тыя спецыяльнасці, дзе сапраўды жадаюць вучыцца. Верагодна, калі яны так упэўнены ў сваім выбары, у іх даволі высокія балы”.
Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш высока ацаніў арганізацыю ўступнай кампаніі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.
“БДУІР заўсёды быў лідарам з пункту гледжання новых тэхналогій і інавацый у арганізацыі ўступнай кампаніі, — адзначыў Вадзім Анатольевіч. — І ў 1992 годзе, калі я паступаў, тут былі выдатныя ўмовы для абітурыентаў. І зараз адчуваецца, як новыя тэхналогіі дапамагаюць у арганізацыі прыёму дакументаў і залічэння, каб людзям было зручна. Перад абітурыентамі адкрыта шырокае інфармацыйнае поле (і не толькі ў БДУІР, але і ў іншых універсітэтах, якія маюць інфармацыйныя сайты). Але БДУІР дае сваім абітурыентам і магчымасць для стварэння электронных кабінетаў, што яшчэ больш спрашчае працэс падачы дакументаў”.
Вадзім Богуш зазначыў, што будучыня — за інфармацыйнымі тэхналогіямі. “Вельмі добра, што ёсць такая пляцоўка, як БДУІР, дзе можна цалкам адпрацаваць працэс электроннага залічэння абітурыентаў. Пасля таго як усе тэхналагічныя, тэхнічныя і арганізацыйныя аспекты будуць высветлены, можна будзе распаўсюдзіць вопыт БДУІР на ўсю вышэйшую школу”, — заўважыў першы намеснік міністра адукацыі.
Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.