Прыёмная кампанія выйшла на старт

- 10:50Вышэйшая школа

20 ліпеня ў краіне стартавала прыёмная кампанія. У першы дзень падачы дакументаў з 9 гадзін раніцы да самага вечара было ажыўлена і ў Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце.

Дана Даніловіч з мамай.

Rвест пад назвай “Падача дакументаў” для абітурыентаў і іх бацькоў пачынаецца пасля выхаду з метро. Людзей з разгубленымі позіркамі ў натоўпе хутка знаходзяць студэнты-валанцёры і скіроўваюць іх у напрамку галоўнага корпуса БНТУ. Маладыя людзі ў фірменных майках дапамагаюць хлопцам і дзяўчатам сарыентавацца на тэрыторыі ўніверсітэта, а таксама — у запаўненні заяў. Спачатку абітурыенты запаўняюц­ь дакументы ў агульнай аўдыторыі, пасля разыходзяцца ў кабінеты, замацаваныя за прыёмнай камісіяй пэўнага факультэта.

Да ліку валанцёраў сёлета далучылася студэн­тка машынабудаўнічага факультэта БНТУ Ганна Мотах. Дзяўчына суправаджае абітурыентаў падчас запаўнення дакументаў і адказвае на іх пытанні. Ганна заўважае, што абітурыенты спакойныя і дысцыплінаваныя, і спадзяецца, што так будзе на працягу ўсёй кампаніі.

Яраслаў Пузынін.

Яраслаў Пузынін прыехаў з Магілёва. Ён плануе “штурмаваць” механіка-тэхналагічны факультэт. Першымі ў заяве юнака стаяць тры спецыяльнасці — “Абсталяванне і тэхналогія зварачнай вытворчасці”, “Машыны і тэхналогія ліцейнай вытворчасці” і “Матэрыялазнаўства ў машынабудаванні”.

Уладзіслаў Сядлецкі з Наваполацка пазнаёміўся з універсітэтам на дні адкрытых дзвярэй. Яго прывабіў энергетычны факультэт, куды абітурыент і аднёс дакументы. У Мінск Улад прыехаў разам з мамай. Таццяна Іванаўна не баіцца адпускаць сына ў дарослае жыццё і ў выбары прафесіі падтрымлівае цалкам: “Галоўнае, каб сыну падабалася”.

Уладзіслаў Сядлецкі з мамай.

Дана Даніловіч таксама прыехала падаваць дакументы ў суправаджэнні мамы — Вольгі Ула­дзіміраўны. Выпускніца з Віцебска даўно сочыц­ь за БНТУ ў сацыяльных сетках, іншых варыянтаў паступлення яна не разглядала. Ды і Мінск дзяўчына лічыць “сваім” горадам як па духу, так і па тэмпе жыцця. У школьныя гады Дана не сядзела на месцы — займалася танцамі, валанцёрствам, у­дзельнічала ў маладзёжных праектах. На факультэце тэхналогій кіравання і гуманітарызацыі, куды яна падала дакументы, дзяўчына таксама збіраецца актыўнічаць.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.