Псіхалагічная дапамога побач

- 10:50Актуально, Апошнія запісы

Днямі адбылося афіцыйнае адкрыццё Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі, створанага ў Інстытуце псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па адрасе:  Мінск, вул. Чурлёніса, 3 (інтэрнат № 8 БДПУ). Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця прыняў удзел міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Ігар Васільевіч Карпенка.

Навучэнцы, студэнты, бацькі, педагогі, якія апынуліся ў крызіснай сітуацыі, змогуць атрымліваць кваліфікаваную дапамогу ў цэнтры. Звярнуцца можна як непасрэдна да спецыялістаў, так і па тэлефоне або анлайн (гэты сэрвіс пачне працаваць крыху пазней). Акрамя таго, для настаўнікаў, сацыяльных педагогаў, педагогаў-псіхолагаў цэнтр будзе праводзіць семінары, тут зоймуцца распрацоўкай метадычных дапаможнікаў, практыкумаў, рэкамендацый па стварэнні і падтрымліванні бяспечнага адукацыйнага асяроддзя.

Такім чынам, Рэспубліканскі цэнтр становіцца каардынацыйным пунктам псіхалагічнай дапамогі ўсёй краіны, тым больш што тут маюць намер цесна супрацоўні­чаць з рэгіянальнымі сацыяльна-педагагічнымі цэнтрамі, якіх у краіне 118. А студэнты, што спецыялізуюцца ў галіне крызіснай псіхалогіі, змогуць у якасці валанцёраў падключацца да работы ў цэнтры, у тым ліку ў рэгіёнах.

— У наш час, на жаль, шмат розных выклікаў, якія ўплываюць на паводзіны школьнікаў, ствараюць праблемныя сітуацыі. Тэма дэвіянтных паводзін у педагогіцы няновая, але не кожны педагог, не кожны псіхолаг можа справіцца з такімі паводзінамі, неабходны спецыялісты, якія ў гэтым вельмі тонка разбіраюцца, — сказаў І.В.Карпенка. — Была, напрыклад, гучная справа, калі ў спецустанове закрытага тыпу збівалі падлеткаў. Мы паглядзелі на гэтую ўстанову, зразумелі, што дзеці там знаходзяцца ў замкнёнай прасторы. Куды гэтае дзіця можа звярнуцца, да каго пайсці? Ну, добра, да нейкага педагога. А калі педагогі самі парушаюць нормы этыкі і паво­дзяць сябе неналежным чынам? Узнікла ідэя стварыць групу экстараннага рэагавання, якая магла б выязджаць у такія ўстановы. Былі падабраны спецыялісты-псіхолагі, сацыяльныя педагогі, у тым ліку пры ўдзеле педагагічнага ўніверсітэта. 

Спецыялісты групы, як расказаў міністр, выязджалі на месцы, гутарылі з падлеткамі, была ўстаноўлена зваротная сувязь, што не дазваляе замыкацца.

— Мы ўзмацнілі ролю сацыяльна-педагагічных цэнтраў, — таксама нагадаў Ігар Ва­сільевіч. — А сёння фактычна замыкаем структуру псіхалагічнай дапамогі, адкрываючы гэты цэнтр.

Міністр расказаў, што ў Мінску праводзіўся эксперымент, які паказаў: бацькі куды больш ахвотна ідуць са сваімі праблемамі ў СПЦ, што размешчаны ў асобных будынках, вядуць туды дзяцей. Так што развіццё псіхалагічнай дапамогі на базе сацыяльна-педагагічных цэнтраў — справа перспектыўная, тым больш у кантакце з Рэспубліканскім цэнтрам.

Для таго каб выпрацаваць кірункі супрацоўніцтва па аказанні псіхалагічнай дапамогі, на базе Рэспубліканскага цэнтра ствараецца міжведамасны Каардынацыйны савет, у які ўвойдуць прадстаўнікі міністэрстваў адукацыі, аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, унутраных спраў, па надзвычайных сітуацыях, іншых органаў, устаноў адукацыі, навуковых арганізацый.

— Пра тое, што Інстытут псіхалогіі галоўнага педагагічнага ўніверсітэта краіны мае магчымасць рэалізаваць ідэю цэнтра, мы добра ведаем, таму і даручылі зрабіць гэта, — заўважыў міністр адукацыі. — У планах — накіраванне і спецыялістаў цэнтра, і нашых педагогаў, псіхолагаў на стажыроўкі, запрашэнне спецыялістаў сюды, у тым ліку замежных, для таго каб падымаць якас ць псіхалагічнай дапамогі. І канечне, цэнтр будзе актыўна ўзаемадзейнічаць з камісіямі па справах непаўналетніх, інспекцыямі, медыкамі, іншымі спецыялістамі. Я хачу падзякаваць кіраўніцтву ўніверсітэта за тое, што яно ў вызначаны тэрмін і якасна выканала даручэнне Міністэрства адукацыі, і спа­дзяюся, што перспектыўныя напрамкі, якія будуць яшчэ развівацца, дазволяць па-новаму наладзіць работу ўстаноў адукацыі са школьнікамі, студэнтамі, дапамогуць дзецям і моладзі сацыялізавацца ў грамадстве.

Міністр адукацыі асабліва падкрэсліў, што цэнтр — не нешта зусім новае. Яго адкрыццё заснавана на існуючых кадрах, структурах, напрацоўках, якія зараз выбудаваны і ўпарадкаваны так, каб сістэма была больш якаснай. Сёння не ідзе гаворка пра нейкія дадатковыя рэсурсы, каб усё арганізаваць.

— Мы маем ужо не факультэт, а Інстытут псіхалогіі, і гэта не проста замена шыльды, — дадаў рэктар БДПУ Аляксандр Іванавіч Жук. — Мы ўмацавалі навуковы складнік работы інстытута, створана навуковая школа крызіснай псіхалогіі, працуюць кваліфікаваныя спецыялісты, мы вывучаем замежны вопыт, рэалізоўваем шэраг праектаў, у тым ліку па стварэнні бяспечнага асяроддзя ў школах, вывучыўшы харвацкую мадэль.

Ва ўрачыстым адкрыцці Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі прыняў удзел і заснавальнік навуковай школы крызіснай псіхалогіі ў Беларусі, доктар псіхалагічных навук, прафесар Леанід Абрамавіч Пяргаменшчык. Ён перакананы, што 25-гадовы вопыт падрыхтоўкі псіхолагаў ва ўніверсітэце, вопыт работы ў крызісных сітуацыях (у Краснаполлі, дзе загінулі школьнікі, пасля трагедыі на Нямізе, з сем’ямі лётчыкаў, якія загінулі ў Самалі), іншыя складнікі дазволяць арганізаваць належную работу, бо любому вопыту неабходна арганізаванасць. Таму адна з задач цэнтра — стварыць сетку брыгад хуткага рэагавання, хуткую псіхалагічную дапамогу ў краіне.

 Ужо напрыканцы бягучага года плануецца стварыць хаця б па адной такой камандзе ў кожнай вобласці Беларусі, для спецыялістаў якіх бу­дзе арганізавана навучанне. Таксама будзе арганізавана сістэма супервізіі (супервізія — частка псіхааналітычнай адукацыі) у Беларусі. У раённых цэнтрах неабходна стварыць групы для псіхолагаў, дзе яны змогуць абмяркоўваць складаныя сітуацыі. Леанід Абрамавіч спадзяецца, што паступова ўдасца змяніць сітуацыю і працаваць будуць больш на папярэджанне сітуацыі, а не па яе выніках, як, на жаль, было ў Стоўбцах.

На месцах шмат чаго чакаюць ад цэнтра — гэта пацвердзіла дырэктар Магілёўскага абласнога СПЦ Святлана Іванаўна Нікіціна. Сучаснаму чалавеку ўсё часцей патрэбны высокакваліфікаваныя спецыялісты, пераканана дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра, і кожны псіхолаг асэнсоўвае неабходнасць удасканалення сваіх ведаў, таму СПЦ, яго метадычная падтрымка, стане выдатным рэсурсам у гэтай справе. Асноўным жа крытэрыем эфектыўнасці сумеснай работы будзе разуменне кожным удзельнікам адукацыйнага працэсу — дзіцём, падлеткам, бацькамі, педагогамі, што высокапрафесійная псіхалагічная дапамога побач.

Госці мелі магчымасць азнаёміцца з некаторымі памяшканнямі і абсталяваннем цэнтра, даведацца, як работу ўстановы ацэнь­ваюць дырэктар Інстытута псіхалогіі БДПУ Дзмітрый Рыгоравіч Дзьякаў і дырэктар Рэспубліканскага цэнтра псіхалагічнай дапамогі Вольга Віктараўна Мацюхова. Вольга Віктараўна, напрыклад, расказала, што ўжо запланаваны семінар па праблеме насілля ў школе. Цэнтр дзейнічае.

Марына ХІДДЖАЗ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.