Птушкі ведаюць гнёзды свае…

- 14:46Выхаванне

“Ахова птушак Бацькаўшчыны” — гэта не проста ўдалае і прыгожае словазлучэнне. Галоўная місія гэтага грамадскага аб’яднання — захаваць птушыны свет і біяразнастайнасць дзікай прыроды, аб’ядноўваючы намаганні людзей усіх узростаў — ад школьнікаў да пенсіянераў. У грамадскай арганізацыі сёння тысячы сяброў, прыхільнікаў і валанцёраў, а ўсе разам яны напружана працуюць, каб зберагчы прыродныя багацці нашай краіны, магчыма, яшчэ рана казаць — тое, што захавалася.

Ужо на пачатку сваёй дзейнасці “Ахова птушак Бацькаўшчыны” побач з ажыццяўленнем многіх іншых праграм па зберажэнні жывой прыроды пільную ўвагу звярнула на вышукванне найважнейшых арніталагічных тэрыторый для ўключэння іх у дзяржаўную нацыянальную сетку. Гэта заказнікі “Званец”, “Спораўскае” і балота Дзікае, што знаходзіцца на сумежжы з Белавежскай пушчай. Падобная практыка цалкам сябе апраўдала, і цяпер асабліва каштоўным арніталагічным тэрыторыям нададзены рэгіянальны, нацыянальны або міжнародны запаведны статус. Напрыклад, Тураўскае балонне размешчана ў пойме Прыпяці. А ўвогуле гэта ўнікальны для Еўропы ландшафт, дзе ў час міграцый на адпачынак за дзень спыняецца каля 20 тысяч розных пералётных птушак — кулікі, качкі, чайкі, крачкі, турухтаны, вялікія вераценнікі. Уся бяда ў тым, што Тураўскі луг хутка зарастае вербняком і месца для гнездавання птушак застаецца мала. Невыпадкова менавіта гэтую тэрыторыю яшчэ ў 2007 годзе АПБ узяла ў арэнду, і па хадайніцтве грамадскай арганізацыі тут быў створаны заказнік мясцовага значэння. Штогод на Тураўскім балонні валанцёрскія атрады ачышчаюць пойму ад хмызняку, істотна паляпшаючы птушкам месцы гнездавання.

Зрэшты, “Тэрыторыі, важныя для птушак” — гэта міжнародная праграма глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі Birdlife International, а сваёй мэтай яна лічыць захаванне ва ўсім свеце прыдатных мясцін для гнездавання птушак. Значныя захады па выкананні праграмы ў Беларусі робяцца з 1996 года, што ў канчатковым выніку прадугледжвае вызначэнне адпаведных тэрыторый і забеспячэнне іх ахоўнай дзейнасці шляхам уключэння ў склад асабліва ахоўных прыродных аб’ектаў. Такі статус маюць 76% выяўленых плошчаў, дзе гняздуюцца рэдкія віды птушак. Клопатамі штатных супрацоўнікаў АПБ падрыхтаваны і выдадзены каталог, дзе падведзены вынікі працы арнітолагаў за 20 гадоў, а расказаць ім сапраўды ёсць пра што. Скажам, 49 тэрыторый, важных для птушак, з зафіксаванай 51 увайшлі ў спіс так званай “Смарагдавай сеткі”, якая ствараецца ў рамках Бёрнскай канвенцыі, а гэты статус акурат дае магчымасць ахоўваць птушыныя рэзерваты на міжнародным узроўні.

Аднак нашы людзі здольны і самі берагчы дзікую прыроду літаральна за некалькі соцень метраў ад сваёй сялібы. Мясцовыя жыхары, асабліва маладыя, у каго душа баліць за родны кут, рэгулярна бываюць на зялёным улонні, пільна сочаць за любымі зменамі навокал і пра ўсе негатыўныя з’явы паведамляюць спецыялістам АПБ для прыняцця мер. Дзякуючы бескарыслівым добраахвотнікам, захавана некалькі дзясяткаў гнёздаў рэдкіх птушак, праведзены маніторынгавыя даследаванні, устаноўлены дзясяткі штучных гнёздаў. А колькі было арганізавана валанцёрскіх летнікаў па ўзнаўленні знявечанай прыроды (хаця б на парушаным балоце Ельня), цяжка і палічыць. Рух добраахвотнікаў пачынаўся ці не стыхійна, а сёння гэта сур’ёзная навукова абгрунтаваная праграма “Захавальнікі тэрыторый, важных для птушак”. Год назад у яе шэрагах налічвалася больш як 200 чалавек, а да патрыятычнага руху далучаюцца ўсё новыя абаронцы прыроды. Самыя значныя і актыўныя групы ўзялі пад свой нагляд балота Ельня, Налібоцкую пушчу, Спораўскае балота, балоты Званец, Казьяны, Гронава, пойму ракі Сож, Выганаўскія балоты і многія іншыя птушыныя тэрыторыі.

Добраахвотная дапамога ў зберажэнні жывой прыроды не адзінкавы прыклад. Сваёй найважнейшай задачай арнітолагі-прафесіяналы лічаць экалагічную асвету і выхаванне насельніцтва, асабліва школьнікаў. Трэба даць дзецям шанс з малых гадоў зразумець і палюбіць бацькоўскі край — тады, падросшы, яны і самі заступяць на варту роднай зямлі, будуць імкнуцца жыць з ёй у гармоніі і згодзе, не прычыняючы шкоды.

— Сучасныя дзеці адарваны ад прыроды, — гаворыць дырэктар “Аховы птушак Бацькаўшчыны” Аляксандр Вінчэўскі. — Віртуальны свет замяніў ім дзікую прыроду. Гэтыя тэндэнцыі насцярожваюць не толькі беларускіх прыродаахоўнікаў. Аналагічныя праблемы ў Галандыі і Амерыцы, у іншых краінах. У нас жа да іх дадаюцца і свае, спецыфічныя. Турызм робіцца ўсё больш спартыўным, гульні ў скаўтаў — лясных разведчыкаў — замянілі на вайскова-патрыятычныя. Настаўнікі і бацькі дрэнна ведаюць дзікія расліны, жывёл, а па тэлебачанні хутчэй убачыш фільмы пра Афрыку і Амерыку, чым пра еўрапейскую прыроду. Сярод прыродаахоўных праграм АПБ недругараднае значэнне маюць экалагічная асвета, праца з дзецьмі.

Экалагічнае выхаванне маладога пакалення ўключае мноства напрамкаў і вектараў, але ўсё ж ці не галоўным каналам, праз які абаронцы дзікай прыроды наладзілі стасункі са школьнікамі, з’яўляюцца клубы АПБ “Крылаты дазор”. Гэта дзейсны грамадскі рух у асноўным арганізоўваюць настаўнікі біялогіі, яны якраз і ствараюць у школах групы дзяцей, якіх цікавіць птушыны свет. Мэта тут адна — вярнуць хлопчыкаў і дзяўчынак на ўлонне жывой прыроды, даць ім магчымасць як мага больш даведацца пра яе таямніцы. Клубы “Крылаты дазор” ствараюцца па ўсёй краіне. Нядаўна іх было больш за 200, а за апошні час, дзякуючы фінансаванню Еўрапейскага саюза, дзясяткі такіх клубаў з’явіліся ў школах Гомельскай і Магілёўскай абласцей, дзе грамадская суполка па абароне птушак мела найбольш белых плям. Юныя аматары прыроды, аб’яднаўшыся ў мэтавую групу, адразу пачынаюць прыродаахоўную практыку ў сваіх родных мясцінах. Напрыклад, “Крылаты дазор” з вёскі Забычанне Касцюковіцкага раёна. Пад кіраўніцтвам настаўніка біялогіі Мікалая Старадуба сябры клуба вядуць назіранні за птушкамі, вывучаюць віды, якія селяцца ў ваколіцах вёскі, рыхтуюць даклады. Каманда вясковых энтузіястаў лічыць для сябе абавязковай і карыснай справай выраб птушыных домікаў. І вынік іх сталярнага ўмення даволі значны: 24 сінічнікі, 14 дуплянак для дробных птушак, больш за 10 шпакоўняў, некалькі гнездавых скрынь для шэрай кугаўкі і вушастай савы. Хлопцы акуратна развесілі на дрэвах домікі, змайстраваныя сваімі рукамі, дачакаліся прылёту іх гаспадароў і з замілаваннем назіралі, як птушкі загнездаваліся на новых месцах.

Думаецца, шмат чаго добрага і карыснага пра ахову птушак у сваіх рэгіёнах маглі б расказаць актывісты АПБ Раман Хлебін з Гомеля, Алена Паклонская з Турава, Лідзія Барысава з Мазыра. Дзякуючы праекту ЕС “Аб’ядноўваемся вакол прыроды”, які паспяхова ажыццяўляе грамадская арганізацыя, у мінулым годзе каля 700 удзельнікаў з розных куткоў Беларусі далучыліся да прыродаахоўных акцый школьных клубаў “Крылаты дазор”. Настаўнікі-біёлагі справядліва ганарацца сваёй місіяй — выхоўваць у дзяцей найлепшыя пачуцці, эстэтычны густ, любоў і павагу да Бацькаўшчыны. Многія актывісты гэтых клубаў з ранняга ўзросту выбіраюць сабе дарогу ў жыцці, паступаюць вучыцца на біяфак і ў далейшым звязваюць свой лёс з аховай і зберажэннем роднай прыроды.

Надзвычай папулярным стаў яшчэ адзін конкурс для дзяцей — “Птушка года”, бо кожнае такое мерапрыемства — гэта і творчае выяўленне, і экалагічная адукацыя. Найважнейшая нацыянальная кампанія па вызначэнні сімвала года сярод нашых крылатых сяброў сёлета праходзіць 17-ы раз. Сутнасць конкурсу ў тым, што шляхам супастаўлення шматлікіх даных выбіраецца адзін від птушак, і менавіта на ім у зімовы і летні сезон грамадская арганізацыя сканцэнтроўвае сваю асветніцкую і ахоўную дзейнасць. Кожная такая штогадовая акцыя заклікана далучыць людзей, у першую чаргу моладзь, да вырашэння надзённых праблем зберажэння жывой прыроды. У гонар канкрэтнай птушкі года, дзякуючы супрацоўніцтву з Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь і Белпоштай, з 2007 года выпускаецца памятная манета і з 2002 года — адпаведная паштовая марка. Своеасаблівы птушыны марафон праходзіць з дзейснай падтрымкай вучняў гарадскіх і сельскіх школ, настаўнікаў, вучоных, спецыялістаў лясной гаспадаркі, журналістаў. Самі эколагі падлічылі, што кожны год у падобных акцыях і кампаніях АПБ прымаюць удзел 25 тысяч чалавек, а творчая фантазія дзяцей увогуле захапляе: яны дасылаюць малюнкі, лепку, вышыўку, відэа з урокаў, нават вершы і свае замалёўкі пра птушку года.

Аматарамі, а тым больш абаронцамі жывой прыроды не нараджаюцца — трэба данесці дзецям першапачатковыя веды і вопыт, дапамагчы ім сфарміраваць неабходную экалагічную культуру. Юныя сябры прыроды шмат чаго могуць зрабіць у сваіх вёсках і сялібах, што лёгка прасачыць на прыкладзе ганаровай птушкі 2016 года — гогаля звычайнага. Яшчэ нядаўна сімпатычная дзікая качка была пад пагрозай знікнення, і, як высветлілася, прычына тут адна — старых дуплаватых дрэў на ўсіх гогаляў цяпер не хапае, а сямейная пара гэтых вадаплаўных птушак, калі не знойдзе патрэбную лясіну з дуплом, наогул прапускае сезон гнездавання. Заканамернасць: менш гнёздаў — менш птушанят. Але выйсце знайшлося: у школьных клубах “Крылаты дазор” дзеці пачалі вырабляць спецыяльныя гагалятнікі і развешваць іх на дрэвах паблізу вадаёмаў, чым істотна вырашылі “кватэрнае” пытанне няшчаснай птушкі. Колькасць качак заўважна павялічылася. Так, апошнія падлікі засведчылі, што ў нашай краіне цяпер гняздуецца больш як тысяча пар гогаляў, а на зімоўцы адзначаецца не менш за 500 асобін.

У юных сяброў прыроды не ўзнікае пытання, куды прыкласці творчыя сілы і энергію, бо, акрамя вядомых школьных клубаў “Крылаты дазор”, грамадская арганізацыя “Ахова птушак Бацькаўшчыны” заснавала свае аддзяленні ў многіх абласных і раённых цэнтрах. Яны акурат і запрашаюць моладзь да актыўнай працы ў праекце “Аб’ядноўваемся вакол прыроды”. Вось кароткі пералік асноўных мерапрыемстваў, якія пад сілу школьнікам: на зімовыя месяцы гэта акцыя “Птушкі каля кармушкі”, улік вадаплаўных; затым, пачынаючы з сакавіка і да верасня, — кампанія “Жывая вясна”, фестываль кулікоў у Тураве, акцыі “Салаўіныя вечары з АПБ” і “Ноч кажаноў”. На асеннія месяцы, як і заўсёды, плануюцца чэмпіянат па спартыўнай арніталогіі, Еўрапейскія дні назірання за птушкамі, заачацвяргі ў Мінску. Акрамя таго, грамадская прыродаахоўная арганізацыя прапаноўвае моладзі паўдзельнічаць у прэстыжным клубе АПБ “Рэдкая птушка”, у аб’яднанні “Клуб-200”, дзе збіраюцца аматары, якія вядуць сістэматычныя назіранні за птушкамі. Кожны сябар АПБ можа прыняць удзел у чэмпіянатах па фотабёрдынгу, інакш кажучы, фотаздымках, дзякуючы якім на вуліцах Мінска з’явілася сацыяльная рэклама, прысвечаная птушкам Беларусі.

Відавочна, большасць такіх акцый і кампаній звязаны з сезоннасцю ў прыродзе, і таму надзённых клопатаў эколагам хапае круглы год, але, нягледзячы на загружанасць, усе праекты ўвасабляюцца на трывалай практычнай аснове. Неаспрэчны факт: белыя буслы цяпер не гінуць на лініях электраперадачы ад кароткага замыкання і паражэння токам. Выдатную ініцыятыву тут праявілі супрацоўнікі Брэсцкага абласнога аддзялення АПБ. Сумесна з украінскімі і польскімі калегамі яны ўпершыню ў Беларусі пачалі ўсталёўваць на электраслупах бяспечныя гнездавыя платформы. Буслоў жа не пераканаеш, што нельга будаваць гнёзды побач з правадамі. Бяспечныя канструкцыі ўсталяваны ў Маларыцкім, Брэсцкім і Пінскім раёнах, і да гэтай патрэбнай справы актыўна далучаюцца энергаслужбы іншых абласцей, каб канчаткова вырашыць праблему белых буслоў і ЛЭП. Дзякуючы грамадскасці, паспяхова арганізавана ахова рэдкіх відаў птушак на сажалках рыбгасаў, у першую чаргу на тэрыторыі рыбгаса “Страдач”. Сябры прыроды прымалі асабліва актыўны ўдзел у адмысловай акцыі “Выратуй арляня”, каб захаваць апошніх у Беларусі вялікіх арляцоў — рэдкіх у Еўропе драпежных птушак. З дапамогай радыётрэкінгу ў Белавежскай пушчы выяўлены 14 калоній кажаноў і амаль 30 месцаў іх паселення, у тым ліку кажаноў з высокім міжнародным ахоўным статусам — шыракавушкі еўрапейскай. Захавальнікі птушыных тэрыторый грунтоўна даследавалі таксама ўрочышча “Гронава” на Магілёўшчыне, галоўнае гнездаванне сіваграка, якога, па меркаванні спецыялістаў, у Беларусі засталося не больш за 20 пар.

Падобныя непрыемныя факты пераканаўча сведчаць, што нашым крылатым сябрам цяжка выжыць у сучасным суровым свеце без клопату і дапамогі чалавека. Птушкі не ведаюць межаў: у вырай і з выраю ляцяць над чужымі краінамі і над чужымі сталіцамі, ды, як пісаў Францыск Скарына, птушкі, што лётаюць у паветры, ведаюць гнёзды свае і нязменна вяртаюцца ў адвечныя мясціны, дзе іх чакаюць і любяць. Кожнага з нас парадуе бадзёрая веснавая песенька, няхай гэта будзе галасісты слуцкі салавей або маленькая вяртлявая чарацянка з густых зараснікаў асакі на нечапаных Выганашчанскіх балотах.

Віктар ГАРДЗЕЙ,
пісьменнік, актывіст грамадскага аб’яднання
“Ахова птушак Бацькаўшчыны”.