Пуцін заклікае да гарманізацыі еўрапейскага і еўразійскага інтэграцыйных працэсаў

- 11:21Інфармацыйная гадзіна, Рознае

Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заклікаў стварыць зону эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва ад Атлантыкі да Ціхага акіяна. Сваю пазіцыю па гэтым пытанні расійскі лідар выказаў у артыкуле “Расія і Грэцыя: супрацоўніцтва на карысць міру і працвітання” для грэчаскай газеты “Катымерыні”. Артыкул апублікаваны напярэдадні візіту кіраўніка расійскай дзяржавы ў Афіны.

“Цяпер Расія і Еўрасаюз падышлі да развілкі, калі неабходна адказаць на пытанне: якім мы бачым будучае нашых адносін, у якім напрамку збіраемся ісці? Упэўнены, што з падзей ва Украіне трэба зрабіць належныя вывады і пачаць стварэнне на вялікай прасторы ад Атлантыкі да Ціхага акіяна зоны эканамічнага і гуманітарнага супрацоўніцтва, якое абапіраецца на архітэктуру роўнай і непадзельнай бяспекі”, — адзначае расійскі прэзідэнт.

На думку У.Пуціна, важным крокам на гэтым шляху павінна стаць гарманізацыя еўрапейскага і еўразійскага інтэграцыйных працэсаў. Такая работа тым больш запатрабавана, што сёння Еўропа сутыкаецца з усё большай канкурэнцыяй з боку іншых цэнтраў уплыву сучаснага свету. У якасці прыкладу кіраўнік расійскай дзяржавы прывёў праведзены нядаўна ў Сочы юбілейны саміт Расія — АСЕАН, дзе лідары канструктыўна абмеркавалі актуальныя міжнародныя пытанні, перспектывы інтэграцыйных праектаў і паглыблення супрацоўніцтва ў Азіяцка-Ціхаакіянскім рэгіёне.

“Відавочна, што забяспечыць “старому кантыненту” дастойнае месца ў новых міжнародных рэаліях можна толькі аб’яднаўшы патэнцыялы ўсіх еўрапейскіх краін, у тым ліку і Расіі”, — рэзюмуе У.Пуцін.