Пяць ідэй з топ-дзясяткі года належыць педагогам і школьнікам

- 15:50Актуально, Рознае
З дзвюх тысяч распрацовак Рэспубліканскага маладзёжнага праекта БРСМ “100 ідэй для Беларусі”, якія трапілі ў рукі экспертаў рэгіянальных саветаў і Мінска на працягу 2013 года, на гэтым тыдні была вызначана дзясятка лепшых. Менавіта яны прызнаны экспертамі, у склад якіх увайшлі вядомыя вучоныя, канструктары, выкладчыкі УВА, прадпрымальнікі, венчурныя інвестары і іншыя спецыялісты, самымі перспектыўнымі для рэалізацыі ў нашай краіне. З іх пяць праектаў — ідэі педагогаў і навучэнцаў!
Канкурэнцыя для вучоных за школьнай партай

Перспектыўнымі для практычнай рэалізацыі сталі навукова-тэхнічныя распрацоўкі па пяці намінацыях, і ў трох з іх аўтарамі выступілі педагогі і навучэнцы. Так, у намінацыі “Прамысловасць” Віктар Варапаеў, старшы выкладчык Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, атрымаў падтрымку сваёй распрацоўкі — тэхналогіі вытворчасці ўнікальных матэрыялаў для патрэб энергетычнага комплексу. У намінацыі “Хімічныя тэхналогіі і біятэхналогіі” быў выбраны для рэалізацыі праект Аляксандры Пілат “Сінтэз малібдату амонію”, навучэнкі 9 класа сярэдняй школы № 1 Клецка Мінскай вобласці, якая распрацавала тэхналогію вытворчасці ўгнаення для раслін з перагарэлых электрычных лямпачак. У намінацыі “ІТ-тэхналогіі” пераможцам стаў “Мабільны дапаможнік па хіміі Х10” навучэнца сярэдняй школы № 3 Старых Дарог Мінскай вобласці Паўла Бацылева. У мабільным дадатку ёсць калькулятар малярных мас, табліца Мендзялеева, канвертар велічынь, а таксама ёсць магчымасць рашаць задачы па хіміі і атрымліваць іх тлумачэнне. Пра гэтыя дзве распрацоўкі наша газета расказвала напрыканцы снежня 2013 года. А сёння прапануем з рэальных праектаў пераключыцца на віртуальныя: адразу тры такія праекты ў намінацыі “Сацыяльная сфера” атрымалі вышэйшую адзнаку экспертаў.

Віртуальнае падарожжа ва “ўчора” і “сёння”

Віртуальнае падарожжа па Беларусі прапануе здзейсніць Кірыл Аляксандравіч Дзёмусеў, які працуе настаўнікам інфарматыкі і фізікі Грабаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Гомельскага раёна. Сама па сабе ідэя не новая. Часта турысты, збіраючыся ў замежную краіну, могуць спачатку завочна пазнаёміцца з самымі цікавымі мясцінамі і славутасцямі, каб потым убачыць іх на свае вочы. Толькі вось такую экскурсію нельга пакуль здзейсніць ні па адной з беларускіх вёсак. Кірыл Аляксандравіч прапануе ўвазе карыстальнікаў інтэрнэту пачаць знаёмства з Беларуссю менавіта з маленькіх населеных пунктаў, але ад гэтага не менш цікавых, чым некаторыя гарады.
“Так, пра гарадскія славутасці нашы землякі ведаюць шмат, а, скажам, пра нашу Грабаўку чулі хіба толькі жыхары нашага раёна. А на самай справе ў яе вельмі багатая гісторыя, — гаворыць Кірыл Аляксандравіч. — Пра адну школу столькі можна расказаць! Пра былы панскі маёнтак, пра ліпавыя прысады, празваныя Алеяй Кахання, пра курган, з якім звязаны легенды, пра запаведнік, дзе растуць рэдкія першацветы. Гэты спіс можна працягваць. Ды і цікавых вёсак у нас і, думаю, у кожным рэгіёне шмат”.
Краявідамі навакольных вёсак Кірыл Аляксандравіч і яго выхаванцы любаваліся праз фотааб’ектывы падчас паходаў і экскурсій. І за амаль чатыры гады (менавіта столькі ён працуе ў школе) іх назбіралася вельмі многа. Спачатку аформілі каталог, а потым для зручнасці стварылі сайт: інфармацыя наносіцца на карту — так зручней пашыраць геаграфію, і, натуральна, карыстальнікаў будзе куды больш. Так, сёння больш за 20 школ раёна падтрымалі ідэю Кірыла Аляксандравіча: таксама ўзброіліся фотаапаратамі, ствараюць свае базы фатаграфій, збіраюць звесткі пра цікавыя гістарычныя факты і жыхароў і дасылаюць у Грабаўку да настаўніка і яго выхаванцаў, а тыя хутка змесцяць іх на сайце http:// grabovka.comoj.com/virtual-belarus.

Старонкамі гісторыі з мышкай у руцэ

Захапленне камп’ютарам і роднымі краявідамі падштурхнулі да стварэння адметнай віртуальнай прасторы і Уладзіслава Лаўцэвіча, васьмікласніка з Глыбоцкай раённай гімназіі Віцебскай вобласці. Адразу два яго праекты выдзеліў рэспубліканскі экспертны савет — сайты “Дзень беларускай пісьменнасці” і “Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны”.
“Мае равеснікі намнога часцей карыстаюцца камп’ютарам, чым кнігай, — гаворыць Уладзіслаў. — Таму натуральна ствараць той прадукт, які з большай верагоднасцю будзе актуальным. За дзевятнаццаць гадоў, што адзначаецца Дзень беларускай пісьменнасці, гэтае свята стала значнай падзеяй культурнага жыцця краіны. Кожны год яно праводзіцца ў адным з беларускіх гарадоў, і 1 верасня 2012 года мы прымалі яго ў нашым горадзе. Адкрыццё сайта я прымеркаваў да гэтай даты”.
Сайт www.belpismennost12.ucoz.ru працуе на беларускай мове з перакладам на 35 моў свету. На яго старонках можна знайсці матэрыялы пра гісторыю гарадоў — сталіц правядзення свята ў розных рэгіёнах, гісторыю развіцця пісьменнасці на Беларусі, гісторыка-культурную спадчыну краіны, знакамітых асветнікаў. Тут змешчаны матэрыялы пра ўсе гарады, якія станавіліся сталіцамі Дня беларускай пісьменнасці, прычым аўтарам большасці з іх з’яўляецца сам Уладзіслаў.
Першапачаткова хлопец разлічваў, што яго праект спадабаецца выключна тым, хто цікавіцца нацыянальнай культурай і гісторыяй, магчыма, карысным будзе падчас падрыхтоўкі паведамленняў і школьных рэфератаў. Але папулярнасць яго пераўзышла самыя смелыя спадзяванні падлетка: з пачатку лета — больш за паўтары тысячы наведвальнікаў. А калі сайт пачаў працаваць, акрамя беларускай і рускай моў, яшчэ і на замежных, да іх дадаліся 23 тысячы наведвальнікаў з 43 краін свету!
Другі яго сайт — “Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны” — яшчэ адзін падарунак таленавітага навучэнца любімаму гораду і яго гасцям: сёлета Глыбокае адзначыць 600-годдзе. Інфармацыя прадстаўлена на розных мовах свету і ў розных формах: 3D- панарама, прэзентацыя, флэш-кніга, фотаздымкі (http:// virturglubokoe.ucoz.ru). Дарэчы, калі гаварыць пра тэхнічнае выкананне, то, нягледзячы на свой пакуль яшчэ кароткі век, навучэнец — сапраўдны ас. Па словах яго настаўніцы інфарматыкі Лідзіі Анатольеўны Раманчук, Уладзіслаў апантаны яе прадметам з 4 класа. Сёння для яго няма цяжкасцей па выкананні самых складаных задач як праграміста. Галоўны яго клопат — пастаяннае напаўненне сайта, пашырэнне яго панарамы да маштабу вобласці. Уладзіславу будуць выдзелены сродкі, каб перавесці сайты на платны хостынг з доменным імем .by, а таксама размясціць банеры сайта на магчымых дзяржаўных рэсурсах.
Экспертнаму савету хлопец прадставіў і дзве друкаваныя кнігі: “Дзень беларускай пісьменнасці”, якую пераклаў на пяць моў, і “Віртуальны тур па музеях Глыбоччыны”. Магчыма, хутка мы зможам іх пагартаць, набыўшы ў кніжным магазіне.
Дарэчы, гэта не першыя і, відавочна, не апошнія крэатыўныя ідэі таленавітага падлетка. Ён разам з мамай Людмілай Мікалаеўнай, — прызёры раённага конкурсу на лепшы эскіз лагатыпа да Дня беларускай пісьменнасці. Лагатып Уладзіслава можна ўбачыць на вуліцах горада, а па лагатыпе мамы наладжана вытворчасць значкоў, якія можна набыць у кіёсках Белсаюздруку.
Віталь Пятровіч Брэль, начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, член экспертнага савета, адзначыў: “Па-першае, прыемна ўразіў надзвычай прафесійны ўзровень гэтых сайтаў, нягледзячы на тое, што Уладзіслаў — вучань усяго толькі восьмага класа. Па-другое, гэтыя праекты — зварот да нашай культуры, творчасці. У сувязі з тым, што пачаўся Год гасціннасці, яны будуць актуальнымі. Цікавая і сама ідэя — падарожжа па экспазіцыях музеяў Глыбоччыны ці прапанова пачаць вывучаць Беларусь з роднай вёскі Кірыла Аляксандравіча Дзёмусева. У нас вельмі многа жывапісных мясцін з багатай гісторыяй, і наша моладзь не ведае, якім багаццем мы валодаем, а замежныя турысты — тым больш. Таму такія сайты — гэта магчымасць зацікавіцца прыгажосцю, гісторыяй, культурай нашай Беларусі, і, упэўнены, гэта дасць штуршок прама ад манітораў накіравацца ў тыя мясціны, пра якія так жывапісна і жыва расказваюць і паказваюць педагог і навучэнец”.

Спрасціць шлях ідэі ад паперы да рынку

Многія праекты хоць і не трапілі ў топ-10, але не страцілі права на жыццё. Так, ужо рэалізавана каля чвэрці праектаў, якія былі заяўлены ў 2013 годзе, а гэта — галоўная мэта кожнага аўтара. У якасці інвестараў сёння выступаюць і камерцыйныя арганізацыі (напрыклад, “Савушкін прадукт” ужо рэалізуе адзін з праектаў з выкарыстаннем новых тэхналогій вытворчасці сыроў), Беларускі інавацыйны фонд, установы вышэйшай адукацыі, мясцовыя органы ўлады. У Гомелі, напрыклад, ужо дзейнічаюць велапаркоўкі, прапанаваныя Аляксандрам Кузьмянковым, рэалізаваны амаль усе сацыяльныя праекты. Ды і іншыя краіны цікавяцца распрацоўкамі маладых беларускіх вынаходнікаў. Так, Расійская Федэрацыя зацікавілася спадарожнікам BelSat, аўтарамі якога сталі студэнты БДУ. Хутка ён будзе запушчаны ў вытворчасць у Расійскай Федэрацыі.
“Сфера, пачынаючы ад прыватных і заканчваючы дзяржаўнымі структурамі, вялізная, але мы стараемся яе яшчэ пашыраць, — гаворыць першы сакратар ЦК БРСМ Ігар Іванавіч Бузоўскі. — Але, каб атрымаць фінансаванне на рэалізацыю праектаў, маладыя людзі павінны не толькі падаць ідэю, а мы дапамагчы знайсці інвестара, неабходна даказаць, што менавіта іх распрацоўка заслугоўвае грант. Для гэтага неабходна скласці бізнес-план, а, як мы пераканаліся, менавіта гэтая частка — самая складаная для ўдзельнікаў праекта. Зараз мы супрацоўнічаем з Нацбанкам Рэспублікі Беларусь у межах праекта “Фінансавая граматнасць” і ў яго межах плануем правесці трэнінгі і вучэбныя семінары для ўдзельнікаў праекта “100 ідэй для Беларусі”, каб распрацоўшчыкі ведалі, што такое бізнес-план і як яго складаць, як адкрыць рахунак, атрымаць крэдыт, у чым прынцып фінасавай работы. Першы крок у гэтым кірунку мы зрабілі, зацікаўленых шмат, першыя семінары ўжо адбыліся.
Плануецца, што спросціцца і алгарытм падачы заявак, хаця, здавалася б, сёння падаць ідэю вельмі проста: літаральна ў кожнай навучальнай установе, у буйных гандлёвых цэнтрах і на прадпрыемствах устаноўлены скрынкі з лагатыпам — так званыя скарбонкі ідэй. Менавіта адтуль яны трапляюць у раённыя саветы, дзе праходзяць адбор для абласных этапаў, а потым — у Рэспубліканскі экспертны савет”.
“Як паказала практыка, часта меркаванне наконт значнасці праектаў суб’ектыўнае, — тлумачыць Ігар Іванавіч. — Так, раённым экспертным саветам можа падацца праект нецікавым ці такім, які з-за вялікага кошту, па іх меркаванні, немагчыма будзе рэалізаваць. Мы плануем, што хутка можна будзе з любой вёскі, любой навучальнай установы падаваць заяўкі адразу на рэспубліку, мінуючы рэгіянальныя экспертныя камісіі. Акрамя таго, зараз вывучаецца нарматыўная база арганізацый, якія праводзяць стартапы, каб уключыць маладзёжныя праекты ў іншыя конкурсныя праграмы. Гэта дазволіць большай колькасці праектаў атрымаць фінансавую падтрымку”.
Закліканы дапамагчы ў гэтым і праект Наталлі Гарадзецкай і Уладзіміра Дзмітрыева, супрацоўнікаў студыі дызайну ChesterStudio, які таксама ўвайшоў у дзясятку пераможцаў. Яны прапанавалі стварыць вялікую віртуальную маладзёжную інавацыйную пляцоўку, дзе будуць сабраны ўсе ідэі, якія прапанавала і яшчэ прапануе наша моладзь. Гэтая пляцоўка будзе месцам сустрэчы патэнцыяльнага грантадаўца, інвестара і аўтараў распрацовак.
“Рэалізацыя перспектыўных інавацыйных праектаў, прыцягненне сродкаў на іх рэалізацыю — лагічны працяг Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, — гаворыць Наталля Гарадзецкая. — Больш за 6000 праектаў, пададзеных аўтарамі ў рамках праекта, змогуць знайсці сваё практычнае прымяненне, увасабленне ў вёсках, аграгарадках, абласных і раённых цэнтрах. Ідэя нашага партала — дыялог з інвестарамі напрамую і бясплатна, тым больш, што многія праекты дабрачынныя, якія ўвогуле не прадугледжваюць матэрыяльную выгаду”.
Дарэчы, гэтым праектам ужо зацікавіліся некаторыя інвестары. У іх ліку Мінскі гарадскі тэхнапарк і Навукова-тэхналагічны парк БНТУ “Палітэхнік”, якія выказалі жаданне прыняць у ім удзел і гатовы праінвесціраваць аўтарскія распрацоўкі.

 

Святлана НІКІФАРАВА.