Пяць школьнікаў Віцебскай вобласці за высокія дасягненні ў творчасці і грамадскай дзейнасці атрымалі прэмію БДФ

- 10:14Образование

Пяцёра таленавітых школьнікаў паўночнага рэгіёна за высокія дасягненні ў творчасці і грамадскай дзейнасці ўзнагароджаны штогадовай прэміяй Віцебскага абласнога аддзялення Беларускага дзіцячага фонду, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Па добрай традыцыі гэтае заахвочванне (на сёння яго памер складае 300 рублёў) уручаецца па выніках штогадовага конкурсу сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі вобласці ва ўзросце да 17 гадоў. Як патлумачыла дырэктар абласнога аддзялення фонду Вольга Обухава, кожны раён можа вылучаць свае кандыдатуры на прэмію, але не больш за дзве. Каб яе атрымаць, неабходна прайсці сур’ёзны адбор: мець сярэдні бал паспяховасці не ніжэйшы за 8, займацца даследаваннямі, быць пераможцам рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд, турніраў, праектаў. І разам з тым плённа ўдзельнічаць у грамадскай дзейнасці, з’яўляцца аўтарам або ўдзельнікам сацыяльнага праекта, валанцёрам, актывістам вучнёўскага самакіравання. Між іншым сярэдні бал сёлетніх лаўрэатаў пачынаецца з 9,5. А іх дасягненні за навучальны год выклікаюць захапленне і шчырую павагу! Адметна, што практычна ўсе яны знаёмы нашым пастаянным чытачам па публікацыях у “Настаўніцкай газеце”.

Так, сакратар пярвічнай арганізацыі БРСМ сярэдняй школы № 1 Новалукомля імя Ф.Ф.Дуброўскага Алена Джанаян — фіналістка рэспубліканскага маладзёжнага праекта “100 ідэй для Беларусі”, пераможца рэспубліканскага конкурсу навукова-біялагічных работ (праектаў) сярод навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сусветнага конкурсу вынаходстваў World Invention Competition And Exhibition у Малайзіі (залаты медаль) і сусветнага конкурсу Indonesia International Invention Expo ў Інданезіі (сярэбраны медаль).

Удзельнік “Цягніка Памяці — 2023” Багдан Ушал з сярэдняй школы № 1 Шуміліна імя Героя Савецкага Саюза П.А.Аўкцыёнка з дзяцінства захапляецца спортам і музыкай, актыўна ўдзельнічае ў дзейнасці школьнага ваенна-патрыятычнага клуба “Юны гвардзеец”. Зараз школьнік рыхтуецца да чэмпіянату свету па в’етнамскіх бая­вых мастацтвах, які пройдзе восенню. Ён уладальнік дыплома сімпатый гледачоў рэспуб­ліканскага творчага конкурсу “Вытокі”, пераможца міжнароднага тэлепраекта “Кубак дружбы”, рэспубліканскага фестывалю-конкурсу патрыятычнай песні “Сэрцам адданыя” і амаль дзясятка абласных, рэгіянальных этапаў вядомых творчых конкурсаў.

Аляксей Зацарэнка з гімназіі № 1 Віцебска імя Ж.І.Алфёрава захапляецца даследаваннямі, што прывяло яго ў аб’яднанне па інтарэсах “Іхтыялогія і водныя экасістэмы” абласнога палаца дзяцей і моладзі. З улікам таго, што ў гімназіі таксама вельмі моцныя традыцыі і база для даследчай дзейнасці, атрымаўся выдатны тандэм. Аляксей — пераможца міжнароднай навуковай канферэнцыі “Сахараўскія чытанні: экалагічныя праблемы ХХІ стагоддзя”, усерасійскага адкрытага конкурсу навукова-даследчых праектаў для старшакласнікаў “Школьная прэм’ер-ліга”, рэспубліканскіх воднага конкурсу, конкурсу навукова-біялагічных работ (праектаў) сярод навучэнцаў і конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці “ТэхнаІнтэлект”, абласнога этапу Рэспублі­канскай алімпіяды па хіміі, а таксама ўдзельнік красавіцкай змены ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Здольнасцям самай юнай з лаўрэатаў, Міланы Шэрагавай з сярэдняй школы № 17 Віцебска імя І.Р.Бумагіна, дапамаюць ярчэй раскрыцца заняткі ў тэатральным калектыве “Калейдаскоп” абласнога палаца дзяцей і моладзі. Яна з’яўляецца старастай групы і нязменнай вядучай мерапрыемстваў палаца, пераможцай шматлікіх творчых конкурсаў. Толькі за ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Прывітанне, свет!” віцяблянка сёлета ўзнагароджана двума дыпломамі І ступені абласнога этапу і дыпломамі І і ІІ ступеней у фінале. Пакарыліся ёй міжнародны конкурс мастац­тва і творчасці “Далягляды” (дыплом І ступені) і рэспубліканскі конкурс юных чытальнікаў “Жывая класіка” (дыплом ІІ ступені). Між тым зорка Міланы яшчэ ўзыхо­дзіць, бо дзяўчынка толькі перайшла ў 6 клас.    

На рахунку навучэнкі Далжанскай сярэдняй школы Віцебскага раёна Настассі Цянюга — перамогі на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, шэрагу абласных і раённых конкурсных мерапрыемстваў, уключаючы абласны злёт юных лесаводаў у асабістым і камандным першынстве. Навучэнка паспявае займацца як у школьным лясніцтве, навуковым таварыстве, добраахвотнай валанцёрскай групе, так і ў валанцёрскім аб’яднанні па інтарэсах абласнога палаца дзяцей і моладзі. Вывучае прадметы на павышаным узроўні і ўзначальвае школьную піянерскую дружыну імя Анатоля Мальцава. Дзяўчына прадстаўляла нашу краіну на злёце юных эколагаў Беларусі і Расіі “Экалогія без меж”. Яе значны ўклад і ў тым, што далжанскія школьнікі выйгралі гранты ў памеры 1300 і 1270 рублёў адпаведна па выніках рэспубліканскіх конкурсу маладзёжных ініцыятыў, што фінансаваўся фондам “Новая Еўразія”, і экамарафону “Стварэнне экапраектаў: пошук ідэй і спосабаў іх рэалізацыі” пад эгідай ЮНІСЕФ сумесна з Рэспуб­ліканскім цэнтрам экалогіі і краязнаўства. 

Урачыстае ўшанаванне лаўрэатаў прэміі адбылося ў Віцебску на прысвечанай 35-годдзю Беларускага дзіцячага фонду канферэнцыі з удзелам старшыні праўлення гэтай арганізацыі Людмілы Кандрашовай. Па яе словах, у рэалізацыі ініцыятыў фонду Віцебскае абласное аддзяленне заўсёды ідзе наперадзе ў краіне, а нярэдка менавіта тут нараджаюцца новыя важныя праекты і цікавыя ідэі, якія потым падхопліваюць іншыя рэгіёны. Дасягаецца гэта найперш за кошт эфектыўнага кіравання і выдатна наладжанага міжведамаснага ўзаемадзеяння. Вопытам супрацоўніцтва з фондам у рамках канферэнцыі падзяліліся дырэктар Талачынскага раённага цэнтра дзяцей і моладзі старшыня праўлення раённага аддзялення фонду Юлія Ігнаткова і маці-выхавальніца дзіцячага дома сямейнага тыпу аграгарадка Жарнасекі Полацкага раёна Ганна Галабародава. На мерапрыемстве таксама падвялі вынікі абласнога этапу рэспубліканскай экалагічнай акцыі па добраўпарадкаванні і азеляненні “Кветкі дабра”.

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Алена Багдановіч:

— Абласное аддзяленне Беларускага дзіцячага фонду з’яўляецца нашым на­дзейным памочнікам у вырашэнні многіх задач. У першую чаргу гэта дапамога нашым дзіцячым інтэрнатным установам: двум дзіцячым дамам і Бягомльскай школе-інтэрнату для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, падтрымка нашых дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, сумеснае правядзенне цікавых і карысных конкурсаў, мерапрыемстваў для розных катэгорый дзяцей і іх бацькоў. Асобна хачу адзначыць удзел фонду ў вялікім абласным мерапрыемстве, якое мы праводзім раз у тры гады, — форуме замяшчальных сем’яў. Фонд аказвае велізарную падтрымку дзецям з розных сацыяльных катэгорый па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, дапамагае непаўналетнім, якія апынуліся ў сацыяльна небяспечным становішчы, дзецям з мнагадзетных, малазабяспечаных сем’яў. Вельмі каштоўна, что нашы партнёры не проста актыўныя і творчыя, неабыякавыя да чужой бяды людзі — яны вельмі адказныя і кампетэнтныя ў сваёй справе. Мы на адной хвалі. Прывяду толькі адзін нядаўні прыклад. Адбылася нарада, дзе мы абмяркоўвалі з кіраўнікамі дзіцячых дамоў, школы-інтэрната, начальнікамі аддзелаў па адукацыі сістэмныя падыходы да камплектавання інтэрнатных устаноў і адаптацыі дзяцей. Акрамя таго, размова ішла пра мадэрнізацыю асобных памяшканняў і, адпаведна, што патрэбны сродкі. Літаральна вечарам пратэлефанавала Вольга Алегаўна: “У нас ёсць 6 тысяч рублёў, мы гатовы іх накіраваць на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, набыццё абсталявання для інтэрнатных устаноў”. Рэдка здараецца, калі толькі абмеркавалі пытанне, а тут жа аб’явіўся памочнік, гатовы дапамагчы. Многія сур’ёзныя пытанні мы вырашаем ва ўзаемадзеянні, таму рашэнні заўсёды знаходзяцца, а працаваць у такой камандзе прыемна. Упэўнена, што наша супрацоўніцтва працягнецца і разам мы зможам зрабіць яшчэ больш карыснага і патрэбнага.

Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара