У Беларусі ў 2016 годзе на часовае працаўладкаванне навучэнскай моладзі выдзелена 45,5 млрд беларускіх рублёў, а ўсяго прапанаваць работу ў гэтай сферы плануюць не менш чым 70 тысячам чалавек — гэта было агучана 25 мая на прэс-канферэнцыі па пытаннях арганізацыі занятасці і часовага працаўладкавання моладзі ў летні перыяд.
Як паведаміла кансультант упраўлення палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Жанна Шчамялёва, аб’ёмы фінансавання гэтай сферы ў параўнанні з 2015 годам былі павялічаны ў паўтара разу і ў выдзеленую суму ў 45,5 млрд рублёў ужо ўваходзяць будучыя заробкі школьнікаў і студэнтаў. Надзея Шахоўская, камандзір Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў БРСМ, адзначыла, што летнія студатрады будуць сфарміраваны па сямі розных напрамках: будаўнічыя, педагагічныя, сельскагаспадарчыя, экалагічныя, медыцынскія, вытворчыя і сэрвісныя. Для ўладкавання моладзі ўжо выдзелена 42,8 тысячы рабочых месцаў, да канца года іх колькасць прадугледжваецца павялічыць да 70 тысяч. У ліку найбольш буйных аб’ектаў працы студэнтаў была названа ўсебеларуская маладзёжная будоўля па ўзвядзенні Беларускай АЭС, куды будзе накіравана больш за 400 чалавек у складзе 18 атрадаў. За межы краіны плануецца адправіць больш за 600 чалавек.
“Некалькі дзён назад у Архангельскую вобласць ужо выехаў сэрвісны атрад. Традыцыйна беларуская моладзь будзе працаваць у Краснадарскім краі (педагагічныя, сэрвісныя атрады), сельскагаспадарчы атрад адправіцца ў Падмаскоўе. Сэрвісны і будаўнічы атрады папрацуюць у Санкт-Пецярбургу, будаўнічы атрад паедзе нават у Ханты-Мансійскую аўтаномную акругу”, — праінфармавала Надзея Шахоўская. Акрамя гэтага, летам 2016 года ў Беларусі будзе сфарміраваны першы археалагічны студэнцкі атрад. “Археалагічны атрад будзе працаваць у Рэчыцы. Плануецца набраць 30—40 чалавек. Узначаліць археалагічную экспедыцыю прафесар Сяргей Расадзін”, — дадала Надзея Шахоўская.
Дзейнасць студатрадаў у краіне рэгламентуе Указ прэзідэнта № 181 ад 16 красавіка 2012 года, нагадала начальнік упраўлення па справах моладзі Міністэрства адукацыі Наталля Пшанічная. Кожны год у дакумент уносяцца дапаўненні і змяненні з улікам рэалій і пажаданняў моладзі. Паводле слоў начальніка ўпраўлення, штогод у рэспубліцы адзначалася тэндэнцыя росту колькасці ўдзельнікаў студатрадаўскага руху: з 27 тысяч чалавек у 2011 годзе да больш як 70 тысяч у 2015 годзе. “Мы дасягнулі стабільнай колькасці ўдзельнікаў і сёння ставім задачу не павялічыць іх колькасць, а перанесці ўвагу на ідэалогію пытання. Студатрады — гэта не толькі месца для зарабляння грошай, гэта і выхаваўчае асяроддзе, якое ў тым ліку фарміруе будучых лідараў”, — звярнула ўвагу Наталля Пшанічная. Яна дадала, што ў Міністэрстве адукацыі зацікаўлены ў прыцягненні ў студатрады большай колькасці навучэнцаў, асабліва тых, якія стаяць на ўліку ў інспекцыях па справах непаўналетніх. У 2014 годзе ў працоўных атрадах было задзейнічана каля 28 тысяч школьнікаў, у 2015 годзе — ужо больш за 34 тысячы.
Зарабляць у Беларусі дазволена з 14 гадоў, але працягласць працы для падлеткаў 14—16 гадоў абмежавана 4 гадзінамі 36 хвілінамі ў дзень, а пералік дазволеных работ невялікі. У працоўных атрадах школьнікам дазваляецца займацца азеляненнем і ўборкай тэрыторый навучальных устаноў, рамонтам школьнай мэблі і інвентару, рэстаўрацыяй кніжнага фонду бібліятэк, пашывам пасцельнай бялізны і мяккіх цацак і іншымі бяспечнымі відамі працы. Па словах Яраслава Балвановіча, начальніка аддзела па справах моладзі галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінгарвыканкама, сярэдні заробак у студатрадах Мінска пры поўным працоўным дні складае каля 4 млн рублёў, але ніжэй за 2 млн 300 тысяч ён не можа апускацца — гэта кантралюецца памерам мінімальнай заработнай платы ў Беларусі. Самая высокая аплата працы, як правіла, у будаўнічых і сэрвісных атрадах — там яна можа даходзіць да 11—12 млн рублёў.
Кацярына ЖОРАВА.