Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч адзначае неабходнасць распрацоўкі канцэпцыі развіцця музейнай справы ў Беларусі. Аб гэтым ён заявіў на нарадзе па пытаннях развіцця археалагічнага музея “Бярэсце” — філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея, а таксама завяршэння будаўніцтва музейных аб’ектаў у вёсцы Юравічы.
У нарадзе ўдзельнічалі міністр культуры Беларусі Юрый Бондар, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Ірына Старавойтава, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя, намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Вадзім Лакіза. Яны абмеркавалі пытанні далейшага развіцця музея “Бярэсце” з улікам яго значэння ў гісторыі і культуры Беларусі, а таксама магчымасць прысваення яму статусу нацыянальнага археалагічнага музея.
Музей “Бярэсце” размешчаны на тэрыторыі Валынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці. У адпаведнасці з планам мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання тысячагоддзя Брэста, у 2018—2019 гадах за кошт сродкаў бюджэту аблвыканкама плануецца правесці мадэрнізацыю з капітальным рамонтам будынка і рээкспазіцыяй музея. Абмяркоўваецца магчымасць узвядзення шэрага аб’ектаў, якія адлюстроўвалі б яго гістарычнае значэнне. Сярод іх — драўляныя абарончыя сцены, ганчарная і рамесныя майстэрні. Азнаёміўшыся з агучанымі меркаваннямі, Міхаіл Мясніковіч адзначыў, што развіццё музея “Бярэсце” павінна разглядацца асобна ад Брэсцкай крэпасці. “Гэтыя два ўнікальныя аб’екты знаходзяцца на адной тэрыторыі, і да пытанняў развіцця музея трэба падыходзіць прадумана і ўзважана”, — падкрэсліў ён.
У цэлым, на думку Міхаіла Мясніковіча, пытанні захавання гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі патрабуюць большай увагі. “Што тычыцца музеяў, неабходна распрацаваць канцэпцыю развіцця музейнай справы”, — сказаў ён. Такі дакумент дазволіў бы больш эфектыўна выкарыстоўваць магчымасці музеяў як аб’ектаў культурна-адукацыйнай дзейнасці і турызму, павысіць попыт на іх паслугі, больш рацыянальна расходаваць сродкі на развіццё музеяў і захаванне іх экспазіцый. “Калі мы сёння гаворым аб павышэнні турыстычнай прывабнасці, бязвізавым рэжыме, у цэлым аб умацаванні іміджу нашай краіны, трэба гэтым займацца”, — рэзюмаваў Міхаіл Мясніковіч.