Незабыўным момантам для беларускай дэлегацыі стала развяванне беларускага сцяга на арэне Ibirapuera Gymnasium у час закрыцця 43-га чэмпіянату свету па прафесійным майстэрстве WorldSkills Competition-2015, які прайшоў у бразільскім горадзе Сан-Паўлу. З радаснай усмешкай на твары з нашым сцягам выбегла канкурсантка Алеся Назарава. Нагода была вельмі шчаслівая: з рук кіраўніцтва WorldSkills International Алеся атрымала медаль Вest of nation. Гэтая ўзнагарода ўручаецца аднаму з канкурсантаў ад кожнай краіны, які набраў найбольшую колькасць балаў унутры сваёй каманды. З яшчэ адной нашай канкурсанткай Вольгай Закрэўскай Алеся атрымала і медаль майстэрства спаборніцтваў WorldSkills.
З Алесяй Назаравай, выпускніцай Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання, якая выступала ў спаборніцтвах у Сан-Паўлу ў кампетэнцыі “Цырульніцкае майстэрства”, пашчасціла пазнаёміцца бліжэй, чым з іншымі канкурсантамі. Цырульня для канкурсантаў размяшчалася не на той адзінай пляцоўцы крыху воддаль цэнтральных варот, дзе былі прадстаўлены іншыя кампетэнцыі, а каля выставачнай залы, дзе размясціліся павільёны краін-удзельніц і дзе былі прадстаўлены іх дасягненні ў развіцці прафесійнай адукацыі. Такое незвычайнае размяшчэнне адной з самых відовішчных кампетэнцый было невыпадковым. Менавіта з выставачнай пляцоўкі пачыналася знаёмства з чэмпіянатам WorldSkills, праз яе праходзіла найбольшая колькасць наведвальнікаў. І як падарунак для іх — адкрытае сузіранне цырульніцкага конкурсу, гэтакая незвычайная аддушына, свежы ветрык у нясцерпную спякоту і адначасова пранікненне ў цырульніцкае таінства. Яно адбываецца на тваіх вачах, калі аднолькавыя, невыразныя манекены з капой бляклых валасоў ператвараюцца ва ўладальнікаў такіх неверагодных прычосак і стрыжак, што займае дух і дзіву даешся, як увогуле можна вырабіць такі цуд. Так бы стаяў і стаяў у гэтай імправізаванай цырульні, не адрываючы вачэй ад работы маэстра цырульніцкай справы, і толькі ціха марыў бы аб тым, каб трапіць у спрытныя рукі майстроў. А аб тым тое, што такія цырульніцкія творы можа зрабіць сапраўдны майстар, і спрачацца не трэба.
Алеся Назарава неяк адразу пачала вылучацца сярод канкурсантаў. Землякі хутка адшуквалі яе па маленькім сцяжку Рэспублікі Беларусь, які стаяў на яе рабочым месцы. Замежныя наведвальнікі адразу кідалі позірк на мілавідную дзяўчыну, якую вызначалі спрытнасць, філіграннасць і адладжанасць кожнага руху. Многія выказвалі словы захаплення, гледзячы на яе работу. Дакладныя рухі, пільны позірк: ці не застаўся нейкі валасок сам па сабе, які не хоча ўпісацца ў прычоску або стрыжку, уменне схаваць у вачах стомленасць і ўпрыгожыць свой твар добрай усмешкай — вось рысы, якія ўласцівы нашай слаўнай беларусачцы. За яе плячыма штодзённая цяжкая праца амаль па 10 гадзін, калі ногі нямеюць, а рукі ўжо не слухаюцца. Але Алеся — сапраўдны баец і свой характар ўсё больш загартоўвае на спаборніцтвах. Конкурсы — найлепшы спосаб удасканальваць сваё майстэрства, спасцігаць новыя прыёмы, вучыцца ў іншых. Алеся — удзельніца спаборніцтваў цырульніцкага майстэрства самых розных узроўняў, пачынаючы ад рэгіянальных і заканчваючы рэспубліканскімі і міжнароднымі. Так, сёлета яна заняла 1 месца адразу ў 4-х намінацыях Рэспубліканскага фестывалю прыгажосці “Мінскі вернісаж” і атрымала гран-пры. Летась Алеся стала пераможцай конкурсу “Залаты падснежнік” у Гомелі і Міжнароднага фестывалю прыгажосці “Ружа вятроў” у Мінску. Ужо некалькі гадоў запар Міжнародныя алімпійскія спаборніцтвы “Неўскія берагі” не абыходзяцца без удзелу Алесі. На суд журы і гасцей знакамітага фестывалю цырульнікаў дзяўчына прадставіла максімум творчых ідэй, галавакружны палёт фантазіі, што знайшло ўвасабленне ў дзіўных прычосках і стрыжках, якія пакарылі сваёй непаўторнасцю і сталі ўпрыгажэннем спаборніцтва. Алеся Назарава ўдзельнічала ў гэтых спаборніцтвах спачатку ў катэгорыі “Навучэнцы”, а потым — “Юніёры” і ў кожным выпадку заваёўвала гран-пры.
На чэмпіянаце WorldSkills у Бразіліі заданні былі складанымі і іх колькасць была вялікай. За перыяд выступлення Алеся павінна была зрабіць амаль дзясятак самых разнастайных цырульніцкіх работ. У гэтую грандыёзную працу ўваходзіла прычоска з афарбоўкай доўгіх валасоў для далейшай фотасесіі, прычоска для нявесты з абавязковай наяўнасцю ўпрыгажэння ў іх. Акрамя таго, Алесі трэба было зрабіць мужчынскую класічную стрыжку і прычоску з асабістымі аўтарскімі элементамі, а таксама жаночую прычоску з пасціжорам, калі ў ролі ўпрыгажэнняў выступаюць накладныя дэталі з валасоў. З усімі заданнямі Алеся з поспехам справілася, і яе работы былі выстаўлены на ўсеагульны агляд, дзе атрымалі ўхвальныя водзывы.
Алеся Назарава выбрала прафесію цырульніка ўсвядомлена. Нельга сказаць, што на гэты выбар нехта паўплываў. Дзяўчына сама з дзяцінства імкнулася да творчай прафесіі, мела ўнутраную патрэбу, дадзеную прыродай, рэалізоўваць свае творчыя фантазіі, таму і выбрала Брэсцкі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання, дзе стала спасцігаць майстэрства цырульніка. Алеся лічыць сустрэчу з педагогам Марынай Аляксандраўнай Булдык лёсавызначальнай. Менавіта яна раскрыла талент сваёй выхаванкі, менавіта яна стала для яе не толькі настаўнікам у авалоданні прафесійнымі навыкамі, але і тым блізкім чалавекам, якога ўспрымаеш як частку свайго жыцця, як частку сваёй сям’і.
— Марына Аляксандраўна для мяне не толькі педагог, гэта мая другая мама, якая даруе мне мае промахі, цярпліва вучыць мяне кожнаму новаму штрыху ў цырульніцтве, якая падтрымлівае ў цяжкую хвіліну і любіць, не зважаючы ні на што, — дзеліцца сваімі пачуццямі Алеся, — таму я лічу сябе шчаслівым чалавекам. Я знайшла сябе ў прафесіі, у творчасці, я раблю тое, што патрабуе мая душа, і са мной заўсёды поруч выдатны педагог і чалавек — Марына Аляксандраўна, з якой мы звязаны ў адзінае цэлае ўжо шмат гадоў.
Гэтая непарыўная сувязь паміж педагогам і дзяўчынай вельмі адчувалася ў час гэтых грандыёзных спаборніцтваў. На кожны рух, на кожны запытальны погляд сваёй выхаванкі, на кожны хвалюючы момант Марына Аляксандраўна адклікалася парадай і падтрымкай.
— У нашай кампетэнцыі спаборнічалі 32 цырульнікі з розных краін. Канкурсанты працавалі ў 2 змены 4 дні, — расказвае Марына Булдык. — На манекенах трэба было зрабіць 5 жаночых і 3 мужчынскія прычоскі — ад авангардных да класічных. Мы паказалі ўсё, што ўмелі, і нават здзівілі азіятаў, якія лічацца самымі моцнымі цырульнікамі. Калі мая выхаванка выйшла стрыгчы, карэйскія майстры пачалі здымаць яе работу на відэа. Яны вельмі хвалілі яе тэхніку выканання. Але мы таксама змаглі ў іх нешта падгледзець, бо еўрапейскія і азіяцкія цырульніцкія навыкі значна адрозніваюцца.
— Перад паездкай мы доўга трэніраваліся, — прызнаецца Марына Булдык. — Свае ўзнагароды Алеся атрымала дзякуючы вялікай працавітасці. Дзяўчыну не трэба прымушаць нешта зрабіць, яна заўсёды гатова працаваць і цалкам аддаецца справе. Прыемна дзяліцца з ёй сваімі ведамі і ўменнямі. Акрамя таго, нас кансультавалі мінскія спецыялісты — майстры міжнароднага класа Наталля Кастрыкіна і Любоў Злобіч. Гэта наша агульная перамога.
Перш чым трапіць на конкурс у Сан-Паўлу, дзяўчына прайшла абласны і рэспубліканскі адборачныя туры. І хаця ў апошнім яна заняла 2 месца, прадстаўляць маладых цырульнікаў краіны журы адправіла менавіта яе. Вясной разам са сваім педагогам Алеся ездзіла ў Казань на міжнародны этап WorldSkills сярод краін СНД. Там па выніках удзелу ў 8 намінацыях яна заняла 2 месца і стала трэцяй у асабістым заліку.
— Удзел у такім конкурсе, як WorldSkills, — карыснае пачынанне, — лічыць Марына Булдык. — Добра, што беларускія спецыялісты змаглі паглядзець, як у свеце працуюць па іх прафесіях. Мы годна прадставілі сваю краіну і нечаму навучыліся ў калег.
— Мне падабаецца спаборнічаць. Конкурсы дапамагаюць развівацца, стымулююць да лепшых вынікаў. Жаданне некага пераўзысці падштурхоўвае да пастаяннай работы над сабой, — прызнаецца Алеся Назарава. — Магчыма, сакрэт майго поспеху ў вялікай стараннасці і любові да сваёй справы, у падтрымцы родных. Сёння я не адчуваю нейкай “кароны” на галаве. Буду і далей старанна працаваць, бо ехала ў Сан-Паўлу, каб навучыцца нечаму большаму. Напрыклад, я даведалася шмат сакрэтаў класічнай мужчынскай укладкі, яе тэхнікі ў цэлым: каб волас слухаўся майстра, а не майстар пад яго падстройваўся. Гэта ж ювелірнае майстэрства! Кожны валасок павінен быць на сваім месцы, каб усё выглядала гарманічна.
Алесі падабаецца працаваць як з мужчынскімі, так і з жаночымі валасамі. Імкнучыся да самаўдасканалення, яна не абмяжоўваецца нейкай адной спецыялізацыяй і вельмі радуецца, што цырульнік можа бачыць вынік сваёй працы амаль адразу. Дзяўчына працуе ў брэсцкім салоне “Клод Манэ”.
— Трэба не чакаць дыплома, а працаваць. З 1 курса сама шукала і абслугоўвала кліентаў, — расказвае дзяўчына. — У нашым каледжы ўсіх вучаць аднолькава, але спецыялісты адтуль выходзяць рознага ўзроўню, бо не ўсе жадаюць развівацца. Раю людзям займацца тым, што прыносіць ім задавальненне. Тады і вера ў сябе мацнейшая. Выбіраючы будучую прафесію, некаторыя глядзяць на тое, што прынясе шмат грошай ці што больш прэстыжна, але, калі работа не падабаецца, то жыць цяжэй. Я пачала асвойваць цырульніцкае майстэрства на занятках вучэбна-вытворчага камбіната. І калі пасля 11 класа ўзнікла пытанне, куды паступаць, то вырашыла ісці ў гэтым напрамку далей. Таму сёння, працуючы нават з ранку да ночы, не стамляюся.
Ала КЛЮЙКО,
Алена САКАЛОЎСКАЯ.
Фота Алы КЛЮЙКО.