Рабіць усё для таго, каб моладзь краіны мела магчымасць думаць, аналізаваць і будаваць сваю дзяржаву

- 10:13Інфармацыйная гадзіна, Рознае

БРСМ будзе рабіць усё для ўдзелу моладзі ў будаўніцтве дзяржавы, паведаміў першы сакратар ЦК ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі” Андрэй Белякоў у час пасяджэння клуба “Адкрыты дыялог”.

Андрэй Белякоў адзначыў, што клуб “Адкрыты дыялог” будзе паступова пашыраць межы і станавіцца цэнтрам абмеркавання самых розных тэм. “Мы будзем і далей развіваць клуб і развівацца самі, рабіць усё для таго, каб моладзь краіны мела магчымасць думаць, аналізаваць і будаваць сваю дзяржаву”, — сказаў ён.

Члены клуба прынялі ўдзел у сацыялагічным апытанні аб стратах і набытках пасля распаду Савецкага Саюза. Галоўнай стратай апытаныя назвалі стратэгічную бяспеку і геапалітычны ўплыў на іншыя краіны. На другім месцы страт — дакладная і зразумелая ідэалогія, правільныя маральныя арыенціры, на трэцім — дружба народаў, сувязь рэспублік, на чацвёртым — даступнасць рэсурснай базы, шырокі рынак збыту.

Што датычыцца набыткаў, то ўдзельнікі апытання ў першую чаргу адзначылі набыццё незалежнасці дзяржавамі, магчымасці самастойна прымаць рашэнні. На другім радку набыткаў аказалася нацыянальная самасвядомасць, на трэцім — рыначная эканоміка.

Вядомы італьянскі журналіст, пісьменнік і грамадскі дзеяч Джульета К’еза, які таксама прыняў удзел у рабоце клуба “Адкрыты дыялог”, адзначыў, што Беларусь павінна захаваць незалежнасць, падтрымліваючы добрыя адносіны і з Захадам, і з Усходам.

“Беларусі трэба захаваць добрыя адносіны і з Захадам, і з Усходам — гэта самае выгаднае, прычым не толькі для вашай краіны, але і для іншых дзяржаў”, — адзначыў Джульета К’еза.

На яго думку, у свеце цяпер вельмі неспакойная сітуацыя. У такіх умовах асабліва няпроста невялікім дзяржавам. “Самае галоўнае — захавайце самастойнасць і выбудоўвайце добрыя палітычныя адносіны з усімі суседзямі, — падкрэсліў эксперт. — Беларусі важна мець незалежнасць, унутраную свабоду, садзейнічаць таму, каб не было ваенных кампаній”.

Члены клуба “Адкрыты дыялог”, сярод якіх прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, вядомыя гісторыкі, сацыёлагі, журналісты, абмяркоўваюць актуальную тэму “25 гадоў без Саюза: страты і набыткі. Погляд з Еўропы”. Джульета К’еза лічыць, што распад Савецкага Саюза — гэта не толькі частка гісторыі, але і факт, які ўплывае непасрэдна на сённяшнія рэаліі. “Гэта не гістарычнае пытанне, гэта пытанне сённяшняе, — перакананы ён. — Савецкі Саюз знік, магчыма, таму што не змог бы існаваць па ўнутранай прычыне, але не толькі таму, і Захад успрыняў гэта як сваю перамогу”. Гэта дапамагло Захаду крыху ўзмацніць свой уплыў на астатні свет, аднак цяпер на геапалітычнай арэне ўсё большы аўтарытэт набываюць іншыя сусветныя цэнтры, адзначыў Джульета К’еза. Напрыклад, у будучым пры фарміраванні міжнароднага парадку дня яшчэ больш прыкметнай стане роля Кітая, лічыць эксперт.

Джульета К’еза таксама выступіў супраць палітыкі санкцый, заўважыўшы, што абмежавальныя меры не прыносяць выгады ні аднаму з бакоў.

Ідэя стварэння дыскусійнай пляцоўкі на пастаяннай аснове ў фармаце клуба прагучала ў час аднайменнага праекта БРСМ на рэспубліканскім спартыўна-адукацыйным фестывалі “Алімпія”. Першае пасяджэнне клуба “Адкрыты дыялог” адбылося ў пачатку верасня ў Музеі сучаснай беларускай дзяржаўнасці.