Знакамітых вучоных і юных аматараў фізікі аб’яднаў фестываль навукі “Фізіка вакол нас”, які адбыўся ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы.
Цікавасць да фестывалю была такой вялікай, што за два дні да яго пачатку прыйшлося прыпыніць электронную рэгістрацыю. А першыя ўдзельнікі з’явіліся ва ўніверсітэце за дзве гадзіны да пачатку работы шматлікіх пляцовак. Валанцёры — студэнты фізіка-тэхнічнага факультэта, апранутыя ў святлодыёдныя касцюмы, прадстаўлялі праграму фестывалю, запісвалі на майстар-класы.
— Фестываль атрымаўся такім насычаным дзякуючы нашаму супрацоўніцтву з Беларускім дзяржаўным універсітэтам і Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам, цэнтрам “Тэхналаб”, Гродзенскім філіялам Парка высокіх тэхналогій, абласнымі цэнтрамі тэхнічнай творчасці, турызму і краязнаўства, адукацыйным цэнтрам “Стэмлаб”, — расказаў дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман. — На розных мерапрыемствах у нас пабывала звыш 420 настаўнікаў, вучняў і іх бацькоў.
З вялікай цікавасцю ўдзельнікі слухалі выступленне прафесара кафедры тэхнічнай фізікі БНТУ Эдуарда Зянькевіча пра нанатэхналогіі. Дырэктар Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава прафесар Сяргей Маскевіч расказаў аб прымяненні нанатэхналогій у медыцыне, а таксама аб новай спецыяльнасці “Медыцынская фізіка”. Дырэктар Гродзенскага філіяла ПВТ Юрый Вайтукевіч гаварыў аб ролі фізікі і іншых навук у развіцці інфармацыйных тэхналогій, прывёў прыклады, калі менавіта фізікі стварылі паспяховыя ІТ-кампаніі. А завяршылася гэтая частка фестывалю выступленнем студэнта 4 курса фізіка-тэхнічнага факультэта Віталя Бараноўскага. Электрычныя зарады на зробленым ім трансфарматары Тэсла ігралі музыку і прымушалі люмінесцэнтныя лямпы свяціцца на адлегласці да 10 метраў ад прыбора. Паспрабаваць сябе ў ролі заклінальніка маланкі хацелі многія. А адзін з самых юных удзельнікаў фестывалю другакласнік Арсеній Мацевіч задаў вельмі прафесійнае пытанне аб тым, якое напружанне мае прыбор. Хлопчык цікавіцца робататэхнікай, таму і запісаўся на адпаведны майстар-клас.
Удзельнікам фестывалю прапаноўвалася 11 майстар-класаў: “Сучасныя 3D-прынтары”, “Займальная электроніка”, “Займальныя доследы з лазерамі”, “Прымяненне падводнай маланкі”, “Камп’ютарнае мадэляванне фізічных працэсаў” і інш. На майстар-класах можна было сабраць робата, стварыць сувенір на 3D-прынтары ці ўпрыгажэнне для адзення ў выглядзе аплікацыі са святлодыёднай падсветкай, але для гэтага спачатку неабходна было стварыць схемы са святлодыёдаў, рэзістараў, а потым паспрабаваць свае сілы ў пайцы радыёэлементаў.
Аматары астраноміі і астрафізікі задалі шмат пытанняў старшаму выкладчыку кафедры агульнай фізікі ГрДУ Андрэю Лавышу пасля яго лекцыі-прэзентацыі “Жыццё ў Сонечнай сістэме. Толькі на Зямлі?”. А займальныя дэманстрацыі “Механічны калейдаскоп” старшага выкладчыка кафедры агульнай фізікі Валянціна Аскіркі і “Навуковыя фокусы з выкрыццём” ад дацэнта кафедры фізічнай інфарматыкі і атамна-малекулярнай фізікі БДУ Максіма Бялова працягваліся каля чатырох гадзін.
Навучэнкі 9 класа 37-й гродзенскай школы Валерыя Бурнос і Маргарыта Талстыга разам са сваёй настаўніцай фізікі Галінай Сакалоўскай пабывалі на многіх пляцоўках фестывалю, але галоўным для сябе Валерыя лічыць удзел у V навукова-практычнай канферэнцыі школьнікаў “Фізіка вакол нас”. На канферэнцыю яна прадставіла даследаванне “Вывучэнне ўплыву магнітных палёў на жывыя арганізмы”.
Канферэнцыя праходзіла ў дзвюх секцыях: “Фізіка ў прыродзе і тэхніцы” і “Камп’ютарнае мадэляванне і тэхнічная творчасць”, на якіх было прадстаўлена 45 навуковых дакладаў школьнікаў з Гродна і Гродзенскай вобласці.
У рамках фестывалю прайшоў і фінал Абласнога конкурсу навукова-тэхнічнай творчасці вучнёўскай моладзі “ТэхнаІнтэлект”.
— Супрацоўніцтва з фізіка-тэхнічным факультэтам дазволіла нам падвесці вынікі конкурсу ва ўніверсітэце і дало магчымасць шматлікім удзельнікам фестывалю навукі ўбачыць дасягненні іх равеснікаў у тэхнічнай творчасці, а таксама зацікавіць гэтай дзейнасцю, — гаворыць дырэктар Гродзенскага абласнога цэнтра тэхнічнай творчасці Іван Дашкевіч. — У 10 секцыях конкурсу было прадстаўлена звыш 50 праектаў навучэнцаў Гродзеншчыны. У лік экспертаў уваходзілі і выкладчыкі ўніверсітэта.
— Работа са школьнікамі працягнецца, — гаворыць дэкан фізіка-тэхнічнага факультэта Андрэй Герман. — У маі плануем правесці для іх Дзень радыё.
Цікавасць да гэтай тэмы ўзнікла яшчэ на фестывалі фізікі. Студэнты — члены канструктарскага бюро “Практычная электроніка” прадставілі гісторыю радыё і прадэманстравалі дакладную копію прыёмніка-перадатчыка А.С.Папова, якую самі змайстравалі пад кіраўніцтвам інжынера кафедры электратэхнікі і электронікі Вячаслава Назаркіна.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.