Рашаем задачы па генетыцы

- 8:25Інфармацыйныя тэхналогіі

Паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па біялогіі — мара многіх навучэнцаў. Асаблівую цяжкасць у іх выклікаюць задачы па генетыцы. Выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій на ўроку дапамагае настаўніку ў падрыхтоўцы і правядзенні вучэбных заняткаў, а навучэнцам — у падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання. Інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць не толькі знайсці тэарэтычную інфармацыю, але і падрабязна і даступна растлумачыць складаны для навучэнцаў матэрыял. Адным з варыянтаў фарміравання практычных навыкаў па рашэнні генетычных задач з’яўляецца работа з электронным трэнажорам.

У цяперашні час ІКТ актыўна выкарыстоўваюцца ў сферы адукацыі пры арганізацыі і правядзенні ўрокаў. Іх прымяненне робіць урок цікавым, наглядным, дынамічным, дапамагае школьнікам лепш зразумець і запомніць матэрыял, які вывучаецца. Інфармацыйныя тэхналогіі дазваляюць арганізоўваць кантроль і аб’ектыўна ацэньваць веды навучэнцаў, развіваць творчыя здольнасці школьнікаў у працэсе стварэння мультымедыйных прэзентацый, фарміра­ваць уменні самастойна атрымліваць і перапрацоўваць неабходную інфармацыю.

На ўроках з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій прымяняюцца такія формы работы, як складанне структурна-лагічных схем, канструяванне біялагічных аб’ектаў, стварэнне прэзентацый, складанне табліц і іншыя. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Кветка” (7 клас) прапаноўваю гульню “Біялагічны канструктар”, якая дазваляе навучэнцам не толькі знайсці адпаведнасць паміж часткамі кветкі і іх біялагічным значэннем, але і самастойна на камп’ютары сабраць мужчынскія і жаночыя кветкі, кветкі з простым і двайным калякветнікам.

Выкарыстоўваючы камп’ютарныя магчымасці, эфектыўна арганізоўваю самастойную работу з падручнікам. Напрыклад, пры вывучэнні тэмы “Склад, уласцівасці і функцыі крыві” (9 клас) навучэнцам прапаноўваю запоўніць табліцу “Параўнанне будовы, уласцівасцей і функцый форменных элементаў крыві”, выкарыстоўваючы прыём “Лініі параўнання”. Макет табліцы з лініямі параўнання прадстаўлены на слайдзе прэзентацыі. Дзеці працуюць у групах, вывучаюць і параўноўваюць форменныя элементы крыві, выкарыстоўваючы тэкст падручніка і дадатковую інфармацыю, прадстаўленую ў прэзентацыі, запаўняюць табліцу. Скончыўшы работу, звяраюць сваю табліцу з эталоннай табліцай на слайдзе, ажыццяўляючы самакантроль і самакарэкцыю. Потым адзін вучань ад групы дае характарыстыку якому-небудзь форменнаму элементу. Арганізаваная такім чынам работа па вывучэнні новага матэрыялу дазваляе развіваць у навучэнцаў уменне вылучаць галоўнае, параўноўваць, аналізаваць, працаваць з інфармацыяй.

Вельмі цікавыя і эфектыўныя прэзентацыі, дыдактычныя гульні пры вывучэнні біялагічнай разнастайнасці раслін і жывёл. Так, пры вывучэнні тэмы “Класы кветкавых раслін” выкарыстоўваю дыдактычную гульню “Пазнай мяне”, сутнасць якой у тым, што навучэнцы па малюнках на слайдзе вызначаюць, да якога сямейства адносяцца расліны, і адзнача­юць прыметы сямействаў. Гэтая гульня дазваляе абагульніць веды пра асаблівасці будовы і разнастайнасць кветкавых раслін, вылучыць характэрныя прыметы раслін розных сямействаў.

Мэтазгодна выкарыстоўваць інфармацыйныя камп’ютарныя тэхналогіі і ў пазакласнай рабоце. Шоу-праграма “Свет, які нас акружае” для 9-х класаў не толькі спрыяе пашырэнню ўяўленняў аб сістэме “чалавек — грамадства — прырода”, фарміраванню ведаў аб неабходнасці выканання норм экалагічна бяспечных паводзін, уяўленняў аб перспектывах развіцця атамнай энергетыкі, вызначэнню добрых яксцей і недахопаў ядзернай энергетыкі, але і вучыць абараняць свой пункт гледжання, дыскутаваць, спрыяе прафесійнаму самавызначэнню. Пазакласнае мерапрыемства “Дапаможам крылатаму сябру” для 6—7 класаў дазволіла пашырыць веды навучэнцаў пра птушак, іх разнастайнасць, значэнне ў прыродзе і практычную ролю ў жыцці чалавека, вылучыць меры па ахове і абароне крылатых сяброў.

Найбольшую выніковасць інфармацыйныя тэхналогіі маюць тады, калі прымяняюцца на ўроках біялогіі не разава, фрагментарна, а сістэматычна на розных этапах урока: пры арганізацыі праверкі дамашняга задання, вывучэнні новага матэрыялу, замацаванні і прымяненні атрыманых ведаў.

Адным з эфектыўных спосабаў падрыхтоўкі да цэнтралізаванага тэсціравання з’яўляецца работа з электронным трэнажорам. Мной быў створаны трэнажор па рашэнні генетычных задач. Матэрыял трэнажора падабраны з улікам тыпаў задач, якія вывучаюцца як на базавым, так і на павышаным узроўні. У трэнажоры прысутнічае спецыяльны раздзел “Задачы цэнтралізаванага тэсціравання”, дзе можна разгледзець прынцып рашэння розных генетычных задач, якія сустракаліся на цэнтралізаваным тэсціраванні за апошнія гады. З мэтай выпрацоўкі практычных навыкаў па рашэнні задач ЦТ прыкладаюцца задачы для самастойнага рашэння.

Актуальнасць выкарыстання трэнажора па рашэнні генетычных задач у тым, што ён носіць паглыблены характар. Трэнажор арыентаваны на навучэнцаў 10—11 класаў, якія плануюць выбраць здачу цэнтралізаванага тэсціравання па біялогіі для паступлення ва УВА медыцынскага, экалагічнага, біялагічнага і сельскагаспадарчага профіляў, а таксама для навучэнцаў старшых класаў, якія цікавяцца пытаннямі генетыкі. Вывучыўшы заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці, навучэнцы атрымліваюць моцную тэарэтычную базу для вывучэння селекцыі, біятэхналогіі, геннай інжынерыі, мікрабіялогіі. Трэнажор грунтуецца на ведах і ўменнях, якія навучэнцы атрымліваюць на ўроках біялогіі. Вучэбная праграма па біялогіі ўключае недастаткова інфармацыі для навучэнцаў, якія цікавяцца генетыкай, таму прапанаваны трэнажор дапаможа не толькі набыць тэарэтычныя веды, але і сфарміраваць практычныя навыкі па рашэнні генетычных задач.

Як паказвае вопыт, вывучэнне генетычных паняццяў, рашэнне розных тыпаў задач выклікаюць у навучэнцаў вялікія цяжкасці. Створаны трэнажор сарыентуе навучэнцаў пры вывучэнні генетыкі ў наступных напрамках. Па-першае, падабраная для вывучэння інфармацыя змяшчае матэрыял рознага ўзроўню складанасці як для падрыхтоўкі да ўрокаў біялогіі, так і для здачы цэнтралізаванага тэсціравання. Па-другое, вывучэнне кожнага тыпу задач прадугледжвае спачатку вывучэнне тэарэтычнай асновы пытання. У тэарэтычнай укладцы навучэнцам у даступнай форме выкладзены матэрыял, які вывучаецца ў школьным курсе біялогіі: “Монагібрыднае скрыжаванне”, “Дыгібрыднае скрыжаванне”, “Счэпленае з полам наследаванне”. Па-трэцяе, практыка-арыентаваныя заданні прадугледжваюць разгляд алгарытмаў рашэння генетычных задач розных тыпаў. У асобнай укладцы размешчаны задачы для самастойнага рашэння.

З’ява полімерыі, “Радаслоўныя”, “Няпоўнае дамінаванне”, “Счэпленае наследаванне” ў школьным курсе біялогіі разглядаюцца толькі з тэарэтычнага боку. Асобных урокаў на выпрацоўку практычных навыкаў па рашэнні гэтых тыпаў задач няма. Толькі вывучэнне біялогіі на павышаным узроўні ў 10—11 класах, а таксама на дадатковых, факультатыўных занятках дапамагае навучэнцам зразумець і навучыцца рашаць задачы гэтага ўзроўню.

Існуюць і такія тыпы задач, якія не раз­глядаюцца нават на павышаным узроўні вывучэння біялогіі. Напрыклад, закон Хардзі-Вайнберга, эпістаз, кампліментарнасць, аднак сустракаюцца ў алімпіядных заданнях 10—11 класаў, а таксама заданнях часткі В цэнтралізаванага тэсціравання. Таму адным з магчымых спосабаў вырашэння праблемы з’яўляецца разбор матэрыялу, прыкладаў рашэння генетычных задач з выкарыстаннем электроннага трэнажора. Задачы для самастойнага рашэння дапамагаюць навучэнцам замацаваць веды, адпрацаваць практычныя навыкі па рашэнні задач.

У выніку мэтанакіраванай работы з вучэб­нымі дапаможнікамі, а таксама трэнажорам па рашэнні генетычных задач навучэнцы авалодва­юць наступнымі паняццямі: законы спадчыннасці, устаноўленыя Г.Мендэлем, асноўныя палажэнні храмасомнай тэорыі, храмасомнае вызначэнне полу. Навучэнцы будуць умець складаць схемы скрыжавання, рашаць і афармляць генетычныя задачы рознай складанасці, прымяняць веданне законаў спадчыннасці і зменлівасці для тлумачэння ўзнікнення прымет і ўласцівасцей у нашчадкаў, самастойна знаходзіць інфармацыю ў розных крыніцах, аналізаваць і выкарыстоў­ваць біялагічную інфармацыю аб спадчыннасці і зменлівасці арганізмаў, спадчынных хваробах чалавека, іх прафілактыцы.

Старшакласнікі змогуць авалодаць не толькі тэарэтычнымі ведамі, але і методыкай рашэння генетычных задач рознага ўзроўню складанасці, методыкай складання і аналізу радаслоўных.

Вывучыўшы матэрыял па рашэнні генетычных задач з дапамогай трэнажора, навучэнцы могуць папрацаваць з укладкай “Задачы цэнтралізаванага тэсціравання”. Тут школьнікі знойдуць усе тыпы генетычных задач, якія сустракаліся ў заданнях цэнтралізаванага тэсціравання з 2014 года. Трэнажор дазваляе разгледзець падрабязную схему рашэння розных задач цэнтралізаванага тэсціравання, а потым самастойна прара­шаць задачы з іншых варыянтаў для адпрацоўкі практычных навыкаў.

Такім чынам, правільна арганізаваўшы работу па вывучэнні раздзела “Спадчыннасць і зменлівасць”, фарміраванні практычных навыкаў па рашэнні генетычных задач з выкарыстаннем матэрыялаў трэнажора, навучэнцы засвояць неабходны тэарэтычны матэрыял, а таксама набудуць практычныя навыкі па рашэнні задач па генетыцы розных узроўняў складанасці. Навучэнцы змогуць паспяхова падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання па біялогіі і ў далейшым працягнуць навучанне ў выбранай навучальнай установе.

Марына БЕЛАГАЛОВАЯ,
настаўніца біялогіі і хіміі сярэдняй школы № 23 Гродна.