Чаканні ад V Усебеларускага народнага сходу ў грамадстве вельмі вялікія. Аб гэтым заявіў на сходзе дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад Брэсцкай вобласці Старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч.
“Трэба шчыра сказаць, чаканні ў грамадстве ад V Усебеларускага народнага сходу вельмі вялікія. Гэта не нейкае дзяжурнае мерапрыемства. Чакаецца канструктыўная размова, якая вызначае лёс краіны і, вядома, сур’ёзна ўплывае на настроі людзей. Рашэнняў сходу чакаюць і прыхільнікі ўлады, і апазіцыя, і лібералы, і кансерватары. Наперадзе нас чакае вельмі важная, сур’ёзная работа, каб, па-першае, аб’ектыўна ацаніць рэсурсы, якія мы маем, напрамкі і механізмы аднаўлення эканамічнага і сацыяльнага росту і паставіць напружаныя, але, галоўнае, рэальныя задачы”, — адзначыў Міхаіл Мясніковіч.
На думку спікера верхняй палаты парламента, беларусы за шмат гадоў прывыклі да спакойнага і даволі заможнага жыцця. “Цяпер Беларусь адносіцца да катэгорыі краін свету з узроўнем даходаў на душу насельніцтва вышэйшым за сярэднесусветны. Наш сацыяльны пакет не могуць сабе дазволіць краіны з больш высокімі даходамі і ўзроўнем эканамічнага дабрабыту”, — адзначыў ён.
На валютных дэпазітах грамадзян накоплена $7,7 млрд, што амаль у два разы больш за золатавалютныя рэзервы краіны. “Пры гэтым, калі паглядзець на сальда спажывецкага імпарту за дзве мінулыя пяцігодкі, з 2006 па 2015 год, то мы маем мінус $6 млрд. Гэта значыць, экспарт спажывецкіх тавараў значна ніжэйшы, чым іх імпарт. Атрымліваецца, што мы стымулявалі замежнага таваравытворцу. Брэстчына, дзе развіта прадпрымальніцтва, павінна звярнуць сур’ёзную ўвагу на гэтую праблему”, — парэкамендаваў кіраўнік Савета Рэспублікі.
Міхаіл Мясніковіч назначаны кіраўніком рабочай групы па падрыхтоўцы праекта праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця рэспублікі на 2016—2020 гады, якая будзе абмяркоўвацца на V Усебеларускім народным сходзе. Дэлегат ад Бярозаўскага раёна, ён пазнаёміў калег з асноўнымі палажэннямі дакумента. Прыярытэтамі чарговага пяцігадовага плана развіцця з’яўляюцца экспарт, занятасць, інвестыцыі, інфарматызацыя і маладзёжная палітыка краіны. “Распрацоўшчыкі праграмы прапануюць значна спрасціць вырашэнне пытанняў па гэтых напрамках дзейнасці”, — паведаміў спікер. Вялікае значэнне надаецца разняволенню дзелавой ініцыятывы. Паводле яго слоў, рост ВУП да канца пяцігодкі павінен скласці 12—15 працэнтаў.