У наступным годзе з пераліку прафесій і спецыяльнасцей сярэдняй прафесійнай адукацыі могуць знікнуць амаль сто пазіцый. Пра гэта піша “Расійская газета” са спасылкай на міністра асветы Вольгу Васільеву.
Так, напрыклад, выключыць з пераліку могуць такія спецыяльнасці, як “Вытворца эмаліраванага посуду”, “Сушыльшчык у папяровай вытворчасці”, “Ткач”, “Вышывальшчыца” і “Зборшчык вырабаў электроннай тэхнікі”.
Па словах міністра, на працягу апошніх пяці гадоў яны не былі запатрабаваны сярод абітурыентаў.
Акрамя таго, састарэлую прафесію радыёаператара могуць замяніць на мантажніка абсталявання мабільнай сувязі, дадала В.Васільева.
Таксама ў пераліку спецыяльнасцей з’явяцца новыя пазіцыі. Гаворка ідзе, у прыватнасці, пра такія кірункі, як “тэхнічнае абслугоўванне і рамонт біятэхнічных медыцынскіх апаратаў і сістэм”, “мехатроніка і мабільная робататэхніка” і “тэхнічная эксплуатацыя і абслугоўванне робатызаваных вытворчасцей”.





