Удзел Расіі змяніў сітуацыю ў Сірыі, заявіў у інтэрв’ю тэлеканалу NBC Прэзідэнт Сірыі Башар Асад.
“Я спытаў: “Што змяніла сітуацыю ў Сірыі?” “Расія”, — адказаў ён без ваганняў”, — напісаў у сваім Twitter карэспандэнт Біл Нілі, які браў у Дамаску інтэрв’ю ў сірыйскага лідара.
Свае адносіны з Уладзімірам Пуціным Башар Асад назваў у інтэрв’ю вельмі сумленнымі і адкрытымі.
Таксама Б.Асад заявіў NBC, што спадзяецца застацца ў гісторыі як абаронца сваёй краіны ад тэрарызму і інтэрвенцыі. Па яго словах, ён імкнецца захаваць суверэнітэт і цэласнасць краіны.
Перамагчы тэрарыстаў у Сірыі можна за некалькі месяцаў, калі яны пазбавяцца падтрымкі звонку, заявіў сірыйскі прэзідэнт.
“Самы важны фактар — гэта тое, як доўга будзе аказвацца падтрымка тэрарыстам, асабліва з боку Турцыі, Катара, Саудаўскай Аравіі пры падтрымцы некаторых заходніх краін, у тым ліку ЗША. Калі ў іх (тэрарыстаў) не будзе гэтай падтрымкі, спатрэбіцца не больш як некалькі месяцаў, каб атрымаць над імі перамогу”, — заявіў Б.Асад.
Сірыйскі лідар лічыць, што асноўнай праблемай ЗША з’яўляецца недахоп вопыту амерыканскіх прэзідэнтаў у знешняй палітыцы. На думку Башара Асада, палітыка Вашынгтона ў дачыненні да Сірыі пасля прэзідэнцкіх выбараў 8 лістапада не зменіцца.