Распрацавана дарожная карта па ўбудоўванні міратворчага патэнцыялу арганізацыі ў дзейнасць ААН

- 11:03Інфармацыйная гадзіна

Па выніках пасяджэння ў Бішкеку Савета калектыўнай бяспекі (СКБ) Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы прынята заява аб удасканаленні міжнароднага ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў мэтах умацавання глабальнай і рэгіянальнай бяспекі.

У тэксце дакумента адзначаецца трывога адносна пагаршэння сітуацыі ў сферы міжнароднай бяспекі і аслабленнем прававых механізмаў яе падтрымання, што прадаўжаецца, нарастаннем рызык і пагроз для стабільнасці, павышэннем канфліктнага ўзроўню ў розных рэгіёнах свету. Змешчаны заклік да ўсіх дзяржаў сумесна працаваць над умацаваннем і развіццём дзеючай сістэмы міжнародных дамоўленасцей па кантролі над узбраеннем, раззбраеннем і нераспаўсюджваннем.

Пасля завяршэння саміту выконваючы абавязкі генеральнага сакратара АДКБ Валерый Семерыкоў паведаміў журналістам, што на пасяджэнні бакі абмеркавалі ваенна-палітычнае становішча ў свеце ў цэлым і ў зоне адказнасці арганізацыі. На гэтай аснове былі выказаны адпаведныя прапановы па павышэнні эфектыўнасці работы па тых ці іншых напрамках.

Што тычыцца ўзаемадзеяння з міжнароднымі арганізацыямі, было адзначана, што добра арганізавана ўзаемадзеянне з профільнымі структурамі ААН. Адзначалася, што падрыхтоўцы калектыўных міра­творчых сіл неабходна ўдзяляць асаблівую ўвагу, каб яны маглі выконваць свае задачы ў місіях па мандаце Савета Бяспекі ААН. “Такая работа праводзіцца ўжо. Узгоднена і ў стадыі рэалізацыі дарожная карта па ўбудоўванні нашага міратворчага патэнцыялу ў дзейнасць ААН”, — заявіў Валерый Семерыкоў.

Ён закрануў тэму назначэння генеральнага сакратара АДКБ: “Сёння кіраўнікі дзяржаў павіншавалі Станіслава Зася, прадстаўніка Беларусі, з назначэннем на гэтую пасаду з 1 студзеня 2020 года. Гэтае рашэнне падрыхтавана ў мэтах выканання рашэння СКБ, дзе дакладна рэгламентавана назначэнне генеральных сакратароў на ратацыйнай аснове”.

Акрамя таго, на саміце падпісаны план калектыўных дзеянняў дзяржаў — членаў АДКБ па рэалізацыі Глабальнай контртэрарыстычнай стратэгіі ААН на 2019—2021 гады, які прадугледжвае цеснае ўзаемадзеянне ва ўдасканаленні ўсёй сістэмы процідзеяння тэрарыстычным выклікам і пагрозам.

Прыняты план мерапрыемстваў па святкаванні 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Частка рашэнняў СКБ тычыцца ўнясення змяненняў у нарматыўныя прававыя акты АДКБ, у палажэнне аб Савеце калектыўнай бяспекі АДКБ, у правілы працэдуры органаў АДКБ. Напрыклад, канкрэтызаваны парадак унясення і ўзгаднення кандыдатуры на пасаду генеральнага сакратара АДКБ, замяшчэння гэтай пасады ў выпадку немагчымасці выканання ім сваіх абавязкаў, удакладнена працэдура ўзгаднення кандыдатуры генеральнага сакратара.

На разгляд былі вынесены пытанні далейшага ўдасканалення ваеннага складніка арганізацыі, у прыватнасці праект палажэння аб парадку падрыхтоўкі і правядзення сумесных вучэнняў у фармаце АДКБ. Унесены змяненні ў палажэнне аб аперацыі пастаяннага дзеяння дзяржаў — членаў АДКБ па процідзеянні злачын­ствам у сферы інфармацыйных тэхналогій (аперацыя “ПРОКСІ”).

Прынята рашэнне адносна пераліку дадатковых мер, накіраваных на зніжэнне напружанасці ў таджыкістанска-афган­скім прыграніччы.

Акрамя таго, разгледжаны пытанні, якія тычацца фарміравання бюджэту арганізацыі і яго выканання.

Старшынства ў АДКБ на наступны міжсесіённы перыяд у 2019—2020 гадах перайшло да Расіі.