Распрацавана вучэбная праграма тэматычных заняткаў для 2—11-х класаў «Я. Мая сям’я. Мая Радзіма»

- 11:15Образование

Спецыялісты Акадэміі адукацыі распрацавалі вучэбную праграму тэматычных заняткаў для вучняў 2—11-х класаў “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”.

Новая праграма дапаможа вывесці ўзаемадзеянне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і БРСМ, БРПА на якасна новы ўзровень. Праграма была падрыхтавана ў дапамогу педагогам, якія ажыццяўля­юць педагагічную падтрымку гэтых грамадскіх арганізацый, і накіравана на актывізацыю жыццёвай пазіцыі падрастаючага пакалення, фарміраванне ў вучняў адказных паводзін.

У праграме прадугледжана правядзенне ў кожным класе дзевяці заняткаў на працягу навучальнага года. Пры іх правядзенні важна ўлічваць каляндар дзяржаўных свят, памятных і святочных дат, падзеі, якія адбываюцца на ўзроўні рэгіёна, населенага пункта, канкрэтнай установы адукацыі. Засваенне навучэнцамі новай інфармацыі павінна падмацоўвацца канкрэтнымі практычнымі справамі, калектыўнымі творчымі мерапрыемствамі, удзелам у акцыях БРПА і БРСМ.

Праграма “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма” была прадстаўлена на рэспубліканскім семінары, прысвечаным узаемадзеянню ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі і грамадскіх арганізацый БРСМ, БРПА. Семінар напярэдадні новага навучальнага года прайшоў у Акадэміі адукацыі. На ім намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая акцэнтавала ўвагу на важнасці ўключэння вучняў у грамадска карысную, канструктыўную дзейнасць, на значнасці актыўнай грамадзянскай пазіцыі педагогаў-арганізатараў, падкрэсліла іх ролю ў наладжванні эфектыўнага ўзаемадзеяння піянерскіх дружын і пярвічных арганізацый БРСМ ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.

У дапамогу педагогам-арганізатарам да пачатку 2024/2025 навучальнага года распрацаваны метадычныя рэкамендацыі па арганізацыі ўзаемадзеяння з БРСМ і БРПА, прыкладная тэматыка агульнашкольных бацькоўскіх сходаў з удзелам кіраўнікоў тэрытарыяльных арганізацый БРПА і БРСМ.

Рэктар Акадэміі адукацыі Ірына Старавойтава адзначыла важнасць падрыхтоўкі педагагічных кадраў да работы з падрастаючым пакаленнем. У Акадэміі адукацыі з кастрычніка 2024 года будуць арганізаваны курсы павышэння кваліфікацыі для педагогаў-арганізатараў, класных кіраўнікоў, настаўнікаў пачатковых класаў, у рамках якіх будуць разглядацца ў тым ліку эфектыўныя метады і прыёмы рэалізацыі праграмы “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”. Акрамя таго, Акадэміяй адукацыі будзе арганізавана работа з гэтымі катэгорыямі педагагічных работнікаў і ў міжкурсавы перыяд.

З новага навучальнага года на нацыянальным адукацыйным партале створана новая рубрыка “Педагогу-арганізатару”, у якой будуць размяшчацца нарматыўныя прававыя, інструктыўныя і метадычныя матэрыялы, неабходныя для арганізацыі работы педагогаў-арганізатараў. Да таго ж на працягу навучальнага года ў гэтым раздзеле будуць размяшчацца лепшыя практычныя матэрыялы па рэалізацыі праграмы “Я. Мая сям’я. Мая Радзіма”.

Падрыхтавала Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі