На мінулым тыдні былі падведзены вынікі рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак інтэрактыўных заняткаў у аб’яднаннях па інтарэсах эколага-біялагічнага, турыстычна-краязнаўчага, ваенна-патрыятычнага профіляў, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
У намінацыях спаборніцтва прынялі ўдзел 192 педагагічныя работнікі ўстаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Усяго на конкурс было прадастаўлена 168 работ, 80 з іх — эколага-біялагічнага напрамку, 64 — турыстычна-краязнаўчага, 24 — ваенна-патрыятычнага.
У намінацыі «ІКТ-майстэрня» лідарам сярод работ эколага-біялагічнага профілю стала распрацоўка (мы пісалі пра яе тут) педагога дадатковай адукацыі гродзенскага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі Вольгі Мягковай — яна атрымала дыплом І ступені Міністэрства адукацыі.
Прапануем нашым чытачам убачыць гэтую цікавую распрацоўку, як кажуць, на справе. Спярша трэба спампаваць на андроід дадатак «Зубр на ўроку» і адсканіраваць прадстаўлены ніжэй маркер.
QR-код для спампавання дадатку:
Маркер для сканіравання:
Пасля ўключэння функцыі сканіравання неабходна не адразу сканіраваць маркер, а абвесці камерай прастору вакол сябе і таго месца, дзе размяшчаецца маркер. Гэта трэба для дакладнага размяшчэння 3D-мадэлі ў прасторы.
Для зручнасці маркер можна раздрукаваць. Яго памер павінен быць 20 * 20 см.
***
Варта адзначыць, што сярод пераможцаў ёсць і іншыя прадстаўнікі Гродзеншчыны. Так, у намінацыі «Формула выхавання» дыпломамі І ступені адзначаны работы настаўніцы пачатковых класаў ашмянскай СШ № 1 імя М.М. Гружэўскага Ларысы Чэлек і загадчыцы аддзялення Ваўкавыскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Галіны Хоміч.
Дыпломаў ІІ ступені ў розных намінацыях удастоены распрацоўкі настаўніцы хіміі лідскай школы № 14 Наталлі Мохар і настаўніцы гісторыі лідскай СШ № 1 Наталлі Ліханавай.
Дыплом ІІІ ступені атрымала намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Дзятлаўскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Інна Дзедава.
Кацярына МАЦЕВІЧ