У якасці дамашняга задання — спампаваць мабільны дадатак і абавязкова ўзяць на заняткі тэлефон. Педагог Гродзенскага дзяржаўнага абласнога эколага-біялагічнага цэнтра дзяцей і моладзі распрацавала дадатак “Зубр на ўроку”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Даведацца пра жывёлу, якая з’яўляецца сімвалам Беларусі, — зубра — навучэнцам прапануюць у цікавай форме.
— Працаваць над дадаткам “Зубр на ўроку” пачала паўгода назад. У пачатку верасня ўпершыню азнаёміла хлопчыкаў і дзяўчынак з ім на сваім тэлефоне, а сёння ён даступны для кожнага на папулярнай платформе Android, — знаёміць з цікавай распрацоўкай Вольга Мягкова.
Каб растлумачыць, як працуе інтэрактыў, педагог заходзіць у дадатак на мабільным і пераходзіць ва ўкладку “сканіраваць”. Як толькі ў аб’ектыве фотакамеры аказваецца спецыяльная карцінка з выявай зубра, на экране тэлефона з’яўляецца цалкам рэалістычны малюнак волата Белавежскай пушчы.
Разам з распрацоўшчыкам круцім і набліжаем звера, а ў адказ на дотыкі той ківае масіўнай галавой і б’е капытом, рыкае і быццам незадаволена ўздрыгвае ад дотыку па спіне. Такога госця навучэнцы Вольгі Мягковай сустракаюць асаблівым усплёскам эмоцый.
У абласным эколага-біялагічным цэнтры педагог вядзе заняткі аб’яднання па інтарэсах “Экапэндзаль”. Сярод яго рэгулярных наведвальнікаў сёння 12 чалавек, і разам з Вольгай Мягковай яны знаёмяцца са светам прыроды праз мастацтва. Вынікамі іх працы шчодра ўпрыгожаны вучэбны клас. Можна ўбачыць тут рэпрадукцыі палотнаў вядомых мастакоў, выкананыя з восеньскага лісця і пялёсткаў руж, ракавінак, кары, шышак і нават каташкоў бярозы. З цікавасцю вучні Вольгі Мягковай робяць фігуркі жывёл таксама з ваты і паперы.
— Не аднойчы работы маіх юных мастакоў станавіліся пераможцамі і прызёрамі конкурсаў рознага ўзроўню. Сярод апошніх узнагарод — прызёрства Аляксандры Скварцовай на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Зялёны дом”. З прыродных матэрыялаў паўтарыць у максімальнай дакладнасці Аляксандра імкнулася карціну Льва Бакста, — працягвае здзіўляць педагог дадатковай адукацыі.
Дзяўчынка, дарэчы, унесла свой уклад і ў прэзентацыю мабільнай распрацоўкі педагога, якая прайшла ў дзень адкрытых дзвярэй у цэнтры. Фарбамі строга вызначанага колеру яна намалявала зубра, як у мабільным дадатку. На заняткі да знаёмага чытача ў эколага-біялагічны цэнтр яна з радасцю спяшаецца ўжо чацвёрты год і на заканамернае пытанне “Чаму?”, не задумваючыся ні на секунду, адказвае: “Таму што тут вельмі цікава і заўсёды адкрываюцца новыя межы для творчасці”.
А гэта ўсё таму, што імкнецца да пашырэння меж дзіцячай творчасці штогод сама Вольга Мягкова. За яе плячыма дыплом педагога-мастака камп’ютарнай графікі, а важным дадаткам да ведаў аб мастацтве з’яўляецца яшчэ і любоў да яго.
— Ідэя стварэння ўрока ў незвычайным фармаце нарадзілася даўно. Шмат часу пайшло на пошукі неабходных праграм і дадаткаў. І ўсё ж пачалося ўсё з распрацоўкі інтэрактыўнага сшытка пра зубра, — успамінае Вольга Мягкова.
Сканіруючы коды на старонках сшытка, нават дома навучэнцы аб’яднання могуць праслухаць інфармацыю пра волата беларускіх лясоў. А ў класе зноў жа з дапамогай мабільнага дадатку ім прапануюць стаць удзельнікамі займальнага квеста.
— Спачатку расказваю дзецям пра пячорны жывапіс. Пра тое, што найбольшай небяспекай для яго захавання з’яўляюцца сёння турысты. Іх частыя візіты парушаюць экалогію пячоры, і там з’яўляецца цвіль, якая разбурае старажытныя малюнкі, — тлумачыць сутнасць квеста Вольга Мягкова. — Па такой легендзе развіваюцца падзеі і ў нашым квесце. Задача дзяцей — аднавіць старажытнае мастацтва. Спачатку яны даведваюцца, з чаго рабіліся старажытныя фарбы, а ўсё неабходнае для іх стварэння збіраюць у выглядзе інтэрактыўных маркераў па кабінеце. Калі фарба гатова — можна маляваць, але і тут трэба выконваць прадыктаваныя мінулым правілы.
Інтэрактыўны ўрок пра героя Чырвонай кнігі Беларусі — першы вопыт такой работы ў практыцы суразмоўніцы. Але яна ўпэўнена, што не апошні. У планах на будучыню — аналагічныя распрацоўкі для іншых чырванакніжнікаў. Калі канкрэтызаваць — пра 11 жывёл, якіх сёння можна ўбачыць у гродзенскім заапарку.
Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара