Прыроду пад мікраскопам вывучаюць юныя даследчыкі з Клічава

- 13:10Образование

Мноства даследаванняў праводзяць навучэнцы сярэдняй школы № 2 Клічава імя П.І.Кавалёва пад кіраўніцтвам настаўніцы біялогіі Настассі Дзяржанскай, намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Яшчэ студэнткай МДЭІ імя А.Д.Сахарава БДУ я падпрацоўвала ў Інстытуце біяарганічнай хіміі Нацыянальнай акадэміі навук і там жа паралельна пісала сваю дыпломную работу па пухлінных клетках. Іх я вырошчвала ў пажыўным асяроддзі і выпрабоўвала на іх эфектыўнасць супрацьпухлінных прэпаратаў. Мне было гэта вельмі цікава, але гэтыя даследаванні я пакінула, бо выйшла замуж і з мужам пераехала сюды, у Клічаў. Тут я стала настаўнічаць і, каб не сумаваць па даследаваннях, пачала іх праводзіць з дзецьмі. Спачатку працавала ў 1-й школе, а калі перайшла сюды, то працягнула іх ужо з новымі вучнямі, — расказвае педагог.

У гэтай школе Настасся Дзяржанская працуе ўсяго год, аднак у скарбонцы яе навучэнцаў ужо мноства даследаванняў. Напрыклад, яны даследавалі ваду ў калодзежах прыбярэжнай зоны вакол ракі Ольсы, якія моцна забруджваюцца бытавымі сцёкамі з ракі, склалі карту, на якую нанеслі ўсе мясцовыя калодзежы, прысвоілі ім QR-коды і ўказалі ўтрыманне шкодных рэчываў у кожным з іх. Выношваюць яны і ідэю стварэння школьнай лабараторыі, у якую кожны жыхар мог бы прынесці для экспертызы ваду са свайго калодзежа.

— Вывучалі мы і якасць вады ў самой Ольсе: падлічвалі ў пробах вады коль­касць дафній, бакаплаваў і інш. Потым параўноўвалі вынікі біяіндыкацыі з вынікамі, атрыманымі нашым раённым цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі. Аказалася, што па дакладнасці наша даследаванне нічым не саступае прафесійнаму лабараторнаму. У возеры, якое прызначана для пажарных патрэб, мы адлоўлівалі карасёў і па флуктуіруючай асіметрыі рыб даказалі, што там брудная вада і нездарма ў ёй забаронена купанне, чым часта грэбуюць мясцовыя жыхары, — расказвае Настасся Вікта­раўна.

З наступнага навучальнага года Настасся Дзяржанская адкрывае ў сваёй школе экаклуб. Яго ўдзельнікамі стануць юныя даследчыкі ўстановы адукацыі.

Цяпер жа асноўная даследчая база — мясцовая фермерская гаспадарка “Канстанта Арт”, дзе вырошчваюць ураджай выключна арганічнымі метадамі. Яе заснавальнік і гаспадар Віктар Арцем’еў супрацоўнічае з НАН Беларусі і запрашае навучэнцаў таксама далучацца да экалагічных эксперыментаў.

Вынікі сваіх даследаванняў на гэтай базе школьнікі прадстаўляюць на розных экалагічных канферэнцыях і конкурсах. Так, з праектам па гатаванні грунтавых сумесей для агуркоў яны сталі прызёрамі на абласным этапе конкурсу эколага-біялагічных работ, а цяпер прайшлі адбор на міжнародную канферэнцыю “Навука сучаснасці і будучыні”. З даследаваннем па вывучэнні глебавай мікрафлоры і таго, як яна ўплывае на схільнасць да фітафтарозу таматаў, навучэнцы сталі прызёрамі на конкурсе творчых работ, які праводзіла Нацыянальная акадэмія навук. Высока ацэнены і іх доследы з амагнічанай вадой. Юныя навукоўцы даказалі яе ўплыў на павышэнне ўраджайнасці таматаў. Цяпер яны распачынаюць свае эксперыменты па вермікампаста­ванні.

Святлана НІКІФАРАВА
Фота аўтара