Расці над сваімі магчымасцямі

- 11:59Адукацыйная прастора

Выбар прафесіі для маладой настаўніцы пачатковых класаў гімназіі № 29 Мінска Марыі Леанідаўны Быкоўскай быў усвядомленым і прадказальным. Яна прадстаўніца педагагічнай дынастыі ў трэцім пакаленні: настаўнікамі былі бабуля і дзядуля, у школе працуе цётка, маці займае пасаду дырэктара сярэдняй школы № 151 Мінска. “Родныя не агітавалі за педагагічную справу і не перашкаджалі марыць пра яе, — пачынае нашу гаворку маладая настаўніца. — Але, вядома ж, увесь час з маленства я была нібы акружана аўрай настаўніцтва: дома абмяркоўваліся адукацыйныя школьныя пытанні і праблемы, новаўвядзенні адукацыйнай галіны. Крыху пазней мяне зацікавіла і педагогіка як навука”.

Навуковы падыход

Навуковую дзейнасць Марыя Леанідаўна пачала яшчэ на другім курсе факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка. За час студэнцтва, а пасля і магістратуры, дзяўчына апублікавала 20 навуковых публікацый — у часопісе “Пачатковая школа”, у зборніках навуковых канферэнцый у Віцебску, Мазыры, Туле, Маскве і інш. Прымала ўдзел у разнастайных конкурсах навуковых работ студэнтаў, універсітэцкіх, міжуніверсітэцкіх і рэспубліканскіх навуковых канферэнцыях. Стала лаўрэатам XXIII Рэспубліканскага конкурсу навуковых работ студэнтаў, стыпендыятам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

Тэма навуковых інтарэсаў Марыі Леанідаўны — “Фарміраванне прадметных уменняў навучэнцаў пры навучанні матэматыцы ва ўмовах рэалізацыі дыферэнцыраванага падыходу”.

“Тэма, выбраная мной для даследавання, актуальная ўжо тым, што вучні, якія прыходзяць у школу, не роўныя па сваіх магчымасцях — з высокім узроўнем навучанасці, дастатковым і недастатковым. Але задача школы ў тым, каб знайсці падыход да кожнага дзіцяці. Пачынала я з вывучэння паняццяў індывідуалізацыі і дыферэнцыраванага навучання. Пасля выйшла на распрацоўку дыферэнцыраваных заданняў па алгебраічным і арыфметычным матэрыяле. Падчас напісання магістарскай дысертацыі распрацавала комплекс прадметных уменняў і менавіта пад гэты комплекс стварыла адпаведныя заданні (для кожнага кампанента асобныя), — знаёміць са сваёй навуковай дзейнасцю малады спецыяліст. — Заданні распрацаваны для кожнага ўрока і накіраваны на тое, каб дзеці маглі працаваць у адпаведнасці са сваімі магчымасцямі, але пры гэтым з кожным разам расці над сабой”.

Дыферэнцыраваныя заданні распрацаваны настаўніцай для розных этапаў урока, на разнастайным матэматычным матэрыяле (геаметрычным, алгебраічным, арыфметычным і г.д.). Каб праверыць эфектыўнасць заданняў, неабходна было апрабаваць напрацоўкі на школьніках. Апрабацыя праходзіла ў паралелях 2 і 3 класаў сталічных сярэдніх школ № 128 і № 151. “Калі не магла сама прысутнічаць на ўроках, рыхтавала карткі з заданнямі для вучняў і тлумачэннямі для настаўнікаў. Дынаміка назіралася станоўчая: узровень навучанасці ўдзельнікаў эксперыменту павялічваўся на 20 працэнтаў, што забяспечвала пераход з адной групы ў другую. Напрыклад, тыя вучні, якія мелі сярэдні і дастатковы ўзровень навучанасці, напрыканцы вывучэння пэўнай тэмы па матэматыцы пераўзыходзілі свае вынікі і пераходзілі ў групу навучэнцаў з высокім узроўнем. Зразумела, дзяленне на групы ажыццяўлялася негалосна, але школьнікі-пачаткоўцы самі заўважалі свой рост, што яшчэ больш матывавала іх да навучання матэматыцы”, — расказвае Марыя Леанідаўна.

Запрашэнне ў першы клас

Скончыўшы ў мінулым годзе магістратуру, Марыя Леанідаўна прыйшла працаваць у гімназію № 29 Мінска. Першы навучальны год — і адразу 1 “А” клас.

“Жнівеньскую сустрэчу з бацькамі на той момант яшчэ будучага класа запомню на ўсё жыццё. Калі ў тым, што змагу знайсці разуменне з дзецьмі, я была ўпэўнена, то з бацькамі працаваць нас ніхто не вучыў. Узнікалі пытанні, ці змогуць яны аднесціся паважліва да майго “несур’ёзнага” ў іх вачах узросту, ці здольна я буду паказаць сябе як кампетэнтны спецыяліст, — прыгадвае малады педагог. — Настройвалі вопытныя калегі, якія прагаварылі са мной увесь ход бацькоўскага сходу: як зайсці ў клас, як павітацца, як правільна сябе паднесці і выклікаць прыхільнасць бацькоў і г.д. Прыйшлося зрабіць сабе своеасаблівую рэкламу, расказваючы пра студэнцкія дасягненні і перамогі. Але значны акцэнт на сабе не рабіла: пагаварыла з бацькамі пра іх дзяцей, завочна пазнаёмілася са сваімі першакласнікамі, адправіла ім лісты-запрашэнні на Дзень ведаў”.

Адаптацыйны перыяд

Нягледзячы на тое, што настаўнічае малады педагог толькі чацвёрты месяц, яна пераканана, што перыяд адаптацыі на першым працоўным месцы ў яе ўжо завяршыўся. Гэтаму садзейнічала перш за ўсё прафесійнае гімназічнае асяроддзе.

“У нашай гімназіі актыўна дзейнічае інстытут настаўніцтва. Педагогі, якія вядуць паралель першых класаў, з радасцю дапамагаюць, мы абменьваемся вопытам і цікавымі прафесійнымі здабыткамі, — расказвае Марыя Леанідаўна. — Мне здаецца, адаптацыя маладога педагога на першым працоўным месцы залежыць у большай ступені ад таго, якім чалавекам з’яўляецца наваспечаны спецыяліст. Мне дастаткова лёгка ўдалося знайсці разуменне з адміністрацыяй і калектывам, таму што я адкрыты і актыўны чалавек. Напэўна, адзіны цяжкі адаптацыйны момант, які прыгадваецца, — вядзенне дакументацыі і запаўненне класных журналаў. Ведаю, што пачынаючы з мінулага года курс лекцый “Вядзенне школьнай дакументацыі” чытаюць для 3 курса ў БДПУ імя Максіма Танка. На жаль, калі я заканчвала навучальную ўстанову, гэтай неабходнай для любога маладога спецыяліста дысцыпліны яшчэ не было. На першы погляд здаецца, вядзенне класнага журнала — справа няхітрая. Але насамрэч на яго запаўненне марнуецца столькі часу! Мне крыху дапамагло тое, што ў студэнцкія гады я займала пасаду старасты групы. Такім чынам, з асабістымі справамі, даведкамі, журналамі я была звыклая. Што тычыцца штодзённай падрыхтоўкі да ўрокаў — пішу падрабязныя планы-канспекты з разнастайнымі варыянтамі работы на адным уроку”.

Дзякуючы варыятыўнасці і прадуманасці паўрочных планаў, у Марыі Леанідаўны не здараецца незапланаваных сітуацый. На любы форс-мажорны момант урока распрацаваны запасны варыянт. Як прызнаецца настаўніца, часу падрыхтоўка такіх многаварыянтных планаў займае шмат, але і вынікі дае якасныя.

Класная “карусель”

Калі Марыя Леанідаўна прыйшла працаваць у гімназію, дзякуючы добрай практычнай базе, атрыманай за гады студэнцтва, адчувала сябе ўпэўнена, ведала, як арганізаваць навучанне. Ужо зараз у сваім 1“А” настаўніца пачынае паступова ўводзіць уласную методыку з распрацаванымі дыферэнцыраванымі заданнямі.

“Групавую і парную работу на ўроку выкарыстоўваю як мага часцей. Гэта дапамагае не толькі дабіцца лепшых ведаў і ўменняў, але і згуртаваць калектыў. Адзін з улюбёных метадычных прыёмаў, які я адшліфавала яшчэ падчас універсітэцкіх практык, — “Карусель”. Яго можна прымяняць на розных этапах урока і ў розных класах. Універсальны ён тым, што актыўна ўдзельнічаюць усе навучэнцы. Прадугледжвае інтэрактыўную мадэль навучання — настаўнік пастаянна атрымлівае зваротную сувязь ад навучэнцаў. Дзеці вучацца не толькі ацэньваць сваю работу, але і ажыццяўляць узаемакантроль і ўзаемаацэнку дасягненняў. Прыём “Карусель” патрабуе групавой, парнай работы або вялікай “каруселі”, у якой удзельнічаюць усе вучні класа. Выглядае так: кожны з навучэнцаў атрымлівае картку з заданнямі, па камандзе “Карусель” вучні пачы-наюць выкананне задання, па камандзе “Стоп, карусель!” — спыняюць работу, перадаюць картку суседу злева, той правярае выкананне задання папярэднім удзельнікам “каруселі”, а пасля выконвае сваю частку задання і г.д. Доўжыцца такая “карусель” да таго часу, пакуль усе заданні на картцы не будуць выкананы, а картка не вернецца да яе першага ўладальніка. Гэты прыём добра спрацоўвае на матэматыцы, напрыклад, падчас вывучэння тэм “Рашэнне няроўнасцей”, на рускай мове падчас вывучэння тэмы “Разбор слова па саставе” (аднаму вучню трэба разабраць слова па саставе, другому — уставіць у гэтым жа слове прапушчаныя літары, трэцяму — узгадніць гэтае слова з іншай часцінай мовы і г.д). Такім чынам кожны ўдзельнік “каруселі” ажыццяўляе і самаправерку, і кантроль выканання заданняў сваімі аднакласнікамі, — расказвае маладая настаўніца.

Дашкольная падрыхтоўка

“Па сваіх вучнях я бачу, што некаторыя некалькі гадоў займаліся ў школах ранняга развіцця, што дазволіла ім псіхалагічна лёгка ўліцца ў калектыў і ў працэс навучання. Гэтыя дзеці абсалютна інакш успрымаюць інфармацыю, яны з першых дзён у школьным асяроддзі матываваны на тое, каб атрымліваць новыя веды. Але перавучваць настаўніку заўсёды цяжэй, чым вучыць. Таму я не супраць школ ранняга развіцця дзіцяці, якія папярэднічаюць навучанню ў пачатковай школе, калі яны вучаць дзяцей метадычна правільна. А вось калі гаварыць пра грунтоўную падрыхтоўку да школы ў рамках сям’і, калі маці ці бацька вучаць дашкольніка чытаць і пісаць, не ведаючы методыкі, гэта можа нанесці шкоду далейшаму навучанню ў школе. Напрыклад, дзіцяці можа быць закладзены іншы механізм чытання, які не дазволіць яму чытаць хутка”, — лічыць педагог.

Пазітыўны настрой урока

Першакласнікі адрозніваюцца не толькі па ўзроўні падрыхтаванасці, але і па сваім тэмпераменце. У любым класе знойдуцца як непаседлівыя, так і марудлівыя вучні. “Настрой класа залежыць ад эмацыянальнага настрою настаўніка. Я будую ўрок на станоўчых эмоцыях і пазітыўных момантах. Зразумела, у класе ёсць і ціхоні, а ёсць і гіперактыўныя дзеці. Але я лічу, што ў перыяд адаптацыі ўсе гэтыя крайнасці з’яўляюцца нормай, ні ў якім разе не спрабую зламаць характар дзіцяці. Стараюся кампенсаваць гэтую рознасць тэмпераментаў частай зменай відаў дзейнасці: праводжу дынамічныя танцавальныя фізкультмінуткі і перапынкі, дыдактычныя гульні, у тым ліку і рухавыя, каб дзіця не адчувала сябе нерэалізаваным у рухальным плане. І гіперактыўным, і дзецям, якія павольна ўспрымаюць новую інфармацыю, выразна прагаворваю падчас заняткаў новыя заданні і інструкцыі. А яшчэ кожны вучань у класе мае свой невялікі абавязак: хтосьці назірае за тым, каб дошка была чыстай, хтосьці палівае кветкі, выцірае пыл, хтосьці адказвае за парадак на рабочых месцах і г.д. Гэта дысцыплінуе дзяцей, на вачах робіць іх адказнымі людзьмі, і пытанне гіперактыўнасці не паўстае,” — расказвае настаўніца.

Майстэрства конкурсу

У 2016 годзе Марыя Быкоўская, яшчэ будучы студэнткай факультэта пачатковай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка, прадстаўляла ўніверсітэт на гарадскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Сталічны настаўнік — сталічнай адукацыі” ў намінацыі “Педагагічны дэбют” (сярод студэнтаў выпускных курсаў універсітэтаў і факультэтаў, якія рыхтуюць педагогаў). Марыя аказалася ў ліку фіналістаў. У гэтым годзе яна зноў прымае ўдзел у конкурсе педагагічнага майстэрства ў намінацыі “Мы — маладыя!”.

“Калі праходзіш дастаткова складаныя не толькі прафесійна, але і эмацыянальна конкурсы, усведамляеш, які гэта каласальны прафесійны вопыт і магчымасць раскрыць свае педагагічныя здольнасці, адаптавацца да вырашэння нестандартных сітуацый на ўроку”, — лічыць малады педагог.

Дарэчы, праз два гады малады педагог плануе працягнуць навуковую дзейнасць у аспірантуры роднага ўніверсітэта. “Для таго каб пісаць кандыдацкую дысертацыю, заснаваную на ўласных напрацоўках, якія былі ўкаранёны ў працэс навучання, мне неабходны стаж работы ў навучальнай установе не менш за два гады. Але спадзяюся, навуковая дзейнасць не перашкодзіць мне рэалізавацца ў прафесіі. Цэлымі суткамі жыву ў школьных пытаннях, і мне гэта па сэрцы. На іншым месцы я сябе проста не ўяўляю”.

Алёна КРЫВЯНКОВА.
Фота аўтара і з архіва
Марыі БЫКОЎСКАЙ.