Раўненне на перамогу!

- 11:29Выхаванне

Атмасферу кадэцкага братэрства, сілу духу і сапраўдны патрыятызм — усё гэта адчулі ўдзельнікі XVII Міжнароднага злёту юных патрыётаў “Раўненне на перамогу!”. У Пермскі край, дзе праходзіў злёт, адправіліся і прадстаўнікі нашай краіны — каманда Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча. Каманда чацвёрты раз бярэ ўдзел у міжнародным злёце і тры гады запар вяртаецца з далёкага падарожжа з узнагародамі.

Гасцей з розных краін вітаў Пермскі кадэцкі корпус імя Героя Расіі Ф.Кузьміна. Сюды на два тыдні прыехалі 42 каманды кадэтаў і сувораўцаў з Арменіі, Беларусі, Кыргызстана, Манголіі, Расіі, Таджыкістана.

У склад каманды Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча ўвайшлі 8 юнакоў і 2 дзяўчыны, якія на злёт адправіліся пад кіраўніцтвам Сяргея Віктаравіча Мяцельскага і Іны Сцяпанаўны Алдуховай.

— Гэты злёт — вельмі маштабнае і прэстыжнае мерапрыемства. Для нашай ­установы вялікі гонар браць у ім удзел, — расказвае Таццяна Анатольеўна Блецко, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча. — Рыхтавацца да злёту мы пачалі, можна сказаць, год назад, адразу пасля заканчэння мінулага мерапрыемства. Жадаючых трапіць у каманду было вельмі шмат, таму праходзіў сур’ёзны адбор, для чаго праводзіліся ўнутраныя спаборніцтвы ў вучылішчы. Кадэты, якія прайшлі адбор, шмат трэніраваліся ў дысцыплінах, прадугледжаных на злёце. Старанная праца навучэнцаў і педагогаў дазволіла годна прадставіць нашу ўстанову і нашу краіну на міжнародным узроўні. 

Старт злёту дала цырымонія ўрачыстага адкрыцця, пазнаёміцца з камандамі ўдзельнікі маглі падчас прадстаўлення іх творчых візітовак. Пасля пачалася самая складаная, але і самая цікавая частка мерапрыемства — выпрабаванне палявымі ўмовамі. Удзельнікі здзейснілі марш-кідок на 12,5 кіламетра пешшу і трапілі на палігон Пермскага кадэцкага корпуса. Тут на некалькі дзён быў разбіты палатачны лагер. Быт кадэтам давялося наладжваць самастойна: яны самі збіралі палаткі, калолі дровы і палілі імі ў печы для абагрэву свайго часовага жытла, харчаваліся на палявой кухні.

У палявым лагеры ўдзельнікам злёту прапаноўваўся шэраг майстар-класаў па ваенных і спецыяльных дысцыплінах: тактыка-спецыяльнай і агнявой падрыхтоўцы, крыміналістыцы, радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароне, асновах выратавальнай і пажарнай справы і інш.

Кожны дзень у лагеры праходзілі творчыя і спартыўныя спаборніцтвы. А галоўным з іх стала ваенна-прыкладная эстафета. Камандам давялося пераадольваць паласу перашкод, дэманстраваць свае ўменні ў арыентаванні на мясцовасці, сілавых практыкаваннях на перакладзіне, стральбе і зборцы-разборцы зброі, баявым разгортванні пажарнага разліку, плаванні.  

Цікава бавілі ўдзельнікі злёту і вольны час: кожны вечар танцавалі і знаёміліся на дыскатэках, удзельнічалі ў “багатырскіх забавах” і разнастайных культурна-масавых праграмах. Усе мерапрыемствы былі арганізаваны такім чынам, каб юнакі і дзяўчаты маглі бліжэй пазнаёміцца, пасябраваць, каб кожны мог праявіць сябе. 

 — Нас размеркавалі па ўзводах так, каб у кожным з іх былі ўдзельнікі з розных устаноў адукацыі, з розных гарадоў і нават краін, — расказвае ўдзельнік каманды Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча Кірыл Барысаў. — Адным з самых яркіх момантаў штодзень быў выбар “героя дня”. Ім мог стаць любы ўдзельнік злёту, якога выбіралі самі хлопцы і дзяўчаты: за дзень трэба было праявіць сябе так, каб увесь твой узвод, сфарміраваны літаральна ўчора, аднадушна прызнаў, што ты на працягу гэтага дня быў самым актыўным, самым вясёлым, самым спагадлівым. З кадэтаў нашага вучылішча такімі героямі станавіліся Вераніка Батура і Дзяніс Яцук, а з кіраўнікоў — Іна Сцяпанаўна Алдухова.

Былі ў беларускіх кадэтаў і іншыя значныя дасягненні на злёце. Так, навучэнец 4 курса Мінскага абласнога кадэцкага вучылі­шча Кірыл Барысаў перамог у конкурсе творчых работ “Жывая гісторыя”. Сваю работу ён стварыў пад кіраўніцтвам настаўніцы рускай мовы і літаратуры Таццяны Іванаўны Епіфанцавай.

Па выніках усіх творчых, спартыўных і інтэ­лектуальных спаборніцтваў злёту каманда Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча ­адзначана сярэбраным медалём.

Дар’я РЭВА.
Фота прадастаўлена Мінскім абласным кадэцкім вучылішчам.