Выхаванне грамадзянска-патрыятычнай культуры ў вучняў, фарміраванне ў іх высокіх маральных якасцей — такія задачы ставілі арганізатары Абласнога агляду-конкурсу піянерскіх парадна-цырыманіяльных атрадаў “Раўненне на сцяг”.
— Падобныя мерапрыемствы праводзяцца пастаянна, каб павысіць у дзяцей цікавасць да рэспубліканскай піянерскай арганізацыі. Акрамя таго, такія агляды — чарговая магчымасць для навучэнцаў праявіць творчыя здольнасці, — расказала старшыня Магілёўскага абласнога савета БРПА Алена Малдаванава.
Конкурс праходзіў у два этапы. Спачатку лепшыя атрады былі выбраны на ўзроўні раёнаў і гарадоў вобласці. Пасля яны як фіналісты працягнулі спаборніцтвы. Усяго ўдзел у абласным этапе прынялі каля 500 піянераў, ці 42 атрады.
Відавочна, што ўдзельнікі старанна рыхтаваліся да спаборніцтваў. Усе годна праявілі сябе: прадэманстравалі журы выдатныя веды традыцый БРПА, бездакорна справіліся з тэхнікай выканання піянерскіх рытуалаў.
У намінацыі “Сапраўдны трубач” першым стаў навучэнец сярэдняй школы № 2 імя К.П.Арлоўскага Кіраўска Аляксей Лукановіч. Самай вернай піянерскаму сцягу назвалі сцяг-групу гімназіі № 1 Горак. Лепшай групай ускладання сталі прадстаўнікі сярэдняй школы № 18 Магілёва. У намінацыі “Бі, барабан!” пераможцам быў прызнаны гурт барабаншчыц сярэдняй школы № 22 абласнога цэнтра. У катэгорыі “Сцяг-шоу” вышэйшую ўзнагароду атрымала група сцяганосцаў сярэдняй школы № 1 імя М.І.Пашкоўскага Бялыніч. А ў арганізацыі пляц-канцэрта не было роўных прадстаўнікам сярэдняй школы № 19 Бабруйска.
Усе пераможцы і прызёры атрымалі ганаровыя дыпломы ад абласнога савета БРПА.
Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Магілёўскім абласным цэнтрам творчасці.