У лёсе настаўнікаў сярэдняй школы № 21 Магілёва Аляксандра Яўгеньевіча і Святланы Яўгеньеўны Апідовіч педагогіка адыграла ключавую ролю. І не толькі таму, што выкладанне для іх — гэта прафесія і любімая справа. У свой час менавіта школьныя сцены паспрыялі стварэнню іх моцнай, згуртаванай сям’і. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Настаўніцкі шлях Аляксандр і Святлана Апідовіч выбралі свядома. Абое прыйшлі ў прафесію па поклічы сэрца. Святлану Яўгеньеўну натхніў прыклад маці-педагога. А Аляксандр Яўгеньевіч доўга шукаў сябе, пакуль дакладна не зразумеў: яго месца ў школе.
— Мы абое вучыліся ў тагачасным Магілёўскім педінстытуце, але пазнаёміліся не ў гады студэнцтва. Калі скончыўся тэрмін адпрацоўкі па размеркаванні, прыйшлі ў 21-ю школу горада. Установу выбралі невыпадкова. Аляксандр Яўгеньевіч сам некалі там вучыўся, а я тады жыла непадалёк. У сценах 21-й і адбылася наша першая сустрэча, — расказала Святлана Яўгеньеўна.
Спачатку педагогі ўзаемадзейнічалі як калегі. Але потым зносіны перасталі абмяжоўвацца толькі працай. Неўзабаве ўтварылася іх сям’я. З той пары мінула звыш трыццаці гадоў, аднак Аляксандр і Святлана Апідовіч, як і ў маладосці, усяляк падтрымліваюць адно аднаго ва ўсіх пачынаннях.
На працягу амаль чатырох дзесяцігоддзяў яны разам штодня ідуць на работу ў 21-ю школу. Святлана Яўгеньеўна выкладае ў пачатковых класах, а Аляксандр Яўгеньевіч далучае вучняў да фізічнай культуры. Для абаіх 21-я ўжо як другі дом, а педагогіка — жыццёвае прызванне.
— У нас ніколі не ўзнікала думак аб змене прафесіі. Нават у цяжкія 90-я гады, калі многія сыходзілі са сферы адукацыі, мы былі ўпэўнены: матэрыяльныя цяжкасці часовыя, а школа — гэта назаўжды, — падзяліўся Аляксандр Яўгеньевіч.
На ўрокі да педагогаў Апідовічаў вучні ідуць з задавальненнем. І гэта нядзіўна, бо заняткі настаўнікі будуюць займальна і цікава.
— Прытрымліваюся меркавання, што настаўнік не павінен быць урокадаўцам. Статычны пераказ падручніка не прывядзе да паспяховага засваення вучэбнага матэрыялу. Трывалыя веды вучні атрымліваюць праз уласныя даследаванні і адкрыцці, таму заняткі праводжу творча і нестандартна. Вучу дзяцей думаць, аналізаваць, дыскутаваць і адстойваць свой пункт погляду. Шмат працую над фарміраваннем навыку ўсвядомленага чытання. Шырока прымяняю інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі. Сучасным вучням, якія валодаюць кліпавым мысленнем, вельмі патрэбна візуалізацыя. Важнай лічу і практыкаарыентаванасць урокаў. Увогуле, прымяняю розныя методыкі, але ўсе адаптую пад свой клас і дзяцей, — падкрэсліла Святлана Яўгеньеўна.
Сярод асноўных прынцыпаў работы Аляксандра Яўгеньевіча таксама індывідуальны падыход да кожнага навучэнца. Сваёй першачарговай задачай ён бачыць разгледзець і развіць здольнасці дзіцяці.
— Фізічная падрыхтоўка ў вучняў розная, таму распрацоўваю індывідуальныя траекторыі навучання. Імкнуся не нашкодзіць і максімальна раскрыць патэнцыял усіх дзяцей. Зацікаўліваю навучэнцаў праз асабісты прыклад, а яшчэ праз спартыўнае арыентаванне. Прырода, экстрым, рамантыка, умераныя фізічныя нагрузкі вельмі захапляюць. Так паступова фізкультура становіцца для вучняў любімым прадметам, — расказаў Аляксандр Яўгеньевіч.
У вучняў Аляксандра і Святланы Апідовіч высокі ўзровень паспяховасці. Выхаванцы Святланы Яўгеньеўны пастаянна вызначаюцца на малышковых алімпіядах, даследчых, творчых і інтэлектуальных конкурсах. Навучэнцы Аляксандра Яўгеньевіча — нязменныя пераможцы спартыўных спаборніцтваў. Якасць адукацыі для гэтых педагогаў у прыярытэце, але не менш значным яны лічаць выхаванне.
— Дзеці прыходзяць у школу як чыстая кніга. Ад нас, настаўнікаў, шмат у чым залежыць, якім зместам будуць напоўнены іх розумы і душы. Па гэтай прычыне выхаваўчую работу праводжу з вучнямі заўсёды: на ўроках, перапынках, у пазакласнай дзейнасці. Мае галоўныя памочнікі і дарадцы ў выхаванні — бацькі. Я ўпэўнена: многія маральныя каштоўнасці закладваюцца ў сям’і. У тандэме з мамамі і татамі мы стараемся выхоўваць дзяцей добрымі, чулымі, працавітымі, сумленнымі. Фарміраванне патрыятызму таксама не пакідаем без увагі, — адзначыла Святлана Яўгеньеўна.
Выхоўваць вучняў патрыётамі важна і для Аляксандра Яўгеньевіча. Педагог робіць упор на захаванне памяці аб подзвігах народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён распрацаваў шэраг маршрутаў для велапрабегаў і турыстычных выездаў, у аснове якіх — наведванне мемарыялаў з пахаваннямі салдат, падпольшчыкаў і партызан, якія гераічна змагаліся за свабоду і незалежнасць Беларусі.
— Зараз вядзецца шмат размоў пра тое, што цяперашнія дзеці іншыя. Згодна: яны адрозніваюцца ад папярэдніх пакаленняў вучняў, бо змяніліся нашы рэаліі. Але дзеці такія ж шчырыя, даверлівыя, адкрытыя. А вось за іх светапогляд адказныя як бацькі, так і мы, педагогі. Нашы словы і ўчынкі вельмі ўплываюць на тое, з якімі арыенцірамі навучэнцы выйдуць са школы, якімі людзьмі стануць. Пра гэта ніколі нельга забываць, — лічыць С.Я.Апідовіч.
Шэсць дзён на тыдзень з ранку і часам да вечара Аляксандр і Святлана Апідовіч знаходзяцца ў школе. Пасля працы яны таксама побач. Вольны час праводзяць сумесна і нязменна актыўна.
— У маладосці цікавіліся турызмам і спортам. Пакаралі горныя вяршыні Каўказа, Крыма, Дамбая. Ездзілі на спартыўныя турніры. Свае захапленні не пакінулі і цяпер. Нягледзячы на ўзрост, працягваем вандраваць. Як і раней, прысутнічае ў нашым жыцці спорт. Ужо не раз мы ўсёй сям’ёй удзельнічалі ў Мінскім паўмарафоне. Бег — гэта цудоўная перазагрузка, якая натхняе, матывуе не стаяць на месцы і рухацца далей, — сказала Святлана Яўгеньеўна.
Плячо ў плячо педагогі Апідовічы ўжо не адно дзесяцігоддзе дружна крочаць па жыцці. У чым сакрэт іх сямейнага шчасця?
— Усё даволі проста. Шчаслівай сям’я будзе тады, калі ёсць каханне, павага і ўзаемаразуменне, — перакананы Аляксандр Яўгеньевіч.
— А яшчэ важна заўсёды і ва ўсім быць разам. І радасці, і непрыемнасці павінны быць агульнымі. Мы заўсёды падтрымліваем адно аднаго. Дапамагае і аптымізм: нават у самых складаных сітуацыях імкнёмся шукаць станоўчыя моманты, — заўважыла Святлана Яўгеньеўна.
Такія ж устаноўкі Аляксандр і Святлана Апідовіч пастараліся прывіць свайму сыну Андрэю. Ён сапраўдная гордасць бацькоў. Малады чалавек працягнуў сямейную дынастыю і таксама стаў педагогам. Сёлета прыступіў да працы настаўнікам фізічнай культуры і здароўя ў сярэдняй школе № 46 Магілёва.
…Усё сваё жыццё Святлана Яўгеньеўна і Аляксандр Яўгеньевіч прысвяцілі дзецям і школе. Яны прыклад вернасці прафесіі, сумленнай працы, любові да сям’і і роднага краю. Сёння Апідовічы — педагогі з вялікім стажам і багатым вопытам. Аднак, пакуль ёсць сілы і энтузіязм, плануюць настаўнічаць, працягваючы выхоўваць падрастаючае пакаленне патрыётамі.
Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара і з архіва сям’і