Разам з бацькамі

- 15:06Адукацыйная прастора

Асноўная задача педагога ў арганізацыі ўзаемадзеяння з бацькамі — актывізаваць педагагічную, выхаваўчую дзейнасць сям’і, надаць ёй мэтанакіраваны, грамадска значны характар. Менавіта ў сям’і фарміруюцца такія жыццёва важныя якасці, як любоў да навакольных людзей, сацыяльная накіраванасць на іншага чалавека.

У Прудкоўскай сярэдняй школе Мазырскага раёна вялікае значэнне ў рабоце з бацькамі навучэнцаў мае загадзя прадуманая і ўмела арганізаваная сістэма супрацоўніцтва. Школьная сістэма ўстановы адукацыі аб’ядноўвае навучэнцаў і бацькоў за круглымі сталамі, у дні адкрытых дзвярэй, на агульнашкольных мерапрыемствах. Ствараецца сітуацыя эфектыўнага ўзаемадзеяння школы і сям’і праз правядзенне сумесных бацькоўскіх сходаў. Менавіта на такіх сходах бацькі знаёмяцца з традыцыямі школы, класа, са зместам і методыкай арганізацыі адукацыйна-выхаваўчага працэсу, перспектывамі развіцця школьнага калектыву. Толькі ў цеснай сувязі з бацькамі, павышаючы іх педагагічную культуру, мы зможам дасягнуць станоўчых вынікаў.

Школа ўстанаўлівае кантакт з сям’ёй не толькі па лініі педагагічнай асветы бацькоў, але і шляху прыцягнення іх да актыўнай сумеснай работы. Традыцыйнымі ў школе з’яўляюцца сумесныя мерапрыемствы. Не стаў выключэннем і бягучы навучальны год. У рамках шостага дня сумесна з выканаўчым камітэтам Прудкоўскага сельскага Савета, спартыўным клубам “Ураджай” бацькі навучэнцаў і педагогі школы правялі фізкультурна-спартыўнае свята “Мы за спорт — за здаровую нацыю”. Сумесны адпачынак, пазітыўныя эмоцыі, актыўнае правядзенне вольнага часу… Усе ўдзельнікі гэтага свята атрымалі падарункі і прызы.

Вясной прайшло яшчэ адно мерапрыемства пад назвай “Мая матуля лепшая за ўсіх”. У гэтай конкурснай праграме прынялі ўдзел шэсць сям’яў. Усім канкурсантам было дадзена дамашняе заданне: візітоўка кожнай сям’і; апавяданне пра сваю любімую матулю; майстар-клас; таленавітая сям’я; калаж сям’і (заданне выконвалі ў школе). У розных намінацыях усе сем’і былі вельмі актыўнымі і вынаходлівымі. На працягу ўсёй конкурснай праграмы эмацыянальную падтрымку задавала глядзельная зала, блізкія, родзічы і сябры. Паўзы паміж конкурсамі запаўнялі ўдзельнікі музычнага калектыву “Эстрадны вакал”. Закончылася мерапрыемства чаяваннем і ўзнагароджваннем, кожнай сям’і быў уручаны памятны падарунак ад школы.

Галіна ЛЯХАВЕЦ,
настаўніца музыкі Прудкоўскай сярэдняй школы Мазырскага раёна.