Разбудзіць апетыт да новых ведаў

- 12:49Навука і інавацыі

Інавацыйныя педагагічныя тэхналогіі ў адукацыйным працэсе, інфармацыйна-метадычнае і псіхалагічнае суправаджэнне эксперыментальнай і інавацыйнай дзейнасці, сучасныя падыходы да рэалізацыі профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі, новыя выхаваўчыя тэхналогіі, перспектывы развіцця дадатковай адукацыі дарослых былі абмеркаваны на V Адкрытай гарадской навукова-практычнай інтэрнэт-канферэнцыі з міжнародным удзелам “Педагагічная навука і адукацыйная практыка: традыцыі і інавацыі”.

Фота носіць ілюстрацыйны характар.

Мерапрыемства было арганізавана Мінскім гарадскім інстытутам развіцця адукацыі. Падчас работы секцый настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства дзяліліся эфектыўным вопытам правядзення цікавых, інфарматыўных урокаў, на якіх абуджаецца апетыт вучняў да новых ведаў, і гэтыя веды знахо­дзяць прымяненне ў жыцці, а не застаюцца ў кнігах.

Па індывідуальнай мадэлі

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 32 Магілёва Аксана Бурачэўская актыўна выкарыстоўвае на ўроках інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, якія дазваляюць сэканоміць час і працаваць з навучэнцамі дыферэнцыравана і індывідуальна, аператыўна кантраляваць і ацэньваць вынікі навучання.

— Кабінет гісторыі нашай школы абсталяваны інтэрактыўнай дошкай і 16 ноўтбукамі, — расказвае Аксана Леанідаўна. — У адрозненне ад звычайнага экрана інтэрактыўная дошка дазваляе мяняць інфармацыю непасрэдна падчас прэзентацыі. Пры рабоце з гістарычнымі картамі прымяняю інтэрактыўныя карты. Гэта дае магчымасць кіраваць картай з дапамогай панэлі інструментаў. Выбраўшы неабходны фрагмент карты, можна пазнаёміцца з развіццём канкрэтнай цывілізацыі, гістарычнымі падзея­мі, якія адбываліся на розных этапах яе існавання, з яе культурнымі асаблівасцямі. Метадычныя прыёмы выкарыстання інтэр­актыўных карт разнастайныя. Уключэнне слаёў карты ў розных спалучэннях дае шырокія дыдактычныя магчымасці пры правядзенні ўрока. Метад накладвання карт дапамагае вучням супастаўляць, аналіза­ваць факты, вылучаць гіпотэзы, даказваць ці абвяргаць іх. Праверку ведаў можна арганізаваць, папрасіўшы навучэнцаў адлюстраваць тыя ці іншыя падзеі на базавым пласце карты. Пасля гэтага можна ўклю­чыць адпаведны дадатковы пласт і абмеркаваць адказы навучэнцаў.

Пастаўце сябе на месца дзіцяці, не абмяжоўвайце палёт фантазіі — і нестандартныя рашэнні абавязкова знойдуцца! А бездакорнае валоданне матэрыялам і педагагічная імправізацыя дазволяць правесці падрыхтаваны ўрок цікава.

На ўроках і факультатыўных занятках ў 6—7 класах педагог прымяняе ЭСН “Гісторыя Беларусі. Беларускія землі са старажытных часоў да канца ХV ст.” (http://e-vedy.adu.by). Структура гэтага рэсурсу ўключае шэраг модуляў. Інфармацыйны модуль складаюць дыдактычныя модульныя адзінкі: тэрміны і паняцці, храналагічныя звесткі, факты, падзеі, назвы гістарычна-геаграфічных аб’ектаў. Важнай асаблівасцю тэхналагічнага афармлення кожнага модульнага кампанента з’яўляецца аб’яднанне школьнага гістарычнага матэрыялу праз гіперспасылкі, якія дазваляюць аператыўна ажыццяўляць пошук неабходнай інфармацыі пры арганізацыі праблемна-пошукавай дзейнасці навучэнцаў. Кантрольна-дыягнастычны модуль змяшчае комплекс рознаўзроўневых тэставых заданняў, задачы па храналогіі Беларусі (чатыры варыянты па кожным раздзеле і два варыянты для абагульнення па ўсім вучэбным курсе). Гэта дазваляе настаўніцы праводзіць дыягностыку і кантроль вынікаў вучэбнай дзейнасці навучэнцаў. Тэсты выкарыстоўваюцца педагогам на этапах сістэматызацыі, замацавання і карэкцыі ведаў, на ўроках абагульнення і факультатыўных занятках. Інтэрактыўны модуль знаёміць вучняў з гістарычнымі дзеячамі з дапамогай анімацыі і музычнага суправаджэння. Ён, як правіла, прымяняецца на ўступным уроку з мэтай актуалізацыі ведаў, а таксама на ўроку выніковага абагульнення. На думку А.Л.Бурачэўскай, электронны рэсурс дае настаўніку магчымасць стварыць індывідуальную мадэль вучэбных заняткаў.

Гісторыя — у камп’ютарных гульнях

Настаўнікі гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 37 Магілёва Аляксандр Галіноўскі і Сяргей Жураўкоў прыводзяць аргументы на карысць выкарыстання на ўроках камп’ютарных гульняў гістарычнай тэматыкі, якія даюць унікальную магчымасць у гульнявой форме перажыць гістарычныя падзеі. Гэта, у сваю чаргу, вядзе да фарміравання цікавасці да вывучэння як гісторыі ў цэлым, так і пэўнага гістарычнага перыяду, пэўных гістарычных падзей.

У якасці прыкладу была прыведзена серыя гульняў Assassin’s Creed ад Ubisoft Montreal (Канада). Гэта прыгодніцкая камп’ютарная гульня ў жанры стэлс-экшэн, якая спалучае ў сюжэце як выдуманых герояў, так і рэальных гістарычных персанажаў. Гульцу прапаноўваецца выступіць у ролі выдуманага персанажа — асасіна — і весці барацьбу з тампліерамі, праходзячы выпрабаванне за выпрабаваннем. Дзеяннем ахоплены Старажытны Егіпет перыяду праўлення Клеапатры, Старажытная Грэцыя, эпоха крыжовых паходаў, Англія ў эпоху варагуючых каралеўстваў і заваяванняў вікінгаў, Італія эпохі Рэнесансу, Амерыка перыяду Сямігадовай вайны і вайны за незалеж­насць, а таксама часы прамысловай рэвалюцыі ў віктарыянскім Лондане 1868 года і Францыя часоў Вялікай рэвалюцыі канца XVIII стагоддзя.

Не бойцеся ламаць стэрэатыпы! Не бойцеся эксперыментаў і імправізацый! Пазбягайце шаблонаў! Бо адсутнасць цікавасці да ўрока часцей за ўсё звязана з тым, што вучні наперад ведаюць усе яго этапы. Гэты надакучлівы дзецям ланцужок можна і трэба разарваць.

Хоць у аснове серыі гульняў ляжыць выдуманы сюжэт пра шматвяковыя войны паміж тампліерамі і асасінамі і дзейнічае выдуманы персанаж, гістарычнае асяроддзе рэканструюецца з апорай на факты. Нягледзячы на прысутнасць у гульнявым свеце Assassin’s Creed выдумкі і недакладнасцей, гулец сустракае вялікую коль­касць аўтэнтычных, выкананых у рэалістычным стылі помнікаў культуры і мастацтва, прадметаў побыту, знаёміцца з шырокім колам гістарычных дзеячаў, такіх як Клеапатра, Салах-ад Дзін, Рычард I Львінае Сэрца, Леанарда да Вінчы, Джордж Вашынгтон, Максіміліян Рабесп’ер і інш. Большасць персанажаў і прадметаў у гульнях цалкам адпавядаюць свайму часу (пейзажы, інтэр’еры, ваенная тэхніка, боепрыпасы і абмундзіраванне салдат і г.д.).

Тэматычны слоўнік

Настаўнік гісторыі гімназіі № 8 Мінска Алег Свідзінскі прапануе сваім выхаванцам скласці аўтарскі варыянт тэматычнага слоўніка. Такая работа дазволіць пашырыць інтэлектуальны патэнцыял вучня, замацаваць навыкі самастойнай работы па пошуку і адборы неабходнай тэматычнай інфармацыі.

— Звычайна прапануюцца два варыянты вядзення слоўніка: у сшытку па прадмеце або ў асобным сшытку. Пажаданым з’яўляецца другі варыянт, які не абмежаваны колькасцю лістоў і дазваляе весці слоўнік на працягу не толькі гэтага, але і наступнага навучальнага года, — тлумачыць Алег Эдуардавіч. — Свой слоўнік навучэнец дзеліць на чатыры часткі: “Паняцці і тэрміны”,  “Абрэвіятура”,  “Біяграфіі”,  “Афарызмы і крылатыя выразы”. Работа па іх запаўненні вядзецца як на занятках, так і падчас выканання дамашняга задання.

Адной з асаблівасцей работы са слоўнікам з’яўляецца апераджальнае ўвядзенне як новых тэрмінаў і паняццяў, так і біяграфій гістарычных дзеячаў. Запаўненне адпаведных частак можа складацца з трох этапаў: апераджальны запіс тэрміна або паняцця і яго зместу з указаннем вучэбнай тэмы; дадатковая дэталізацыя гістарычных фактаў падчас урока і дапаўненне пры самастойнай рабоце па-за навучальнай установай. Работа над часткай “Біяграфіі” складаецца з двух этапаў: пры выкананні апераджальнага задання першапачаткова запісваюцца агульныя даныя пра чалавека, а больш падрабязныя складнікі яго біяграфіі дапісваюцца ў слоўнік падчас выканання дамашняй работы, пасля прахо­джання канкрэтнай тэмы. Работа над другой часткай слоўніка — “Абрэвіятура” — вя­дзецца непасрэдна на ўроку, а “Афарызмы і крылатыя выразы” дэталізуюцца і запаўняюцца, як правіла, у пазаўрочны час.

На думку А.Э.Свідзінскага, невялікія часавыя выдаткі на запаўненне тэматычнага слоўніка акупляюцца атрыманнем новых ведаў. Самастойная работа навучэнцаў стварае сітуацыю асобаснага поспеху, якая, з аднаго боку, павышае цікавасць да вучэбнага прадмета, а з другога, — спрыяе больш паспяховаму працэсу сацыялізацыі.

 Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота аўтара.