У мінскім клубе ветэранаў педагагічнай працы “Аптыміст” Міхаіл Хоміч належыць да самага старэйшага пакалення калег па настаўніцкім цэху. Яму ў чэрвені споўнілася 98 гадоў! Пры сустрэчы з Міхаілам Нічыпаравічам размова зайшла аб яго няпростым лёсе: дзяцінстве, жыцці ў Германіі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, багатым педагагічным вопыце, пераездзе ў сталіцу, сакрэтах здароўя і даўгалецця. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Дзіця вайны
Міхаіл Хоміч нарадзіўся 1 чэрвеня 1925 года ў вёсцы Сухопаль Пружанскага раёна.
— У сям’і нас было сямёра дзяцей: я з братам і 5 сясцёр. Жылі мы на хутары, за паўкіламетра ад вёскі. Бацька быў мясніком, рабіў каўбасы, таму мы трымалі сваю гаспадарку: кароў, курэй, коней, свіней. Сям’я ніколі не галадала. Маці займалася дзецьмі і домам. Я хадзіў у польскую школу, дзе адвучыўся 7 класаў. Старэйшыя дзеці дружна дапамагалі бацькам па гаспадарцы, — успамінае Міхаіл Нічыпаравіч.
Праз чатыры дні пасля пачатку вайны ў нашай вёсцы ўжо былі немцы. Там яны ўладкавалі сваю ваенную камендатуру. Партызаны наведваліся зрэдку. Калі і бывалі, то па начах. Дзякуючы таму, што гэтыя візіты былі рэдкімі, немцы вёску не знішчылі, жыхароў не забілі. Людзі нават змаглі амаль усю гаспадарку зберагчы.
— Са старэйшым братам, які быў глуханямым, мы, бывала, хадзілі ў Сухопаль на вячоркі, — працягвае свой аповед Міхаіл Хоміч. — Аднойчы зімой быў выпадак. Вяртаемся з вёскі на хутар і раптам чуем злоснае: “Нalt!” Я спыніўся, а брат пайшоў далей. Немец хацеў ужо страляць, бо прыняў нас за партызан, але я паспеў спыніць брата. Нас затрымалі. Раніцай пасадзілі на падводу і павезлі ў лес. Думаю: на расстрэл. Па дарозе нам сустрэўся солтыс. Ён пазнаў нас і пацвердзіў немцу, што мы аднавяскоўцы, а не партызаны. Так мы засталіся ў жывых.
Міхаіл ХОМІЧ: Мне ў жыцці шанцавала. Пашчасціла выжыць у найцяжэйшыя ваенныя гады, пражыць доўгае і цікавае жыццё. Гэта вялікая ўдача. Вельмі люблю сваю малую радзіму. Побач з бацькоўскай хатай я пабудаваў вялікі 5-пакаёвы драўляны дом. Кожны год у чэрвені мы па магчымасці ўсёй сям’ёй там збіраемся, адзначаем мой дзень нараджэння, дзелімся навінамі.
Міхаіл Нічыпаравіч гаворыць, што яго сям’і вельмі пашанцавала. Амаль усе родныя ўцалелі. Толькі ў самым пачатку вайны адна з сясцёр знікла без вестак: паехала ў Брэст на вучобу, і больш яе ўжо не бачылі.
У пачатку 1942 года 16-гадовага Мішу немцы вывезлі на прымусовыя работы ў Германію. Тады хацелі забраць яго старэйшую сястру, але юнак рызыкнуў звярнуцца да іх з прапановай: “Забярыце лепш мяне замест яе, я мацнейшы!” Тыя не былі супраць. З вёскі вывезлі чатырох хлопцаў. Спачатку іх гналі пешшу праз Белавежскую пушчу, дзе па дарозе ім сустракаліся шыбенікі. Немцы казалі: хто паспрабуе збегчы, тых і іх сем’і напаткае такая ж доля. Яны дайшлі да Бельска, а потым пагрузіліся ў таварны вагон цягніка, які адправіўся ў Кёнігсберг.
— Я быў шчуплым юнаком невысокага росту, ніхто мяне браць не спяшаўся, — гаворыць мой суразмоўнік. — Памятаю, яшчэ наіўна думаў, што, можа, адпусцяць. Куды там! Забраў мяне адным з апошніх мясцовы фермер — на іх мове баўэр. Каля трох гадоў я працаваў на ферме пад Кёнігсбергам. У гаспадара былі вялікія цяпліцы з агароднінай. Я жыў у прыбудове каля адной з іх. Спачатку працаваў адзін, а пазней фермер узяў у памочнікі яшчэ двух падлеткаў: літоўку і маю зямлячку, дзяўчыну з суседняй вёскі. Праца была не вельмі цяжкай: па начах цяпліцы трэба было абаграваць дровамі, а яшчэ праполваць і збіраць ураджай. Гаспадар да нас ставіўся нядрэнна, карміў ніштавата. Ён, дарэчы, быў антыфашыстам. Нават на кірмаш мяне з сабой браў, бо давяраў. Я дапамагаў яму прадаваць агуркі, памідоры.
Да таго ж 14-гадовай гаспадарскай дачцэ Хільдзе малады работнік вельмі падабаўся. Аднойчы яе бацька заўважыў, як яны абдымаліся. Тады Міхаіл падумаў, што яго чакае шыбеніца або канцлагер. Аднак дзяўчына неўзабаве прыбегла і, усміхаючыся, паведаміла: “Міхель, алес гут!” Але ж як бы добра ні ставіліся да свайго работніка ў фермерскай сям’і, ён некалькі разоў спрабаваў збегчы на Радзіму. Толькі беспаспяхова. Аднойчы паліцаі яго знялі ўжо з цягніка і вярнулі на ферму.
Калі савецкія войскі пераламалі ход вайны і фронт стаў набліжацца да Еўропы, фермерская сям’я стала збірацца на захад, углыб Германіі. Гаспадар даверыў юнаму работніку каня з падводай, другой кіраваў сам. Па дарозе ў Гданьск яны трапілі пад авіябамбёжку і толькі цудам засталіся жывымі.
— Памятаю, як на нямецкай зямлі ўпершыню сустрэўся з савецкімі салдатамі. Яны нечакана з’явіліся каля нашага кароўніка. Я з імі разгаварыўся. Яны сталі пытацца, як да нас ставіліся немцы. У майго гаспадара быў сусед, да якога мяне перыядычна адпраўлялі дапамагаць па гаспадарцы. Вось той мог папросту ўдарыць бізуном. Я пра гэта расказаў. Салдаты далі мне аўтамат і кажуць: “На. Страляй!” А той немец упаў на калені і ўзмаліўся: “Міхель, ніхт шысен”, што значыць “не страляй”. Я страляць не стаў, — такія апошнія ўспаміны Міхаіла Хоміча пра жыццё ў нямецкага баўэра.
“Па-добраму вучыў дабрыні”
У 1945 годзе, калі Чырвоная Армія заняла тэрыторыю Усходняй Прусіі, малады хлопец быў прызваны ў яе шэрагі і праслужыў да 1949 года. Падчас жыцця ў Германіі Міхаіл Хоміч добра авалодаў нямецкай мовай, таму яму даверылі функцыі перакладчыка ў савецкай камендатуры горада Вітэнберг. Часта па начах даводзілася перакладаць, калі дапытвалі фашыстаў.
Пасля дэмабілізацыі юнак вярнуўся на Палессе, дзе скончыў Пружанскае педвучылішча, а пазней завочна і БДУ. Выкладаў у сельскай школе геаграфію і нямецкую мову, быў настаўнікам, а затым і намеснікам дырэктара школы.
— Маё першае працоўнае месца — гэта сельская школа ў вёсцы Бакуны Пружанскага раёна, што за 7 кіламетраў ад роднай вёскі, — працягвае расказваць пра сваё жыццё Міхаіл Нічыпаравіч. — Год адпрацаваў, потым ажаніўся з настаўніцай з суседняй вёскі. У нас нарадзіліся тры дачкі. Усе — пагодкі. Неўзабаве жонка захварэла і памерла. Калі мне было каля 30 гадоў, я ажаніўся другі раз. Нарадзіліся яшчэ двое дзяцей: дачка і сын. Другая жонка таксама была настаўніцай. Выкладала рускую мову і літаратуру. Больш за 10 гадоў я працаваў настаўнікам у розных школах, затым займаў пасаду намесніка дырэктара, пры гэтым не пераставаў выкладаць.
48 гадоў свайго жыцця Міхаіл Хоміч прысвяціў рабоце ў школе. Працягваў вучыць дзяцей і тады, калі ўжо выйшаў на пенсію, бо педагогаў заўсёды не хапала.
— Якім, на ваш погляд, павінен быць настаўнік? — цікаўлюся ў настаўніка з амаль паўвекавым стажам.
— Праўдзівым, добрасумленным, працавітым. Педагог павінен любіць дзяцей і вучыць іх дабру, стварэнню. Я сваіх вучняў па-добраму вучыў дабрыні. Часам трэба было, вядома, і строгасць праяўляць, не без гэтага. Але ў асноўным вёў гутаркі, тлумачыў. Нікога ніколі не караў і, як у мае школьныя гады, указкай па руках не біў, за правіннасці на гарох не ставіў.
— Як думаеце, у чым галоўнае адрозненне сучасных школьнікаў ад вашых вучняў?
— Калі я настаўнічаў, дзеці па-сапраўднаму хацелі вучыцца і імкнуліся да гэтага. Яны ўважліва слухалі кожнае слова педагога. Былі дапытлівымі і цікаўнымі. Магчыма, таму, што ў пасляваенныя гады дзеці ішлі ў школу ў больш дарослым узросце, прайшоўшы шмат выпрабаванняў. Вучоба раней гарантавала добрую адукацыю і паспяховую працу. І моладзь старанна атрымлівала адукацыю. Цяпер неяк інакш. Многія вучыцца не жадаюць. Пры сённяшнім свабодным доступе да інфармацыі дзеці, як мне здаецца, менш дапытлівыя.
Пенсіянерскія будні
Сёння сям’я Міхаіла Нічыпаравіча — гэта 5 дзяцей, 7 унукаў і 5 праўнукаў. Жыхаром Мінска малады душой пенсіянер стаў пасля 70 гадоў, калі перастаў працаваць і адправіўся ў сталіцу да дачкі. Пазней пабудаваў кватэру, дзе сёння жыве з праўнукам Ягорам, студэнтам БДТУ.
Аднойчы, выпадкова трапіўшы на адно з мерапрыемстваў у Рэспубліканскі палац культуры ветэранаў, Міхаіл Нічыпаравіч даведаўся пра клуб “Аптыміст” і адправіўся туды. Потым стаў яго пастаянным наведвальнікам:
— Летам я з задавальненнем хаджу на танцы ў парк, вельмі люблю спяваць у хоры, дзе мы сустракаемся з восені да сярэдзіны мая.
— А ці далёка даводзіцца ездзіць у клуб?
— Ды не, 40 мінут на метро з адной перасадкай — і я на месцы! — здзіўляе сваёй нястомнасцю і жыццялюбствам суразмоўнік. — Наш хор часам адпраўляецца з канцэртамі па сацыяльных установах для ветэранаў і інвалідаў.
Сакрэт доўгага і здаровага жыцця, па меркаванні Міхаіла Нічыпаравіча, просты:
— Трэба жыць сумленна, нікому не рабіць зла. Тады і людзі добрым словам заўсёды ўспамінаюць, і хваробы абыходзяць бокам. А наогул у мяне і бацькі доўгажыхарамі былі. Мама, напрыклад, 95 гадоў пражыла.
— Планы строіце? — цікаўлюся напрыканцы размовы.
— Планы? — задумваецца Міхаіл Хоміч і з усмешкай адказвае: — Ну якія планы? Жаніцца позна ўжо. Але ж з жанчынамі пагутарыць я люблю. Вось адзначу стагоддзе і буду дажываць, колькі мне адведзена, у Мінску.
Марына КУНЯЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА і з архіва суразмоўніка