Кiраўнiкам устаноў культуры трэба быць больш актыўнымі ў пошуку мецэнатаў, заявіла на прэс-канферэнцыі першы намеснік міністра культуры Беларусі Ірына Дрыга.
На яе думку, многае залежыць ад актыўнасці кіраўніка ўстановы культуры, умення прэзентаваць сваю ўстанову, зацікавіць патэнцыяльнага мецэната. Гэта вялікая навука, і трэба гэтаму вучыцца.
Ірына Дрыга прывяла ў якасці прыкладу Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, якія знайшлі варыянты супрацоўніцтва.
Яна дадала, што ў Беларусі ёсць нямала структур, якія падтрымліваюць культуру. Штогод праводзіцца конкурс “Мецэнат культуры”, дзе адбываецца ўшанаванне спонсараў.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, навуцы і культуры Наталля Кучынская паведаміла на прэс-канферэнцыі, што дэпутаты разглядаюць пытанне аб унясенні норм папулярызацыі беларускай мовы ў праект Кодэкса аб культуры.
“Гэтыя моманты цяпер на разглядзе. Якім мы ўбачым праект (у другім чытанні. — Заўв. БелТА.), залежыць ад таго, наколькі ён будзе ўзгоднены з зацікаўленымі, як за яго прагаласуюць дэпутаты”, — растлумачыла Наталля Кучынская.
“У нас ёсць заканадаўства аб мовах. Яно рэгулюе якраз гэтыя пытанні. Вядома, беларуская мова — частка нацыянальнай культуры. І моманты па папулярызацыі сапраўды прапісаны ў праекце”, — адзначыла дэпутат. У першым чытанні праект Кодэкса аб культуры быў прыняты ў 2015 годзе. Паводле яе слоў, гэты дакумент не мае аналагаў у свеце.