Размаўляем па-беларуску

- 16:01Дашкольная адукацыя

Педагогі ясляў-сада № 2 Круглага заўсёды ў пошуку новых форм і сродкаў далучэння выхаванцаў да беларускай мовы, беларускіх традыцый і культуры. У нашай установе створаны беларускі куток, дзе знаходзяцца беларускія цацкі, дыдактычныя і настольна-друкаваныя гульні, розныя віды лялек-“беларусаў”, лэпбук “Мой родны край — Кругляншчына” з маўленчымі гульнямі, карцінкамі прыгожых мясцін роднай старонкі і інш.

Выхавальнікі ўдзяляюць значную ўвагу гульням-драматызацыям і гульням-забаўлянкам. Асабліва нашы выхаванцы любяць гуляць з беларускімі хустачнымі лялькамі: Рыгоркам і Аленкай. Гэтымі лялькамі кіруе лялькавод-выхаванец. Аснова імітацыі сукенкі лялькі — трохвугольнік або квадрат з тканіны. Сукенка ўпрыгожана беларускім арнаментам. Галава лялькі мацуецца да сукенкі ў раёне шыі і вешаецца на прышытых вяровачках на шыю лялькавода. Такая лялька дазваляе вылучыць самыя тонкія нюансы пачуццяў і настрою героя, яна валодае выразнай жэстыкуляцыяй і можа выконваць складаныя рухі, дзеянні, недаступныя іншым лялькам (хадзіць, танцаваць, ся­дзець, паказваць, браць за руку, гладзіць па галаве і інш.).

Нашы Рыгорка і Аленка ў гульнях “размаўляюць” толькі на роднай мове: удзель­нічаюць у абмеркаваннях зместу літаратурных твораў на беларускай мове, перадаюць змест твора ад імя дзяўчынкі ці хлопчыка, прыдумваюць і вядуць дыялог паміж сабой, задаюць пытанні дзецям і адказваюць на пытанні аднагодак, выказваюць просьбу — інакш кажучы, выконваюць пэўныя камунікатыўныя дзеянні. У такіх маўленчых сітуацыях дзеці вучацца размаўляць на беларускай мове, успрымаць і разумець яе, весці дыялог. Пры стварэнні адпаведных умоў і афармленні гульнявой прасторы ў дашкольнікаў фарміруецца цікавасць да каштоўнасцей нацыянальнай культуры і патрэба ў зносінах на роднай мове.

Валянціна БУГАЕВА,
выхавальніца ясляў-сада № 2 Круглага.