Размова аб адукацыі

- 14:04Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь І.В.Карпенка сустрэўся з педагагічнай грамадскасцю Гродна.

Вітаючы педагогаў, міністр прапанаваў правесці сустрэчу ў фармаце дыялогу, каб абмеркаваць актуальныя пытанні адукацыі, падрыхтоўкі кадраў. Пры гэтым І.В.Карпенка адзначыў, што ніякіх рэформ у сістэме адукацыі не будзе, яна павінна паступова развівацца і мяняцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу.

— Сістэма адукацыі сёння павінна быць дакладна ўбудавана ў эканоміку краіны, адпавядаць яе запытам, а падрыхтоўка кадраў павінна весціся з улікам патрэбы ў іх, — адзначыў І.В.Карпенка.

Вельмі важна тут міжведамаснае супрацоўніцтва Міністэрства адукацыі з міністэрствамі эканомікі, працы і сацыяльнай абароны, усімі зацікаўленымі структурамі, у тым ліку ў кантэксце зместу адукацыйных праграм.

— Але тут нельга ісці па шляху спрашчэння: адукацыя павінна спалучаць фундаментальнасць і практыка-арыентаваны падыход, — сказаў міністр.

Ішла размова і аб якасці адукацыі, у прыватнасці абмяркоўваліся пытанні работы гімназій і ліцэяў, профільных класаў. І міністр, і ўдзельнікі сустрэчы адзначылі, што задача гэтых адукацыйных структур — не толькі падрыхтаваць навучэнца да здачы цэнтралізаванага тэсціравання і паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі, галоўнае — мэтанакіравана сфарміраваць у маладога чалавека бачанне сваёй прафесійнай будучыні.

— У першую чаргу мы павінны развіваць і выхоўваць асобу навучэнца, рыхтаваць яго да выхаду ў самастойнае жыццё, даўшы веды і выхаваўшы чалавека з адказнай грамадзянскай пазіцыяй, — падкрэсліў І.В.Карпенка.

Абмеркавалі ўдзельнікі сустрэчы і пытанні работы ўстаноў адукацыі ў шосты школьны дзень, які павінен стаць і днём актыўнага ўзаемадзеяння школы з сям’ёй. Актыўна працаваць у суботу павінны ўсе ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Удзельнікі сустрэчы ўнеслі прапановы па якасці зместу падручнікаў, аздараўленні дзяцей у летні перыяд, аптымізацыі сістэмы перападрыхтоўкі кадраў і павышэння кваліфікацыі.

І.В.Карпенка нагадаў, што ўсе жадаючыя могуць прыняць удзел у абмеркаванні Кодэкса аб адукацыі, размешчаным на сайце міністэрства.

Сустрэча праходзіла ў Гродзенскім дзяржаўным каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну. Міністр адукацыі азнаёміўся з сістэмай падрыхтоўкі ў каледжы маладых спецыялістаў, супрацоўніцтвам з заказчыкамі кадраў, матэрыяльнай базай. Пабываў Ігар Васільевіч на выставе творчых дасягненняў навучэнцаў, у вытворчых майстэрнях, бібліятэцы, музеі гісторыі каледжа, дзе зрабіў запіс у кнізе ганаровых гасцей.

На сустрэчы прысутнічалі начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама А.Г.Сонгін, кіраўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна І.І.Курман, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы А.Д.Кароль, кіраўнікі і настаўнікі школ і гімназій, устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.

У гэты ж дзень адбылася сустрэча міністра адукацыі І.В.Карпенкі са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама У.В.Краўцовым.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.