Першы намеснік міністра адукацыі Вадзім Богуш сустрэўся з калектывам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Спачатку Вадзім Анатольевіч правёў прамую тэлефонную лінію і адказаў на пытанні супрацоўнікаў і студэнтаў, потым адбылася сустрэча з выкладчыкамі і супрацоўнікамі ГрДУ.
В.А.Богуш выступіў з дакладам “Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь”. У выступленні, насычаным багатай статыстычнай інфармацыяй, утрымліваўся аналіз і перспектывы развіцця сістэмы адукацыі Беларусі — ад дашкольнай да дадатковай адукацыі дарослых. Гэтая сістэма ўключае больш за 8 тысяч устаноў адукацыі, дзе працуе звыш 200 тысяч педагогаў. Сістэмай адукацыі ў нашай краіне ахоплена каля 2 млн выхаванцаў, навучэнцаў і студэнтаў. Беларусь па індэксе чалавечага развіцця займае 53-е месца ў свеце (гэта лепшы паказчык сярод краін СНД) і ўваходзіць у трыццатку найбольш развітых краін у сферы адукацыі.Асаблівую ўвагу В.А.Богуш звярнуў на прынцып бесперапыннай адукацыі, у тым ліку і для людзей пенсійнага ўзросту, на падрыхтоўку некаторых змяненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, на працэсы, якія будуць ажыццяўляцца ў сувязі з уступленнем Беларусі ў Балонскі працэс.
Вадзім Анатольевіч у сваім выступленні спыніўся на пытаннях выхавання школьнікаў і студэнтаў, а таксама шляхах удасканалення прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў праз стварэнне рэсурсных цэнтраў, дыстанцыйнай формы адукацыі, кластарнай ці сеткавай арганізацыі работы ўніверсітэтаў.На пачатку выступлення В.А.Богуш звярнуўся да ўдзельнікаў сустрэчы з прапановай уключыцца ў дыялог аб развіцці вышэйшай адукацыі. Ад прысутных прагучала шмат пытанняў і прапаноў па яе развіцці і ўдасканаленні. Так, былі закрануты тэмы прызнання дыпломаў кандыдатаў і дактароў навук, прыцягнення ўніверсітэцкіх выкладчыкаў да выкладання ў сярэдніх спецыяльных навучальных установах, аб статусе магістра.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны МАРОЗ.