Развіццё адносін з КНР было і застаецца прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі

- 10:42Інфармацыйная гадзіна

Беларусь і Кітай рэзка актывізавалі міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, заявіў Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на сустрэчы з губернатарам кітайскай правінцыі Цзянсу У Чжэнлунам.

“Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва апошнім часам рэзка актывізавалася, выраслі інтэнсіўнасць і ўзровень візітаў, устаноўлены трывалыя кантакты. Рэгіёны звязаны па “Шаўковым шляху” прамымі чыгуначнымі зносінамі, што аказвае значны ўплыў на ўзровень двухбаковага гандлю”, — адзначыў Сяргей Румас.

Кіраўнік урада звярнуў увагу, што ў ходзе апошняй сустрэчы лідараў Беларусі і Кітая кіраўнікі дзяржаў падкрэслілі асаблівую важнасць супрацоўніцтва на рэгіянальным узроўні, які валодае найбольшым патэнцыялам, бо кожная кітайская правінцыя па памерах як сярэдняя еўрапейская краіна.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, развіццё адносін з Кітайскай Народнай Рэспублікай было і застаецца прыярытэтам знешняй палітыкі Беларусі, таксама гэта добры прыклад выбудоўвання раўнапраўных, паважлівых і ўзаемавыгадных адносін паміж адной з найбуйнейшых дзяржаў свету і невялікай краінай. Адносіны давернага ўсебаковага супрацоўніцтва і партнёрства паміж Беларуссю і Кітаем актыўна развіваюцца, прадаўжаецца дыялог на ўсіх узроўнях, дадаў кіраўнік урада.

Сяргей Румас прапанаваў У Чжэнлуну абмеркаваць далейшыя крокі па пашырэнні супрацоўніцтва Беларусі з правінцыяй Цзянсу. “Мне вельмі важна пачуць вашу думку: што можа зрабіць урад для таго, каб наша супрацоўніцтва развівалася ў тым рэчышчы, на якое нас нацэльваюць кіраўнікі нашых дзяржаў”, — рэзюмаваў ён.

Правінцыя Цзянсу знаходзіцца на ўсходзе Кітая, гэта адзін з найбольш развітых кітайскіх рэгіёнаў. У 2017 годзе ВУП Цзянсу дасягнуў $1,26 трлн — гэта 10,4 працэнта сумарнага ВУП Кітая.