Развіццё маўлення дзіцяці: дапамогуць бірулькі і Слонік-Тупатуша

- 16:18Адукацыйная прастора

Усе бацькі з нецярпеннем чакаюць, калі дзіця пачне гаварыць, і шчыра радуюцца першым “мама”, “тата”, “баба”, а самыя цікавыя дзіцячыя выслоўі яшчэ доўга згадваюць на сямейных святах, бо маўленне — гэта штодзённы цуд, тое, што робіць чалавека чалавекам. Маўленне — адзін з найважнейшых набыткаў ранняга дзяцінства. Ад узроўню развіцця маўлення залежыць інтэлектуальнае развіццё дзіцяці, фарміраванне яго характару, эмацыянальна-асобаснай сферы, таму развіццю маўлення ўдзяляецца вялікая ўвага як бацькамі, так і ўстановамі адукацыі, тым больш што ў наш час дзяцей з недаразвіццём маўлення даволі многа.

Маўленчае развіццё разглядаецца ў сучаснай дашкольнай адукацыі як аснова выхавання і навучання дзяцей. Многія педагогі вывучаюць і прыдумляюць новыя метады і прыёмы работы. У Мінскім абласным ІРА таксама вядзецца актыўная работа: ладзяцца круглыя сталы, творчыя лабараторыі, майстар-класы, ствараюцца творчыя групы і многае іншае. Запатрабаваным сярод педагогаў стаў семінар “Выкарыстанне нетрадыцыйных прыёмаў і матэрыялаў для развіцця дробнай маторыкі як стымулу развіцця маўлення”, які праводзіцца на базе інстытута і ў раёнах.

На семінары сваім вопытам работы дзеліцца Ларыса Валер’еўна Андрыенка, настаўнік-дэфектолаг ясляў-сада № 6 Мар’інай Горкі. Ларыса Валер’еўна заўсёды акцэнтуе ўвагу на тым, што здароўезберагальныя тэхналогіі — неад’емная частка лагапедычнай карэкцыйнай работы. І менавіта праз стварэнне здароўезберагальнага асяроддзя і правільны выбар форм і метадаў работы магчыма пераадоленне цяжкасцей, з якімі сустракаецца дзіця, што мае маўленчыя парушэнні. У сваёй рабоце педагог актыўна выкарыстоўвае як традыцыйныя, так і нетрадыцыйныя метады, накіраваныя адначасова на развіццё дробнай маторыкі і здароўезберажэнне: артыкуляцыйную і пальчыкавую гімнастыку, масаж і самамасаж, гімнастыку для вачэй, біяэнергапластыку, кінезіялагічныя практыкаванні, су-джок-тэрапію, дыхальную гімнастыку. Работа адпавядае прынцыпам даступнасці і індывідуальнасці, паслядоўнасці і сістэматычнасці, нагляднасці, сувязі з жыццёвым вопытам.

На семінары Л.В.Андрыенка прадстаўляе вялікую колькасць нетрадыцыйных сродкаў навучання для развіцця дробнай маторыкі дзяцей. Многія зроблены з падручных матэрыялаў. Напрыклад, шмат развіццёвых гульняў можна праводзіць з гузікамі, пацеркамі. Эфектыўным трэнажорам для пальцаў рук з’яўляюцца таксама звычайныя накрыўкі ад пластыкавых бутэлек: з іх можна рабіць пацеркі, пірамідкі, можна сартаваць, складаць карцінкі і многае іншае. З пластыкавых бутэлек нескладана рабіць цацачных жывёл, якіх можна апранаць, карміць з дапамогай рук, лыжкі, палачак. Адны з самых любімых дзіцячых забаў — гульні з пяском. Цудоўна, калі ёсць спецыяльнае абсталяванне для пескаграфіі, у адваротным выпадку яго можна замяніць скрынкай, падносам ці каробкай, напоўненай пяском. Замест пяску можна выкарыстоўваць манныя або іншыя крупы. На пяску дзеці з задавальненнем пакідаюць сляды, адбіткі, узоры, малюнкі.

Л.В.Андрыенка расказвае, што ствараць дапаможнікі для заняткаў часта дапамагаюць бацькі выхаванцаў. Так, сумеснымі намаганнямі быў зроблены з нітак пальчыкавы тэатр, з тканіны пашыты “жывыя кніжкі”, дэталі якіх адшчэпліваюцца, дзякуючы чаму можна выконваць розныя заданні. Так, у адной з кніжак можна знайсці “пральную машыну”, дэталі-адзенне можна сартаваць, мыць, вешаць, сушыць.

Сваім выхаванцам на занятках і калегам на семінарах Ларыса Валер’еўна прапаноўвае пагуляць у бірулькі. І хоць выраз “гуляць у бірулькі” выкарыстоўваецца, калі маецца на ўвазе несур’ёзны занятак, такая гульня можа дапамагчы ў развіцці маторыкі. Бірулькі — маленькія фігуркі, якія дзеці стараюцца выцягнуць з ёмістасці з дапамогай невялічкіх кручкоў.

У якасці нетрадыцыйнага прыёму для развіцця дробнай маторыкі педагог выкарыстоўвае кінезіялагічныя казкі, падчас праслухоўвання якіх дзеці выконваюць кінезіялагічныя практыкаванні. Такія творы можна знайсці ў спецыяльнай літаратуры або прыдумаць уласную казку.

Л.В.Андрыенка шырока выкарыстоўвае ў сваёй рабоце і Слоніка-Тупатушу. Гэта пальчыкавы трэнажор, зроблены з мяккага, гнуткага матэрыялу. Ён свабодна адзяваецца на 5 пальчыкаў правай і левай рукі дзіцяці. Пры лёгкіх рухах рукі цацка “ажывае”, і можна выконваць гульнявыя практыкаванні, вельмі карысныя для развіцця дробнай маторыкі, каардынацыі рук, арыентацыі ў прасторы.

Яшчэ адна цікавая прылада — гурман-трэнажор для кітайскіх палачак. На думку японскіх вучоных, пры выкарыстанні палачак задзейнічана 80 суставаў і 50 мышцаў, а таксама галаўны мозг. Такім чынам, прымяненне палачак не толькі развівае спрытнасць рук, але і трэніруе розум. Гурман-трэнажор вучыць карыстацца кітайскімі палачкамі, забяспечвае правільнае становішча пальцаў. Пры гэтым есці палачкамі неабавязкова, імі можна, напрыклад, перакладаць невялікія прадметы.

Адной з нетрадыцыйных лагапедычных тэхналогій з’яўляецца су-джок-тэрапія — сукупнасць прыёмаў уздзеяння на біялагічна актыўныя кропкі на кісцях рук і ступнях. У рабоце Ларысы Валер’еўны такія прыёмы выкарыстоўваюцца ў якасці масажу для развіцця дробнай маторыкі і агульнага ўмацавання арганізма. Масаж праводзіцца з дапамогай спецыяльных шарыка і кольца. Перакочваючы шарык паміж далонькамі, а кольца — па пальцах, дзеці масажуюць мышцы рук. Гэта цікава рабіць, слухаючы спецыяльныя казкі і гісторыі, а таксама гуляючы ў гульні, якія дапамагаюць аўтаматызаваць гукі, удасканаліць веды лексіка-граматычных катэгорый, развіваюць памяць і ўвагу. Прыёмы су-джок-тэрапіі пры правільным прымяненні даюць значны эфект. Яны бяспечныя, і, калі нешта зрабіць няправільна, шкоды не будзе.

Дарэчы, прыёмы су-джок-тэрапіі, трэнажор для кітайскіх палачак і Слонік-Тупатуша карысныя таксама для хворых на ДЦП і тых, хто папраўляецца пасля інсульту. Гэтыя, а таксама іншыя прылады і прыёмы вельмі простыя, каштуюць нядорага і могуць выкарыстоўвацца не толькі педагогамі, але і бацькамі дома.

“Розум дзіцяці знаходзіцца на кончыках яго пальцаў”, — так лаканічна і зразумела выбітны педагог В.А.Сухамлінскі паказаў сувязь развіцця маторыкі з маўленнем і мысленнем дзіцяці. Метадаў, прыёмаў, прылад і наогул магчымасцей для развіцця маторыкі мноства. Крыху старанняў і намаганняў дарослых — і розум і маўленне дзіцяці будуць на высокім узроўні.

Дар’я Рэва.
Фота аўтара.