Калі дзіцяці спаўняецца шэсць гадоў, бацькі задумваюцца: адпраўляць яго ў школу ці яшчэ пачакаць. Прыняць узважанае рашэнне ім дапамагаюць парады спецыялістаў і іншых бацькоў, якія на ўласным вопыце ўпэўніліся ў правільнасці таго ці іншага рашэння. Мы завіталі ў дзіцячы сад № 527 Мінска, каб пагутарыць з педагогамі, чый працоўны стаж складае 20 і больш гадоў, аб крытэрыях гатоўнасці і асаблівасцях падрыхтоўкі дзяцей да школы. На нашы пытанні адказваюць намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Ірына Міхайлаўна Купрэева, настаўнік-дэфектолаг Зінаіда Андрэеўна Скварцова, педагог-псіхолаг Валянціна Уладзіміраўна Раманюк.
— Назавіце, калі ласка, асноўныя крытэрыі гатоўнасці дзіцяці да школы. Ці можна назваць сярод самых важных уменне чытаць, пісаць, лічыць?
З.А.Скварцова:
— Нельга звязваць падрыхтоўку да школы толькі з уменнем чытаць, пісаць і лічыць. Дзіця павінна быць фізічна здаровым, мець развітыя псіхічныя працэсы (добрую памяць, увагу, мысленне), сфарміраваную матывацыю да школы. Адзін з галоўных момантаў — маўленчая гатоўнасць — узгодненасць усіх бакоў маўлення. Дзіцяці неабходна правільна вымаўляць гукі, мець багаты слоўнікавы запас, навыкі словаўтварэння і словазмянення, неабходна валодаць звязным маўленнем і ўяўленнем аб граматычным боку мовы. У маўленні не павінна быць гукавых замен. Напрыклад, “солныско” замест “солнышко”, “палта” замест “парта”. Калі да школы маўленне не выправіць, могуць сфарміравацца дысграфія — графічна няправільнае, з памылкамі пісьмо, і дыслексія — праблемы з чытаннем. Асаблівую ўвагу пры рабоце з дашкольнікамі трэба звяртаць на ўтварэнне адносных і прыналежных прыметнікаў, словазлучэнняў з прыназоўнікамі, на дапасаванне слоў да лічэбнікаў і іншыя складаныя моманты. Бацькі могуць проста не заўважыць многіх нюансаў у маўленні дзяцей, таму ім трэба своечасова звяртацца за парадамі і кансультацыямі да спецыялістаў.
Акрэсленай задачы навучыць дашкольнікаў чытаць, пісаць і лічыць мы не ставім. У садзе мы рыхтуем дзяцей да таго, каб ім пасля было лёгка гэтаму навучыцца. Як правіла, у 4-5 гадоў, так званым сензітыўным узросце, дзеці самі пачынаюць цікавіцца літарамі і гукамі. Добра, калі бацькі заўважаюць гэта і разам са спецыялістам падтрымліваюць і развіваюць цікавасць дзяцей. Увогуле, што такое чытанне? Гэта ўменне спалучаць гукі ў склады, склады ў словы, словы ў сказы. Дзіця чуе паслядоўнасць гукаў, педагог вучыць яго вылучаць асобныя гукі, знаёміць з галоснымі і зычнымі гукамі, цвёрдымі і мяккімі, з паняццямі “склад”, “слова”, “сказ”, вучыць рабіць гукавы аналіз слова. І дзіця пачынае чытаць.
Можна навучыць малышоў лічыць. Але важна, каб яны рабілі гэта не механічна, умелі суадносіць лічбу з колькасцю прадметаў, маглі асэнсавана лічыць наадварот. Каб лепш запомніць лік, можна прапанаваць дзіцяці намаляваць піктаграму, вывучыць лёгкі верш, у якім згадваюцца лічбы. Калі малыш засвойвае лічбы да 10, то і далей, як правіла, праблем не ўзнікае. Галоўнае — зразумець механізм, алгарытм.
Што тычыцца падрыхтоўкі да пісьма,то тут справа складаней. Яе не вырашыць раннім далучэннем да пропісяў у вузенькую лінеечку. У 4 гады ў дзіцяці размашыстыя рухі, яно яшчэ не гатова да тонкіх дакладных рухаў рукой. Дайце яму ватман і няхай піша, малюе. Тым самым вы будзеце рыхтаваць руку малыша да пісьма. Трэба развіваць зрокава-маторную каардынацыю. Рэкамендуем маляванне па клетачках — своеасаблівы графічны дыктант, які адначасова ўдасканальвае арыентацыю: адчуванне лева-права, верху-нізу. Падрыхтоўка да школы мае на ўвазе і развіццё дробнай маторыкі — з ранняга дзяцінства неабходны пальчыкавыя гульні з розным матэрыялам. А перад самай школай лепш за ўсё рыхтуюць руку да пісьма штрыхаванне, абвядзенне малюнкаў, выяў, друкаваных літар. Можна прапанаваць дзіцяці для пісьма сшыткі ў лінейку або буйную клетку, каб яно бачыла абмежаванні. Трэба адразу звярнуць увагу на тое, ці правільна дзіця ўзяло ў руку ручку або аловак. Ад гэтага залежыць і хуткасць будучага пісьма, і почырк. Дзеці часта няправільна трымаюць ручку. Вось прыклад правільнага трымання: канец алоўка або ручкі павінен “глядзець” на плячо. Тры пальчыкі дзіця кладзе зверху на аловак і з’язджае імі ўніз.
В.У.Раманюк:
— Будучаму першакласніку, на мой погляд, важна мець багатую фантазію, пазнавальную актыўнасць і самастойнасць. Многія псіхолагі і педагогі лічаць, што менавіта развітое ўяўленне надае дзіцяці ўпэўненасці ў сабе. Калі яно можа фантазіраваць, можа і больш актыўна набываць веды, выходзіць за межы простага запамінання. Хацелася б адзначыць важнасць камунікатыўных здольнасцей — умення супрацоўнічаць, правільна паводзіць сябе ў калектыве, кантактаваць з дарослымі, адэкватна ўспрымаць інфармацыю. Часам бацькі не звяртаюць увагу на такія аспекты, аддаюць перавагу фармальным паказчыкам гатоўнасці да школы.
— Адны бацькі мяркуюць, што 6 гадоў — знакавая прыступка, што з яе трэба ісці ў першы клас, каб дзіця не “перагарэла” ў сваёй празе да ведаў. Іншыя ж, па розных прычынах, жадаюць працягнуць дзяцінства свайму малышу. У якім узросце дзеці пакідаюць ваш сад?
З.А.Скварцова:
— Дыскусіі наконт таго, у якім узросце дзіцяці лепш ісці ў школу, вядуцца пастаянна. Часам дарослым цяжка даецца рашэнне, яны неаднойчы звяртаюцца да педагогаў за парадай. Ёсць сярод дарослых і такія, якія самі яшчэ не гатовы “ісці са сваім дзіцем у школу”. Каб папярэдзіць такія сітуацыі, мы арганізавалі ў нашай установе “Школу клапатлівых бацькоў”, на занятках якой паступова рыхтуем татаў і мам да пераходу дзяцей у першы клас. Большасць выхаванцаў пакідае наш сад у 6 ці ў 6,5 года. Выключэнне складаюць малыя са спецыяльнай групы для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. У канцы навучальнага года гэтыя выхаванцы праходзяць медыка-псіхолага-педагагічную камісію, якая дае заключэнне аб стане іх маўлення. Калі праблемы засталіся (маторная алалія, напрыклад, выпраўляецца цяжка), дзяцей пакідаюць у садзе, калі ж застаюцца толькі частковыя, нязначныя парушэнні, выхаванцам рэкамендуюць ісці ў школу, дзе таксама ёсць карэкцыйныя пункты і інтэграваныя праграмы навучання. Але, як правіла, са спецыяльнай групы большасць дзяцей ідзе ў школу з “нормай” або з нязначнымі парушэннямі маўлення.
— Як зрабіць пераход дзяцей да школы больш лёгкім і непрыкметным? Ці ўводзіце вы ў гульнявой форме элементы будучага школьнага жыцця?
І.М.Купрэева:
— Выхавальніку не трэба ператварацца ў настаўніка. А вось настаўнік павінен быць і выхавальнікам, інакш ён не знойдзе падыход да дзяцей. Настаўнік у адрозненне ад дашкольнага педагога больш выкарыстоўвае вучэбную методыку, чым гульнявую. Гульня ўжо не з’яўляецца вядучым відам дзейнасці. Важна, каб у школе настаўнікі прымянялі здароўезберагальныя методыкі, якія дапамаглі б дзецям перажыць перыяд адаптацыі бязбольна. Шасцігадовыя дзеці больш рухавыя і непаседлівыя, чым сямігодкі. З імі трэба часцей рабіць псіхагімнастыку, фізкультхвілінкі, прапаноўваць гульнявыя практыкаванні, падчас выканання якіх яны будуць вырашаць і пэўную вучэбную задачу — напрыклад, вывучаць матэматыку. Калі жваваму малышу дазволіць раз-другі залезці пад парту, то хутчэй за ўсё ён супакоіцца, і педагогу не трэба будзе асаджваць непаседу пастаяннымі заўвагамі.
Каб зрабіць пераход дзяцей з сада ў школу лёгкім і непрыкметным, мы наладзілі супрацоўніцтва з найбліжэйшымі школамі (№№185 і 179). Выхавальнікі з дзецьмі наведваюць іх заняткі. Мы запрашаем настаўнікаў, якія праз год будуць набіраць першыя класы, на сустрэчы з бацькамі ў старшую групу. Іншы раз раім: вось гэтае дзіця трывожнае, таму настаўнік яму патрэбен вельмі памяркоўны. Выхавальнікі арганізоўваюць экскурсіі на школьныя ўрокі, пасля якіх выхаванцы размаўляюць з навучэнцамі. Яны даведваюцца аб правілах, якія існуюць у школе. Іншы раз дашкольнікі не проста прысутнічаюць на ўроку, але і выконваюць заданне настаўніка (гэта прадугледжваецца загадзя), — узнімаюць руку, выходзяць да дошкі. Пасля таго, як нашы выхаванцы пабываюць у школе, яны адлюстроўваюць школьнае жыццё ў сваіх сюжэтна-ролевых гульнях.
В.У.Раманюк:
— Трэба памятаць, што мы рыхтуем дзіця не толькі да школы, а і да жыцця. У яго павінна быць і адэкватная самаацэнка, і ўпэўненасць у сабе. Але ж нельга забывацца аб тым, што ў школе яму давядзецца прытрымлівацца пэўных правіл, да якіх мы прывучаем ужо ў садзе. Напрыклад, падчас заняткаў і гульняў выкарыстоўваем невялікі званочак з прыемным гучаннем, які дапамагае малышам ажыццяўляць самакантроль. Празвінеў званок першы раз — яны пачынаюць рыхтавацца да завяршэння работы, якую выконваюць, другі раз — заканчваюць яе і распачынаюць іншыя заняткі. Калі дзецям нагадвае не выхавальнік, а званочак ці нейкая цацка, яны гэта ўспрымаюць лепш. Яшчэ адно правіла. Каб адказаць на пытанне педагога, дзеці не ўзнімаюць руку, — педагогі звяртаюцца да малых так: “Адказвае той, у каго ў руках мяч” (кідаюць яму мяч) і тым самым запрашаюць да адказу. Для малышоў гэта больш цікава і займальна. Сталы мы выкарыстоўваем толькі на матэматычных занятках, пры навучанні пісьму, пры правядзенні гукавога аналізу, які прадугледжвае пісьмовае афармленне, і пры маляванні. А падчас заняткаў па развіцці маўлення дзеці звычайна размяшчаюцца на дыванку або на канапе.
Самы галоўны навык, які неабходна выпрацаваць у дзіцяці падчас заняткаў у дашкольнай установе, — умець, знаходзячыся ў калектыве, чуць педагога; разумець, што ён гаворыць; успрымаць яго пажаданні і патрабаванні менавіта да сябе; навучыцца іх выконваць. Калі гэты навык будзе засвоены ў садзе, дзіця прыйдзе ў першы клас і будзе асэнсавана выконваць усе вучэбныя дзеянні. У яго паступова сфарміруюцца навыкі камунікатыўных зносін з тымі, хто побач, культура паводзін, якая паўплывае на ўсё яго далейшае жыццё.
— А калі ў дзіцяці знікне жаданне вучыцца, напрыклад, з-за таго, што праграму першага ці нават другога класа яно ўжо засвоіла…
І.М.Купрэева:
— Вучыцца заўсёды цікава — гэта аксіёма, але нецікавым можа быць педагог. Калі дарослы чалавек пастаянна дае зразумець, што ён лепш за ўсіх усё ведае, прычым трансліруе гэтыя веды безапеляцыйна — маўляў, толькі так, а не інакш, — і не дае магчымасці выказаць дзіцяці сваё меркаванне, то такія зносіны могуць адбіць у малога ўвесь пазнавальны інтарэс. Педагогу неабходна быць чулым да кожнага навучэнца, развіваць у дзяцей матывацыю да ведаў, каб яны былі ў пастаянным самастойным пошуку, параўноўвалі, эксперыментавалі, рабілі высновы. Важна данесці да іх, што працэс пазнання няспынны, што ён працягваецца ўсё жыццё, і школа можа стаць вельмі значнай часткай гэтага працэсу. Гэта залежыць і ад самога навучэнца, ад яго настойлівасці ў спасціжэнні ведаў.
Важна і тое, наколькі правільна педагог асэнсоўвае сваю задачу — вучыць дзяцей, якія, як правіла, прыходзяць у школу настроенымі на вучобу. І як лёгка некампетэнтны педагог можа адбіць ахвоту вучыцца далей! Калі на ўроку чытання вопытны настаўнік прапаноўвае навучэнцу, які ўжо добра чытае, думаць над крыжаванкамі, галаваломкамі, лабірынтамі — гэта будзе правільным: і своеасаблівае чытанне, і заняткі для развіцця розуму. Ці будзе сумна навучэнцам, калі настаўнік прынясе на ўрок цікавыя гульнявыя практыкаванні? Падзеліць дзяцей на каманды, на падгрупы, дасць больш складаныя тэксты? Для таленавітых дзяцей у педагога заўсёды павінны быць у запасе карткі з дадатковым заданнем. Упэўнена, што сапраўдны педагог зможа навучыць кожнага.