Развіваючы талент: кантэнт на YouTube дзіцячай тэлестудыі «Ювента» набірае некалькі дзясяткаў тысяч праглядаў

- 9:00Главная, Новости

Апынуцца ў свеце тэлебачання — унікальная магчымасць прадастаўляецца ў дзіцячай тэлестудыі Светлагорскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента”. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Калі сучасным дзецям даць у рукі камеру, то неўзабаве з’явяцца кароткія ролікі ў стылі ТikTok. У пагоні за хуткім вынікам тут жа страціцца глыбіня зместу і якасць выканання. Каб светлагорская моладзь імкнулася да большага і лепшага — педагогі дзіцячай тэлестудыі Светлагорскага цэнтра творчасці дзяцей і мола­дзі “Ювента” дапамагаюць, падказваюць і арыентуюць школьнікаў у інфармацыйным свеце. Удзельнікі тэлестудыі самі пішуць сцэнарыі, здымаюць і манціруюць відэаролікі, так яны развіваюць свае творчыя здольнасці і далучаюцца да свету тэлебачання. Акрамя таго, праз сродкі сучаснай камунікацыі юныя журналісты гатовы расказаць равеснікам і іх бацькам аб праблемах, абмеркаваць важныя пытанні.

— Сёння важна моладзь на­кіроўваць на важнае і значнае як у выхаваўчым плане, так і ў жыццёвым, напрыклад, вучыць іх разбірацца ў інфармацыі, бачыць сутнасць, сыходзіць ад павярхоўных рэчаў, — падкрэслівае педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік дзіцячай тэлестудыі “Ювента” Ірына Пятрушка. — Хочацца, каб дзеці займаліся нечым змястоўным, каб падчас творчай работы ім адкрываліся базавыя чалавечыя каштоўнасці. Як кіраўнік імкнуся, каб юныя журналісты ўдзельнічалі ў стварэнні прадукту, які б узбагачаў іх унутраны свет, рабіў іх лепшымі. Акрамя таго, у дзіцячай тэлестудыі шмат увагі ўдзяляем навыкам публічнага выступлення.

Тэлестудыя “Ювента” аб’ядноў­вае дзяцей розных узростаў, самай малодшай — 8 гадоў, а самы старэйшы — дзесяцікласнік Фёдар Лучыновіч, які сёлета стаў удзельнікам знакамітага беларуска-расійскага культурна-адукацыйнага праекта “Цягнік Памяці”. Юнак прайшоў сур’ёзны конкурсны адбор, каб адправіцца ў захап­ляльнае падарожжа.

Акрамя таго, у тэлестудыі займаюцца выхаванцы, якія ў далейшым плануюць паступаць на факультэт журналістыкі БДУ. Дзеці прыглядаюцца, ацэньва­юць спецыфіку прафесіі і, магчыма, у будучыні стануць сапраўднымі профі ў СМІ.

— Студыйцы не толькі здымаюць рэпартажы раённых мерапрыемстваў, сюжэты пра музей гісторыі піянерскай арганізацыі, які размешчаны ва ўстанове, але і становяцца аўтарамі і ўдзельнікамі маштабных праектаў, — адзначае Ірына Пятроўна. — Тэлевізійнай творчасцю моладзь займаецца не так даўно, але ўжо можа пахваліцца прыстойнымі вынікамі. За гэты час студыйцы прынялі ўдзел у шматлікіх конкурсах відэапраектаў, конкурсах юных журналістаў, ёсць перамогі абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Дзеці захоплены здымкай як калектыўных праектаў, так і індывідуальных. У мінулым годзе яны сталі ініцыятарамі і арганізатарамі праекта “Раскажам гісторыю разам”, у якім прынялі ўдзел дарослыя і дзеці з усёй Гомельскай вобласці, было пададзена больш за 40 заявак. За аснову ўзялі кнігу Сяргея Аляксеева “Сто рассказов о войне”, у якой аўтар проста і зразумела расказ­вае пра складаныя гістарычныя падзеі. Удзельнікі праекта па-свойму прачыталі апавяданні з кнігі, знялі па ім відэаролік, дапоўнілі яго фатаграфіямі і тэматычнымі малюнкамі і даслалі запіс да нас у студыю. 22 чэрвеня на мемарыяльным комплексе “Ала” правя­лі цырымонію ўзнагароджання пераможцаў, адзначылі лепшых, тых, чые відэаролікі набралі найбольшую колькасць праглядаў. У гэтым праекце хацелі прыцягнуць дзяцей да чытання, матываваць іх пазнаёміцца з добрымі кнігамі, у тым ліку з тымі, якія расказваюць сучаснаму пакаленню пра няпросты ваенны час. Таксама выхаванцы дзіцячай тэлестудыі правялі экскурсію і расказалі гасцям гісторыю спаленай вёскі Ала. Гэта сімвалічнае месца, дзе не трэба нагадваць, якой можа быць цана за мір. Мемарыяльны комплекс тут узвялі ў памяць аб нявінных ахвярах фашысцкіх злачынстваў.

Дарэчы, летась студыйцы бралі ўдзел яшчэ ў двух праектах. Першы — “Гэта павінен ведаць кожны” — невялікія відэаўрокі па правах і абавязках непаўналетніх. Для здымкаў гэтых урокаў спецыяльнымі гасцямі студыі сталі прадстаўнікі праваахоўных органаў, Асвода, ДАІ, РАНС, ІСН. У форме дыялогу юныя карэспандэнты асвятлялі найбольш вострыя тэмы па праб­лемах правапарушэнняў, адзначалі, як пазбегнуць і не дапусціць тую ці іншую сітуацыю. Створаныя сюжэты трансліруюцца ў школах Светлагорскага раёна на класных і інфармацыйных гадзінах. У другім праекце — “Дарослая тэма” — пры падтрымцы Светлагорскага раённага Савета дэпутатаў былі арганізаваны сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады, дэпутацкага корпуса. На YouTube выйшлі серыі з пяці перадач. У дыялогу закраналіся важныя тэмы, ад гасцей дзеці пачулі парады, што рабіць тут і цяпер, каб дабіцца поспеху.

— У гэтым годзе ў нас новы праект — “Маленькія салдаты вялікай вайны”, — працягвае суразмоўніца. — Мы збіраем інфармацыю пра дзяцей-герояў і маленькіх удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны нашага рэгіёна, здымаем невялікія відэаролікі, каб яшчэ больш азнаёміцца з гісторыяй таго часу. Ужо гатовы 5 сюжэтаў, і работа ў гэтым напрамку будзе весціся аж да 9 мая 2025 года. А яшчэ дзеці ствараюць індывідуальныя праекты, збіраюць цікавыя факты пра працоўныя дынастыі сваіх сем’яў. Так, удалося даведацца, што адзін наш выхаванец расце ў сям’і, у якой прафесія педагога стала прызваннем некалькіх пакаленняў. У другога студыйца 4-е пакаленне сям’і працуе на буйным горадаўтваральным прадпрыемстве ААТ “Светлагорскі ЦКК”. Таксама збіраем інфармацыю пра дынастыі чыгуначнікаў. 

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара і цэнтра творчасці дзяцей і моладзі “Ювента”