Якаснае навучанне і выхаванне патрабуюць стварэння адпаведных умоў, таму ў школах імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб дзецям было максімальна камфортна. На працягу двух дзён прадстаўніцтва Выдавецкага дома “Педагагічная прэса” знаёмілася з арганізацыяй такой дзейнасці ва ўстановах адукацыі Клічаўскага і Асіповіцкага раёнаў, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.
Прэс-тур на Магілёўшчыну прайшоў прадукцыйна. На Клічаўшчыне нас сутракала гаспадыня — начальнік аддзела па адукацыі Клічаўскага райвыканкама Алена Несцяровіч, якая на працягу дня не раз заўважала, што рэгіён багаты на адданых сваёй справе педагогаў і паспяховых вучняў.
“Наша справа — дапамагаць і падтрымліваць, што мы і робім”, — адзначыла Алена Васільеўна.
Клічаўскі цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі сустрэў адметнымі патрыятычнымі праектамі і майстар-класамі. Тут натхнёныя прагай да творчасці сваіх педагогаў дзеці з задавальненнем вырабляюць пано і ўпрыгажэнні з эпаксіднай смалы, робяць габелены, вяжуць кручком лялек-абярэгаў, займаюцца робататэхнікай і ствараюць проста казачныя роставыя кветкі. Як адзначыла дырэктар Вераніка Коўрык, педагогі імкнуцца працаваць з кожным асобна і з усімі разам, каб кожная дзіцячая патрэба знаходзіла водгук.
У клічаўскай сярэдняй школе № 1 імя Героя Савецкага Саюза П.А.Крываноса шмат увагі ўдзяляецца рабоце з адоранымі і высокаматываванымі дзецьмі. Вучні — пастаянныя прызёры рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах і конкурсу даследчых работ. Акрамя таго, тут дзейнічае патрыятычны клуб “Факел”, ёсць музей. Для нас арганізавалі прэзентацыю вынікаў даследчых праектаў школьнікаў, азнаёмілі са спартыўнай базай, прадэманстравалі творчыя дасягненні і дзейнасць у межах праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”. Таксама мы прадэгуставалі стравы з новага меню школьнай сталовай — смачна. Навучальная ўстанова далучылася да рэалізацыі праекта па новым харчаванні. Па словах дырэктара Наталлі Кнігі, 1-я школа ўвесь час імкнецца ісці ў нагу з часам.
Пярэкальская сярэдняя школа прэзентавала дзейнасць школьнага лясніцтва і музея. Тут вялікую ўвагу ўдзяляюць экалагічнаму і патрыятычнаму выхаванню. Абодва напрамкі заслугоўваюць асобнага матэрыялу. Вельмі ўразіў музей, які мала таго што падзелены на некалькі залаў, дык яшчэ і напоўнены ўнікальнымі экспанатамі. Дырэктар навучальнай установы Валянціна Клепча заўважыла, што фарміраванне экспазіцый яшчэ не скончана.
У клічаўскай сярэдняй школе № 2 імя Ф.І.Кавалёва нашай увазе прадставілі інтэрактыўныя пляцоўкі, вопыт работы ў праектнай дзейнасці. І трэба адзначыць, што праекты, якія тут рэалізуюць, здзівілі не толькі сваёй разнастайнасцю, але і набліжанасцю да інтарэсаў дзяцей і мясцовых жыхароў. Тут і шыюць, і на веласіпедах
ездзяць, рэкламуючы здаровы лад жыцця, і гумус з дапамогай каліфарнійскіх чарвякоў вырабляюць. Таму калі дырэктар Таццяна Белабародая запрасіла нас пасадзіць туі на алеі міру і стварэння, то мы з задавальненнем пагадзіліся. І не толькі таму, што побач усталявалі таблічку, дзе была пазначана датычнасць да стварэння алеі прадстаўнікоў Выдавецкага дома. Вельмі ж хацелася далучыцца да школьнай праектнай дзейнасці. Атрымалася. Дзякуй калектыву школы за прадастаўленую магчымасць!
Яшчэ адну падзяку хочацца выказаць нашым калегам з клічаўскай раённай газеты “Сцяг Саветаў”. Яны не толькі працавалі з намі цэлы дзень, але і размясцілі цэлы цыкл фотарэпартажаў у сваім Telegram-канале.
Другі дзень прэс-туру быў прысвечаны знаёмству з установамі адукацыі Асіповіч і раёна. Як заўважыла намеснік начальніка аддзела па адукацыі Асіповіцкага райвыканкама Марына Бабіна, кожная ўстанова раёна мае свае адметнасці. У тым, што гэта сапраўды так, пераканаліся на ўласныя вочы.
Вяззеўская сярэдняя школа ўразіла не толькі атмасферай, але і адметнай вучэбна-выхаваўчай прасторай. Тут на вынік працуе кожны клас, калідоры, спартыўныя залы, рэкрэацыі, сталовая. Сучаснае вучэбнае, спартыўнае і гульнявое абсталяванне стварае адзіную сістэму. Як заўважыла дырэктар
Валянціна Грышановіч, школа кардынальным чынам змянілася пасля рэканструкцыі. З’явіліся светлыя каляровыя калідоры, гульнявыя, інтэлектуальныя пляцоўкі, пашырылася спартыўная, інклюзіўная прастора, новае абсталяванне сталовай дазволіла з лёгкасцю перайсці на харчаванне па новых прынцыпах.
Сярэдняя школа № 1 імя Б.М.Дзмітрыева Асіповіч прэзентавала профільнае навучанне. У гэтай установе адукацыі склаліся свае традыцыі ў арганізацыі дапрофільнай і профільнай падрыхтоўкі. Дзеці вучацца ў педагагічных, інжынерных, аграрных, спартыўных класах, атрымліваюць STEM-адукацыю. Па словах дырэктара школы Алены Паргачовай, тут у прыярытэце развіццё інтэлектуальнага і фізічнага патэнцыялу навучэнцаў, выхаванне ў іх грамадзянскасці і патрыятызму.
“Місія нашай школы — педагагічная падтрымка індывідуальнага развіцця дзіцяці, садзейнічанне яго самавызначэнню ў свеце каштоўнасцей”, — адзначыла Алена Аляксандраўна.
У сярэдняй школе № 4 Асіповіч азнаёміліся з сістэмай адукацыі ў галіне фізічнага выхавання і развіцця інтэлектуальных здольнасцей. Вучні гэтай школы паспяхова займаюцца ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку, актыўна валанцёраць, развіваюць творчы патэнцыял. Школа адметная сваімі педагогамі. У прыватнасці, тут працуе фіналістка конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2023”, настаўніца англійскай мовы Юлія Шульгіна. Як адзначыла дырэктар Святлана Сувеева, за поспехам вучня стаіць творчы патэнцыял і прафесіяналізм педагога. І ў 4-й школе Асіповіч такіх настаўнікаў шмат.
Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА