Рэчыцкая раённая гімназія: эфектыўная работа ў камандзе

- 14:14Метадычная скарбонка

Рэчыцкая раённая гімназія — установа агульнай сярэдняй адукацыі, якая ўпэўнена глядзіць у будучыню і ідзе ў нагу з перадавымі адукацыйнымі тэхналогіямі.

Каманда навучэнцаў і педагогаў гімназіі матывавана на дасягненне высокіх паказчыкаў у адукацыйным працэсе. Адным з асноўных напрамкаў дзейнасці ва ўстанове з’яўляецца арганізацыя работы з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі. Штогод выпускнікі гімназіі паказваюць высокія вынікі ў цэнтралізаваным тэсціраванні. Так, у гэтым годзе выпускнікі гімназіі Аляксей Каваленка (хімія і біялогія), Яна Шылёнак (англійская мова і гісторыя Беларусі), Юлія Талмачова (руская мова) і Настасся Цыкунова (гісторыя Беларусі) справіліся з ЦТ на ўсе 100 працэнтаў. Аляксею і Яне ўдалося зрабіць практычна немагчымае і стаць уладальнікамі двух стабальных сертыфікатаў.

Шэсць стабальных сертыфікатаў — гэта вынік не толькі навучэнцаў. Поспех не быў бы магчымы без прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў гімназіі. Настаўніца гісторыі Алена Мікалаеўна Іруткіна, настаўніца рускай мовы і літаратуры Галіна Рыгораўна Галай, намеснік дырэктара і настаўніца хіміі Святлана Уладзіміраўна Анішчык, настаўніца англійскай мовы Святлана Генадзьеўна Бабчонак — менавіта гэтым педагогам гімназіі ў першую чаргу ўдзячны нашы стабальнікі.

У 2019/2020 і 2020/2021 навучальных гадах гімназія займала пятую пазіцыю ў рэйтынгу ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці па колькасці дыпломаў, заваяваных навучэнцамі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. За 16 гадоў існавання Рэчыцкай гімназіі тут склалася свая мадэль падрыхтоўкі навучэнцаў да конкурсаў і алімпіяд. Выніковасць удзелу ў інтэлектуальных спаборніцтвах — лепшае пацвярджэнне эфектыўнай дзейнасці педагагічнага калектыву.

Кожнаму конкурсу, турніру або алімпіядзе папярэднічае сур’ёзная падрыхтоўка і карпатлівая праца як настаўнікаў, так і навучэнцаў. Работа педагогаў у камандзе апраўдвае сябе на практыцы. Узаемадапамога, павышэнне прафесійнага ўзроўню настаўнікаў, высокі ўзровень матывацыі — прынцыпы, на якіх заснавана работа з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі.

У кожнага настаўніка ёсць свой вопыт выніковай педагагічнай дзейнасці, якім ён гатовы дзяліцца з калегамі. Прадмет узаемаабмену — гэта і вынікі назіранняў і дыягностык, і вопыт выкарыстання інавацыйных адукацыйных тэхналогій, і вучэбныя матэрыялы, і алімпіядныя заданні. Яркім прыкладам выніковага супрацоўніцтва з’яўляецца работа настаўнікаў матэматыкі. Ірына Уладзіміраўна Савіцкая, Святлана Ула­дзіміраўна Галаўко, Святлана Віктараўна Еўдачэнка, Алена Віктараўна Ярмоленка, Таццяна Яўгенаўна Журкова — настаўнікі вопытныя і заўсёды адкрытыя для новых ідэй. У скарбонцы педагогаў — дыпломы навучэнцаў трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды, прадметных конкурсаў і турніраў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў.

Настаўніца матэматыкі І.У.Савіцкая ў сакавіку 2021 года прыняла ўдзел у пасяджэнні выніковай калегіі Міністэрства адукацыі, дзе ёй была ўручана грамата Міністэрства адукацыі за распрацоўку адукацыйнага кантэнту адзінага інфармацыйна-адукацыйнага рэсурсу для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Варта адзначыць, што над распрацоўкай вучэбных матэрыялаў працавалі таксама настаўніцы ма­тэматыкі С.У.Галаўко і С.В.Еўдачэнка.

Пры падрыхтоўцы да алімпіяд у гімназіі ўдзяляецца вялікая ўвага фарміраванню ў навучэнцаў даследчых кампетэнцый. Гімназісты павінны тут і цяпер навучыцца бачыць супярэчнасці, прапаноўваць ідэі і альтэрнатывы для іх вырашэння, прымаць самастойныя рашэнні, працаваць у камандзе і бачыць магчымасці і перспектывы ўласнай даследчай дзейнасці. Прага новых уражанняў, пастаяннае імкненне назіраць і эксперыментаваць, дапытлівасць — вось тры кіты, абапіраючыся на якія педагогі гімназіі эфектыўна арганізоўваюць даследчую дзейнасць навучэнцаў. З мэтай удасканалення праектна-даследчай дзейнасці навучэнцаў на базе гімназіі ўжо больш за 6 гадоў рэалізуецца адукацыйны праект “Інтэрактыўны музей матэматыкі”. У рамках работы над праектам сабраны і сістэматызаваны матэрыял для розных экспазіцый музея: мадэлі, прыборы, аб’екты, якія дазваля­юць пры ўзаемадзеянні з імі ілюстраваць тыя ці іншыя факты, тэорыі і заканамернасці са свету матэматыкі.

Акрамя экскурсій па залах музея, на базе гэтага праекта рэгулярна рэалізуюцца розныя адукацыйныя мерапрыемствы (матэматычныя святы, конкурсы, турніры, гульні, майстар-класы, вучэбныя семінары і трэнінгі), накіраваныя на папулярызацыю матэматыкі. Такім чынам арганізоўваецца праектна-даследчая дзейнасць навучэнцаў над інфармацыйнымі, экскурсійнымі, канструктыўнымі, гульнявымі і даследчымі праектамі. Вынікамі такой дзейнасці з’яўляюцца ўнікальныя прадукты, створаныя навучэнцамі: сцэнарыі мерапрыемстваў, прэзентацыі, плакаты, мадэлі, вучэбна-даследчыя работы. Пры аднолькавых заданнях і пачатковых умовах у гімназістаў атрымліваюцца розныя, непаўторныя вынікі, што сведчыць аб творчым характары працэсу і, несумненна, аб фарміраванні вучэбна-пазнавальных кампетэнцый у адораных і высокаматываваных навучэнцаў.

З мэтай развіцця інтэлектуальнай творчасці навучэнцаў, прыцягнення іх да даследчай дзейнасці ў галіне матэматыкі ў гімназіі адбыліся I Калядныя матэматычныя чытанні для навучэнцаў 5 класаў, ініцыятарамі правядзення якіх стала каманда настаўнікаў матэматыкі і навучэнцаў, членаў навуковага аб’яднання гімназіі. Адметнай рысай матэматычных чытанняў з’яўляецца тое, што навуковымі кіраўнікамі пачынаючых даследчыкаў былі не толькі вопытныя педагогі, але і навучэнцы 9—11 класаў гімназіі. Ацэньвала даследчыя работы журы, у склад якога таксама ўваходзілі старшакласнікі, якія мелі вопыт удзелу ў алімпіядным руху, неаднаразова станавіліся пераможцамі інтэлектуальных спаборніцтваў па матэматыцы.

Удзельнікі матэматычных чытанняў не толькі набылі навыкі самастойнай дзейнасці пры правядзенні даследаванняў, але і атрымалі вопыт публічнага выступлення. Удзел у падобных мерапрыемствах — гэта першы, няхай і зусім маленькі, крок у сапраўдную навуку. А для педагога гэта ідэальная магчымасць убачыць праз арганізацыю пазаўрочнай дзейнасці адоранага навучэнца.

Яшчэ адным прыкладам эфектыўнага вопыту педагагічнай дзейнасці з’яўляецца метадычнае аб’яднанне настаўнікаў рускай мовы і літаратуры, у якое ўваходзяць настаўнікі вышэйшай катэгорыі Галіна Іванаўна Казлова, Алена Іванаўна Мельнік, Алена Уладзіміраўна Вернікоўская і настаўнік-метадыст Галіна Рыгораўна Галай. Кожны педагог мае свой сакрэт поспеху і сваю метадычную іскрынку, дзякуючы чаму ні адзін удзел гімназістаў у інтэлектуальных спаборніцтвах па рускай мове не застаецца без выніку.

З 14 дыпломаў, якія былі заваяваны навучэнцамі гімназіі на трэцім этапе рэспубліканскай алімпіяды 2020/2021 навучальнага года, 6 дыпломаў — па рускай мове і літаратуры. Дзве навучэнкі ўвайшлі ў склад каманды Гомельскай вобласці для ўдзелу ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па рускай мове і літаратуры.

5 дыпломаў і 1-е месца ў рэйтынгу сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомельскай вобласці — такі вынік навучэнцаў гімназіі ў абласным лінгвістычным конкурсе “Ведай і любі рускую мову”.

Творчы і даследчы характар навучання, уменне навучэнцаў арганізаваць уласную вучэбна-пазнавальную дзейнасць, дыферэнцыраваны і індывідуальны падыход да кожнага, актыўнае ўкараненне і выкарыстанне інфармацыйна-камунікатыўных тэхналогій — выкарыстанне такіх метадаў і прыёмаў дапамагае настаўнікам рускай мовы і літаратуры гімназіі эфектыўна арганізоўваць работу з высокаматываванымі і адоранымі навучэнцамі. Апраўдваюць сябе на практыцы і камандныя і групавыя формы работы навучэнцаў, пры якіх малодшыя вучацца ў старэйшых, а старэйшыя бяруць шэфства над малодшымі і курыруюць іх дзейнасць у меру сваіх магчымасцей і кампетэнцый.

Ларыса КАНЦАВАЯ,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Рэчыцкай раённай гімназіі.