Рэчыцкія педагогі: сёння дзяцей трэба пастаянна здзіўляць, спрабаваць новыя мадэлі для іх актывізацыі

- 15:15Лето-2023, Новости, Проекты

Шматлікія праекты Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі   добра вядомы не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы, падрабязнасці ў матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”. 

Дырэктар Рэчыцкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Святлана Чыгрынёва, прадстаўляючы сваю ўстанову, адзначыла, што ў ёй на працягу года займаецца каля 1500 дзяцей, з якімі працуюць прафесійныя педагогі.

Шматлікія праекты цэнтра добра вядомы не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Гаворка ў першую чаргу пра тыя з іх, у межах якіх рыхтуюць маладых лідараў. Рэчыцкі цэнтр творчасці пазіцыянуе сябе як сузор’е творчых ідэй, таленавітых дарослых і дзяцей. І гэта сапраўды так, бо падтрымліваць цікавасць сучасных дзяцей не проста, асабліва летам.

Але ў цэнтры знайшлі выйсце, арганізаваўшы вялікую колькасць актыўнасцей. А памочнікамі сталі самі дзеці. Напрыклад, у цэнтры творчасці дзейнічае праект па арганізацыі бяспечных паводзін у інтэрнэце. Валанцёры кібербяспекі не губляюць пільнасці і летам. Знаходзячыся ў цесным кантакце са сваімі аднагодкамі, яны ўвесь час ім нагадваюць пра інтэрнэт-махляроў, пра тое, як можна абараніцца ад такой небяспечнай з’явы. Расказваюць правілы абыхо­джання з банкаўскімі картамі, пра абарону акаўнтаў у сацыяльных сетках, право­дзяць навучальныя заняткі. Дарэчы, валанцёры кібербяспекі сталі пераможцамі рэс­публіканскага конкурсу мала­дзёжных ініцыятыў.

Безумоўна, гэтыя перамогі магчымы дзякуючы творчым педагогам і іх бязмежнай фантазіі. Менавіта такім з’яўляецца намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Сяргей Бахмат. Сяргей Аляк­сеевіч заварожвае сваёй прафесійнай харызмай і гатоўнасцю падтрымаць нават самыя неверагодныя ідэі сваіх выхаванцаў. Гэтым летам на базе цэнтра дзейнічаў аздараўленчы лагер дзённага знахо­джання “Мадагаскар” для дзяцей 9—11 гадоў. Дарэчы, сваю дзейнасць педагог прадстаўляў у касцюме жырафа, каб і мы пранікліся атмасферай летніка. Прызнацца, яму гэта ўдалося, хоць ён і заўважыў, што ўсе героі не акцёры, а проста педагогі.

“Сёння дзяцей трэба пастаянна здзіў­ляць, спрабаваць новыя мадэлі для іх акты­візацыі. Дзейсным спосабам па-ранейша­му з’яўляецца гульня, але яна павінна быць непаўторнай. Так мы і прыдумалі лагер “Мадагаскар”, дзе мульцяшныя жывёлы (педагогі) вучылі сваіх падапечных маля­ваць, танцаваць, спяваць. Разам мы вывучалі ваколіцы роднага краю і даведаліся шмат цікавага”, — адзначыў Сяргей Аляксеевіч.

На жнівень запланаваны прафарыентацыйны аздараўленчы лагер дзённага знаходжання “ТVорчая тэлеакадэмія” для дзяцей 11—13 гадоў. Акрамя таго, на працягу ўсяго лета ў цэнтры дзейнічае некалькі пляцовак: інтэрактыўна-забаўляльная для падлеткаў “Летняя перазагрузка”, арт-пляцоўка “Тэрыторыя творчасці”, прафілактычная “Лета на пазітыве”, адкрытая пляцоўка “Тэрыторыя дзяцінства”. Рэалізоўваюцца сацыяльныя, культурна-масавыя мерапрыемствы, інфармацыйна-прапагандысцкія акцыі. Частка мерапрыемстваў па грама­дзянска-патрыятычным выхаванні право­дзіцца з дапамогай інфармацыйных тэхналогій. У цэнтры распрацавалі анлайн-курс “Як стаць патрыётам”, які дапамагае дзецям асэнсаваць такія важныя паняцці, як грамадзянскасць і патрыятызм.

У сярэдняй школе № 6 Рэчыцы імя С.У.Сыча лета такое ж стракатае і цікавае. Тут дзейнічае аздараўленчы лагер дзённага знаходжання (міжведамасны з РАНС) “Юныя ратавальнікі”.

Як адзначыла дырэктар навучальнай установы Лілія Бандарэнка, дзіцячая бяс­пека — вельмі важная і сур’ёзная праблема, асабліва ў летні перыяд, калі ў дзяцей больш вольнага часу і яны часцей знахо­дзяцца на вуліцы без нагляду дарослых.

“У нашым лагеры разам з прадстаў­нікамі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях мы вучым дзяцей правілам пажарнай бяспекі і выхоўваем грамадзяніна “бяспечнага” тыпу, які ведае асновы абароны чалавека і грамадства ад небяспечных фактараў і можа прымя­ніць гэтыя веды на практыцы. Формы работы ў нашым лагеры рознастайныя: прэзентацыі, віктарыны, інтэрактыўныя гульні, вусныя часопісы, экскурсіі, конкурсы, віктарыны, майстар-класы, інтэлектуальныя марафоны”, — расказала Лілія Паўлаўна.

Дзеці тут жа прадэманстравалі свае веды. Яны бойка адказвалі на пытанні, дзяліліся з намі правіламі гульняў, дэманстравалі навыкі хуткага пераапранання ў касцюмы пажарных. У школе, акрамя лагера “Юны ратавальнік”, дзейнічалі працоўныя атрады па добраўпарадкаванні і азеляненні, рамонце вучнёўскай мэблі, зборы другаснай сыравіны, рамонце кніг. Працоўныя навыкі школьнікаў развівалі ў лагеры “Праметэй”.

Карыснае і насычанае цікавымі акцыямі і праектамі лета арганізоўваюць і ў сярэдняй школе № 5 Рэчыцы, дзе працуе лагер дзённага знаходжання “Святлафор” (міжведамасны з ДАІ). У лагеры адпачываюць дзеці 6—14 гадоў. Ён працуе ў чэрвені і жніўні. Кожная змена доўжыцца 18 дзён, і кожны дзень прысвячаецца пэўнай тэме.

“Наша задача разам з супрацоўнікамі ДАІ — зрабіць так, каб дзеці ішлі ў лагер з задавальненнем. І ў нас гэта атрымліваецца. Школьнікі ахвотна вывучаюць правілы дарожнага руху, ездзяць на экскурсіі, прымаюць удзел у тэматычных акцыях, інфармацыйных лінейках. Уся наша дзей­насць накіравана на захаванне і ўмацаванне здароўя навучэнцаў, а таксама на папярэ­джанне дарожна-транспартнага траўма­тызму”, — адзначыла дырэктар школы Свят­лана Баброва.

Цікавасць дзяцей і іх мэтанакіраванасць у засваенні правіл дарожнага руху падтрымліваюць інспектары ДАІ. Калі лю­дзі ў форме прыходзяць да дзяцей і гуля­юць з імі, то, канечне, такія мерапрыемствы помняцца ім доўга. Акрамя таго, сустрэчы з прадстаўнікамі дарожнай аўтаінспекцыі носяць прафарыентацыйны характар. Самі інспектары перакананы, што такое ўзаема­дзеянне карыснае не толькі для дзяцей, але і для бацькоў, бо іншым разам менавіта дзеці нагадваюць бацькам пра правілы дарожнага руху, а не наадварот.

А ў Азершчынскай сярэдняй школе № 1 Рэчыцкага раёна летам школьнікі атрымліваюць навыкі збору палатак, рукзакоў для паходаў і не толькі. Жадаючых атры­маць такія веды штогод менш не становіцца, таму ў кругласутачны палатачны лагер “Рабінзоны” да Генадзя Мікалаевіча Пікузы, настаўніка фізічнага выхавання і галоўнага па арганізацыі школьных паходаў, запісвацца трэба загадзя. Гэта і нядзіўна, бо Генадзь Мікалаевіч вучыць не проста навыкам бяспечнага знаходжання ў лесе, паходнаму кухарству, правілам арганізацыі палатачнага гарадка, а самастойнасці, каманднаму духу. З паходаў дзеці вяртаюцца загартаванымі і вельмі дружнымі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ
Фота Алега ІГНАТОВІЧА