Рэгіянальнае супрацоўніцтва мае найважнейшае значэнне

- 11:11Інфармацыйная гадзіна

Вядучае месца ў рэалізацыі эканамічнага патэнцыялу Беларусі і Расіі займае рэгіянальнае супрацоўніцтва. Такое меркаванне выказаў член калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Сяргей Сідорскі, каменціруючы IV Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

Сяргей Сідорскі нагадаў, што больш за 10 гадоў назад Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам было прынята рашэнне развіваць супрацоўніцтва не толькі з прыгранічнымі, а з усімі расійскімі рэгіёнамі. “Прыемна, што Беларусь сёння працуе з Сахалінам, Камчацкім краем, з Далёкім Усходам, — сказаў міністр ЕЭК. — Практычна ў кожным кутку Расіі прысутнічаюць беларускія вытворцы. Мне здаецца, што менавіта рэгіянальнае супрацоўніцтва, аснову якога ў свой час заклаў прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, дало моцны імпульс, падштурхнула дзелавую актыўнасць усёй нашай эканомікі”.

Гаворачы аб галоўнай тэме форуму — інавацыях, Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што ў Беларусі заўсёды ставілася задача менавіта інавацыйнага развіцця эканомікі. “Што б ні гаварылі крытыкі, няхай не забываюць аб тым, што беларуская эканоміка сёння найбольш інавацыйная з усіх краін постсавецкай прасторы, — канстатаваў ён. — Мы ставілі перад сабой задачу кожны год дабаўляць у выпуску інавацыйнага прадукту. Калі я не памыляюся, год назад у нас інавацыйнай прадукцыі выпускалася больш за 37%. Гэта сведчыць аб тым, што прадукцыя пастаянна абнаўляецца. Але галоўнае, што мы маем сваю стабільную нішу па машынабудаванні, па станкабудаванні”.

Сяргей Сідорскі паведаміў, што ў якасці міністра ЕЭК ён нядаўна вёў абмеркаванне з партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе праграмы развіцця інжынірынгавага цэнтра. “Расія зацікаўлена, каб такі беларуска-расійскі цэнтр стаў асновай для будучага развіцця эканомікі”, — адзначыў ён.