Экспарт адукацыйных паслуг дэманструе прэстыж айчыннай вышэйшай школы і ў цэлым імідж краіны на міжнароднай арэне. Падрабязна аб гэтым — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
“Вышэйшая школа Беларусі карыстаецца папулярнасцю не толькі ў нашых грамадзян, але і ў абітурыентаў больш чым 100 краін свету. Яны атрымліваюць у нас адукацыю рознага ўзроўню, пачынаючы ад падрыхтоўчых моўных курсаў і заканчваючы навучаннем у аспірантуры, падрыхтоўкай дысертацыі, абаронай і атрыманнем ступеняў на ўзроўні доктара філасофіі і кандыдата навук у Беларусі”, — падкрэсліў старшыня Рэспубліканскага савета рэктараў УВА рэктар БДУІР Вадзім Богуш на рэспубліканскім семінары па выніках работы па развіцці экспарту паслуг у 2022 годзе і перспектывах на 2023-і.
Апошнім часам у беларускіх УВА назіраецца рост колькасці навучэнцаў з Кітая, бо там, нарэшце, зняты каранцін. “У краінах былога Савецкага Саюза (Туркменістане, Узбекістане) таксама назіраецца дастаткова канкурэнтная сітуацыя па барацьбе за патэнцыяльнага студэнта. Мы рэалізуем вялікі комплекс праграм сеткавага навучання: двухдыпломныя і сумесныя”, — дадаў Вадзім Анатольевіч.
Па яго словах, сярод перспектыўных рэгіёнаў — і афрыканскі. З улікам нядаўна праведзенага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Зімбабвэ гэты рэгіён таксама шматабяцальны, у тым ліку для арганізацыі акадэмічнага ўзаемадзеяння і падрыхтоўкі студэнтаў. Прычым не толькі Зімбабвэ, але і шэраг іншых афрыканскіх краін зацікаўлены ў мэтавай падрыхтоўцы сваіх будучых спецыялістаў ва УВА Беларусі.
“Варта нагадаць, што ёсць некалькі краін, чые грамадзяне ў правах амаль прыраўнаваны да беларусаў, — гэта Расія, Казахстан, Кыргызстан. Іх абітурыенты маюць права здаваць ЦТ і ўдзельнічаць у конкурсе нароўні з грамадзянамі Беларусі. Ёсць студэнты, якія прыязджаюць па міжурадавых пагадненнях на вучобу. А ёсць і тыя, хто прыязджае альбо ў рамках дагавораў акадэмічнага супрацоўніцтва паміж універсітэтамі, альбо складаючы адпаведныя дагаворы на навучанне”, — сказаў рэктар БДУІР.
Ён таксама паведаміў, што да 30% студэнтаў на сусветным рынку выкарыстоўваюць дыстанцыйныя тэхналогіі атрымання адукацыі, у тым ліку вышэйшай. “Дыстанцыйная адукацыя — дастаткова новы для нас напрамак, які знаходзіцца ў канкурэнтным полі. Рускамоўны сегмент у гэтым плане не такі багаты, і каля 15% пакуль тут ёсць. Пры гэтым такі від атрымання адукацыі дастаткова патрабавальны да якасці падрыхтоўкі адукацыйных матэрыялаў, дынамікі адукацыйных праграм, і ён не вельмі шырокі з пункту гледжання спецыяльнасцей, якія можна набываць. Таму беларуская сістэма адукацыі засяродзіцца ў асноўным на праграмах, якія даюць магчымасць рыхтаваць спецыялістаў у такіх запатрабаваных галінах, як сфера інфармацыйных тэхналогій, эканамічнага аналізу, гуманітарная сфера”, — патлумачыў В.А.Богуш.
У сваю чаргу рэктар БНТУ расказаў, што на сённяшні дзень павелічэнне сукупнага экспарту ў кране забяспечана ў першую чаргу менавіта ростам экспарту паслуг у галіне адукацыі. “У параўнанні з 2021 годам экспарт адукацыйных паслуг БНТУ павялічыўся, тэмп росту склаў 101%. Абумоўлена гэта актыўнай работай па развіцці сумесных адукацыйных праграм. Так, летась у нас навучалася амаль 1900 замежных грамадзян. Усяго, у тым ліку за мяжой, у цяперашні час вучыцца каля 3750 чалавек. На першы курс у 2022 годзе было прынята 770 замежных грамадзян, што сярод усіх залічаных склала каля 18%, а з улікам кантынгенту навучэнцаў за мяжой — 23%”, — праінфармаваў Сяргей Харытончык.
Рэспубліканскі савет рэктараў — гэта ўнікальная пляцоўка, якая дазваляе і разгледзець спецыфіку дзейнасці розных устаноў, і выпрацаваць узгодненыя, кампрамісныя і аб’ектыўныя рашэнні для развіцця сістэмы адукацыі.
Гаворачы аб перспектывах развіцця экспарту адукацыйных паслуг у 2023 годзе, Сяргей Васільевіч паведаміў, што БНТУ працягне супрацоўніцтва з Узбекістанам і Кітаем. Вельмі перспектыўным таксама бачыцца развіццё новых спосабаў супрацоўніцтва з Зімбабвэ, Нігерыяй і Індыяй.
А вось рэктар БРУ заявіў, што ў іх установе рыхтуюць прафесійныя кадры, якія паспяхова працуюць на сучасных прадпрыемствах як Беларусі, так і Расіі. “Наш універсітэт — унікальная ўстанова ў Саюзнай дзяржаве, бо яна — прыклад рэальнай інтэграцыі дзвюх адукацыйных сістэм, мы вядзём падрыхтоўку і па беларускіх, і па расійскіх адукацыйных праграмах. Нашы выпускнікі маюць магчымасць атрымаць дыплом дзяржаўнага ўзору як Беларусі, так і Расіі. У нас рыхтуюць кадры па запатрабаваных эканомікай спецыяльнасцях”, — падкрэсліў Міхаіл Яўгенавіч Лусцянкоў.
Ён акцэнтаваў увагу, што, арыентуючыся на патрэбы абітурыентаў, за апошнія тры гады ў БРУ адкрыліся 10 новых спецыяльнасцей і напрамкаў. А ў гэтым годзе пачнецца набор па трох новых спецыяльнасцях: “Нафтагазавая справа”, “Экспертыза і кіраванне нерухомасцю”, “Бізнес-інфарматыка”.
Вадзім Богуш сярод новых механізмаў прыцягнення патэнцыяльных абітурыентаў назваў развіццё алімпіяднага руху ва УВА, які таксама можа паўплываць на цікавасць замежных студэнтаў да навучання ў нашай краіне, і развіццё акадэмічнага супрацоўніцтва: “У гэтым плане ў нас высокі ўзровень супрацоўніцтва з Саюзам рэктараў Расіі, штогод праводзяцца форумы з яго ўдзелам. Так, сёлета Форум рэктараў УВА Беларусі і Расіі пройдзе ў другім паўгоддзі 2023 года на расійскай тэрыторыі”.
Аналагічныя мерапрыемствы рыхтуюцца і з узбекскімі ўстановамі вышэйшай адукацыі. “Акрамя таго, Кітай праявіў цікавасць да стварэння аналагічнай структуры. Гэта значыць у тых краінах, з якімі ў нас выбудоўваюцца сапраўды партнёрскія і ўзаемапаважлівыя адносіны, вышэйшая школа ідзе ў авангардзе, у тым ліку палітычных рашэнняў, якія прымае кіраўніцтва краіны. Таксама яна забяспечвае неабходную гуманітарную і тэхналагічную платформу для таго, каб гэтыя рашэнні рэалізоўваліся ўжо ў эканоміцы і ў развіцці кадравага патэнцыялу”, — канстатаваў рэктар БДУІР.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара