Рэктар БрДУ Юрый Голубеў — пра новыя вектары развіцця ўніверсітэта

- 14:00Абитуриент, Интервью, Образование

Трывалы фундамент БрДУ — гэта спалучэнне класічнай адукацыі і сучасных падыходаў, прызнаныя навуковыя школы, высокакваліфікаваны калектыў і дапытлівыя студэнты. Збалансаванасць навучання і новыя напрамкі развіцця карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” абмеркавала з рэктарам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна Юрыем Голубевым.

— Юрый Пятровіч, вы чатыры месяцы ўзначальваеце БрДУ, ці паспелі намеціць новыя вектары развіцця ўніверсітэта?

— Вектараў шмат. Трэба разумець, што сістэма адукацыі кансерватыўная і інертная. Адпаведна, і ўніверсітэт як яе прадстаўнік таксама цяжка паддаецца рэфармаванню. Хоць я лічу, што нашу сістэму адукацыі і не трэба асабліва перайначваць. Тым больш нам удалося захаваць усё лепшае, чым славілася савецкая школа, але пры гэтым і тэндэнцыі сусветнай адукацыі мы не абышлі бокам.

Мяне сёння вельмі клапоціць развіццё навукі і падрыхтоўка навуковых кадраў. У БрДУ выдатныя традыцыі, закладзены трывалы фундамент, дзейнічаюць прызнаныя навуковыя школы, але яны патрабуюць амаладжэння. Усіх калег нацэльваю на тое, каб яны больш пільна прыглядаліся да студэнтаў, нават першакурснікаў, асабліва да тых, хто мае схільнасці да навукі і хацеў бы прадоўжыць сваю кар’еру ў вышэйшай школе.

Другі прыярытэтны напрамак, які я вызначыў, — абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўніверсітэта: пачынаючы са знешняга выгляду і заканчваючы аснашчэннем вучэбным і лабараторным абсталяваннем, якое будзе адпавядаць сучаснасці. А яшчэ нам не хапае добрай актавай і канферэнц-залы. Усім вядома, што студэнцкае жыццё патрабуе выхаду творчай энергіі, а дзе гэта ­рабіць, як не на ўласнай сцэне. Мы плануем размясціць неабходную нам вялікую залу з сучаснымі гукавымі і мультымедыйнымі магчымасцямі ў нашым старым корпусе. Ён, між іншым, мае шматгадовую гісторыю і сам па сабе ўжо архітэктурны шэдэўр.

У цэлым інфраструктура ўніверсітэта разнастайная. У нас ёсць аграбіястанцыя, размешчаная на ўчастку памерам у 8 га, з цудоўным дэндрарыем і садам. Там нашы біёлагі праводзяць сумесныя даследаванні з Палескім аграрна-экалагічным інстытутам НАН Беларусі. Да таго ж мы маем і прыгожы зімовы сад у старым корпусе. Яго лічаць адной з жамчужын Брэста, ён карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод школьнікаў і жыхароў горада і вобласці.

Ёсць у нас і вялікі спарткомплекс з басейнам, біялагічны музей, вучэбны кабінет геалогіі з унікальнай калекцыяй мінералаў і горных парод. Шмат чаго яшчэ мае універсітэт, і ўсё гэта павінна адпавядаць сучасным патрабаванням, якія тычацца рэсурснага забеспячэння падрыхтоўкі кадраў.

Трэці важны напрамак — пазіцыянаванне ўніверсітэцкіх традыцый і здабыткаў як унутры краіны, так і за яе межамі. І тут на першы план выходзяць сучасныя медыя — сацсеткі і сайт. Тым больш што ўніверсітэт — гэта асветніцкі і культурны, навуковы, інавацыйны і экспертны цэнтр Брэстчыны. У БрДУ шмат місій, бо ён знаходзіцца ў рэгіёне, і ні ад адной з іх мы не збіраемся адмаўляцца. У нас розная мэтавая аўдыторыя — абітурыенты, іх баць­кі, старшакласнікі і настаўнікі, выкладчыкі і студэнты, а таму і метады работы таксама варта выкарыстоўваць розныя.

Паводле сусветных тэндэнцый, сайт УВА становіцца нібы акном у свет. Дзякуючы яму, складваецца ўяўленне пра ўніверсітэт, таму сайт павінен быць карысным, прывабным і функцыянальным. А вось сац­сеткі дапамагаюць выбудоўваць дыялог з партнёрамі, абітурыентамі і заказчыкамі кадраў, студэнтамі і выкладчыкамі. Знешнія і ўнутраныя камунікацыі вельмі важныя, а таму апошнім часам мы палепшылі інфармацыйную работу.

У 2025 годзе БрДУ адзначыць 80-годдзе. Мы пачалі рыхтавацца да гэтай юбілейнай даты, прадумваем праграму. За два наступныя гады хацелася б рэалізаваць усё тое, што намецілі.

— Адна з праблем вышэйшай школы — арганічнае спалучэнне тэорыі і практыкі. Вам гэта ўдаецца?

Збалансаванасць вучэбнага плана з пункту гледжання фундаментальнай і практычнай падрыхтоўкі — даволі складаная задача. Яна пакуль не мае дакладнага і ўніверсальнага рашэння. Змест адукацыі пастаянна мяняецца, і гэтая прапорцыя таксама, да таго ж яна залежыць ад запытаў рынку працы і работадаўцаў, якім неабходны практыка-арыентаваныя спецыялісты.

Увогуле, у БрДУ доля вучэбных практык даходзіць да 20%, гэта нямала. У самім жа адукацыйным працэсе практычнае навучанне ўключае ў сябе семінары, лабараторныя работы, практычныя заняткі, курсавое праектаванне. На іх вырашаюцца сапраўды актуальныя і сучасныя задачы. На другой жа чашы вагаў — фундаментальнае тэарэтычнае навучанне, без якога, пагадзіцеся, спецыяліст немагчымы. Задача вышэйшай школы — падрыхтоўка спецыялістаў будучыні, а таму яна павінна сфарміраваць такія адукацыйныя стандарты, у якіх фундаментальнасць ні ў якім разе не будзе страчана. У ідэале УВА рыхтуюць спецыяліста не проста для выканання бягучых функцый і праблем, а і здольнага прапаноўваць новыя тэхналогіі. Дзеля гэтага ў студэнтаў павінен быць сфарміраваны перспектыўны погляд, пэўны кругагляд і трывалы фундамент.

— Ці плануецца ўвядзенне інавацый у вучэбны працэс БрДУ?

— Стаяць на месцы немагчыма. Канечне, ад традыцыйных форм адукацыйнага працэсу мы адмаўляцца не будзем. Аднак новыя техналогіі і методыкі рэгулярна прыходзяць у вучэбную аўдыторыю. Сярод іх і праектныя метады навучання, і кейс-метад, які добра сябе зарэкамендаваў, аналіз практычных сітуацый, метад перавернутага класа, а таксама дыстанцыйныя метады навучання, бо і змешаная форма навучання прыжылася і добра зарэкамендавала сябе.

Працягваем распрацоўку сучасных электронных вучэбна-метадычных комплексаў, якія будуць інтэрактыўнымі, з кароткімі відэа, пакрокавым кантролем ведаў, з магчымасцю падключэння знешніх рэсурсаў. А яшчэ сёння вельмі важнае пытанне — лічбавая гігіена, якой мы стараемся ўдзяляць вялікую ўвагу. Зараз можна пата­нуць у інфармацыйным свеце, і калі мы адпусцім нашага студэнта і не навучым яго выплываць з гэтага акіяна, шукаць праўдзівую інфармацыю і рабіць правільныя высновы, то гэта будзе не вельмі добры спецыяліст.

 Увогуле, універсітэт — вялікі арганізм, які складаецца з індывідуальнасцей — выкладчыкаў, супрацоўнікаў, студэнтаў. Падыход да кожнага з іх і данясенне неабходнай дакладнай інфармацыі надзвычай важныя, на гэта я і нацэльваю ўсіх сваіх калег.

Сёння БрДУ — гэта 9 факультэтаў і амаль 30 спецыяльнасцей, магістратура, аспірантура, шэраг навуковых школ, асветніцкія цэнтры і шмат чаго іншага.

 — Яшчэ адна новая форма ўзаемадзеяння з патэнцыяльнымі абітурыентамі — універсітэцкія алімпіяды…

Так, усе рэгіянальныя ўніверсітэты на працягу некалькіх гадоў выступалі за правядзенне такіх алімпіяд. Па выніках першай універсітэцкай алімпіяды пяць яе пераможцаў сталі нашымі студэнтамі. Гэта, канечне, нямнога. Хоць мы вельмі зацікаўлены, каб да нас прыходзілі падрыхтаваныя і матываваныя абітурыенты з іх ліку. Бо БрДУ можа набіраць пераможцаў універсітэцкай алімпіяды да 15% ад лічбаў прыёму, а гэта прыблізна 70 чалавек. Дзеля гэтага мы перафармаціравалі алімпіяду. Зараз першы яе этап пройдзе ў анлайн-рэжыме. З 15 па 29 лістапада ідзе рэгістрацыя ўдзельнікаў, і на папярэдні этап, які адбудзецца 2 снежня, зарэгістравалася каля 300 адзінаццацікласнікаў. Другі вочны этап пройдзе ў лютым. Я ўсім рэкамендую абавязкова паспраба­ваць свае сілы ў нашай алімпіядзе, бо гэта выдатная магчымасць пасту­піць ва ўніверсітэт без экзаменаў. Пералік прадметаў і спецыяльнасцей мы таксама пашырылі. 11-класнікам прапаноўваем паўдзельнічаць у алімпіядзе па прадметах “Беларуская мова”, “Руская мова”, “Матэматыка”, “Фізіка”, “Біялогія” і “Нямецкая мова”. Пераможцы атрымаюць права паступлення без уступных іспытаў у 2024 годзе на спецыяльнасці “Фізіка-матэматычная адукацыя” (па дзвюх прафілізацыях — матэматыка і інфарматыка, а таксама фізіка і інфарматыка), “Беларуская філалогія”, “Руская філалогія”, “Сучасныя замежныя мовы (нямецкая, англійская)” і “Прыродазнаўчая адукацыя (біялогія і хімія)”.

Дарэчы, сярод нашых найбліжэйшых планаў — павышэнне ўзроўню прафарыентацыйнай работы, якая паспрыяе якаснаму набору абітурыентаў, што задаволіць у будучыні шматлікія заяўкі заказчыкаў кадраў. Сёння ў школах асаб­ліва неабходны фізікі, матэматыкі, філолагі. У нас створаны план паступовай работы, і тут вызначальным будзе ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, якія бу­дуць заказваць мэтавыя месцы. Бо мэтавая падрыхтоўка, на мой погляд, не ў поўнай меры задзейнічана менавіта з боку будучых работадаўцаў. Мэтавая падрыхтоўка мае добры эфект, адпаведна, на ёй мы і будзем рабіць акцэнт у праф­арыентацыйнай рабоце. Тым больш што мы можам набіраць мэтавікаў да 60% ад лічбаў прыёму.

— Колькі вашых выпускнікоў застаецца на першых працоўных месцах?

Сёння задзейнічаны ўсе механізмы, каб маладыя спецыялісты заставаліся на сваіх працоўных месцах. Ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі і ўзровень зарплат, і сацыяльны пакет дастойныя, і ўвагай маладыя спецыялісты не абдзелены, бо наладжана іх суправаджэнне вопытнымі педагогамі. Усе разумеюць, што маладыя педагогі — гэта будучыня і сістэмы адукацыі, і ўсёй краіны.

Увогуле, па сістэме адукацыі працэнт замацавальнасці на першым працоўным месцы дахо­дзіць да 70, па іншых галінах крыху ніжэйшы. Штогод мы выпускаем каля адной тысячы спецыялістаў, улічваючы завочнікаў. Размяркоўваем звыш 300 бюджэтнікаў. Я перакананы, што размеркаванне — гэта не павін­насць, яго варта разгля­даць як гарантаванае забеспячэнне першым працоўным месцам маладога спецыяліста. Гэта фішка нашай сацыяльнай дзяржавы. Прычым і некаторыя выпускнікі-платнікі сёння карыстаюцца магчымасцю быць размеркаванымі, адпраўленымі на работу, каб мець усе льготы маладога спецыяліста.

Між іншым, па даных сацыялагічных апытанняў, маладыя спецыялісты зараз на першыя месцы паставілі перспектывы росту, мікраклімат у калектыве, сацпакет і жыллёвыя ўмовы, а толькі потым заработную плату.

— Юрый Пятровіч, ведаю, што, акрамя кіраўніцкай дзейнасці, вы займаецеся і педагагічнай. Што для вас выкладанне і чаму ў першую чаргу вучыце сваіх студэнтаў?

— Так, я выкладаю фізіку на старшых курсах. Для мяне выкладанне — гэта адпачынак. Я прыходжу ва аўдыторыю і пераключаюся, абстрагуюся ад кіруючай работы і шматлікіх рэктарскіх клопатаў. Хоць, канечне, і выкладчыцкая дзейнасць патрабуе намаганняў і маральнага напружання. Заняткі стараюся праводзіць лёгка і дынамічна, даносіць даволі складаны матэрыял проста. Сучасная фізіка пайшла далёка, але класічны курс пабудаваны на цалкам даступных і актуальных пытаннях, у якіх павінен разбірацца кожны чалавек.

— Якім вам уяўляецца настаўнік будучыні?

— Іншым, бо і студэнты зараз іншыя. Я і калегам аб гэтым гавару, але гэта не значыць, што яны горшыя. Кожны з іх — індывідуальнасць, са сваімі мэтамі і памкненнямі, разуменнем жыцця і пад­рыхтоўкай. Гэта ўсё неабходна ўлічваць, працуючы з імі, і не спрабаваць нікога перарабіць. Мы як педагогі павінны разумець, аналізаваць, рабіць высновы і праца­ваць з новым студэнцтвам эфектыўна і на вынік. Аднак база, якімі б іншымі студэнты ні былі, застаецца ня­зменнай і непарушнай, і гэты фундамент нікуды не дзенецца. База педагагічнай адукацыі будуецца на ўзаемадзеянні чалавека з чалавекам, гэтаму і неабходна нада­ваць першачарговае значэнне ў рабоце з будучымі настаўнікамі.

Да таго ж сённяшнія студэнты — гэта ўжо дзеці лічбавай эпохі. І ім давядзецца тлумачыць сваім вучням усе вартасці і небяспечнасці лічбавай прасторы, якая хавае ў сабе дрэнныя наступствы для псіхічнага здароўя, бо чалавек становіцца залежным. Прычым залежным ад таго ж “Гугла”, без якога ён нічога не можа зрабіць. Сёння, на жаль, калі пазбавіць некаторых інтэрнэту, яны адразу ста­нуць бездапаможнымі. Аднак нам ні ў якім разе нельга дапусціць вырошчвання бездапаможнага пакалення. Дзеля гэтага настаўнікам варта з першага класа паказваць вучням, як правільна карыстацца лічбавымі тэхналогіямі.

Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара