Рэспубліканская ўніверсіяда стартавала

- 15:48Актуально, Навіны
У пятніцу ў сталічным комплексе “Мінск-Арэна” адбылося ўрачыстае адкрыццё Рэспубліканскай універсіяды — 2013. Па традыцыі падчас цырымоніі адкрыцця былі названы ўстановы вышэйшай адукацыі, якія сталі лідарамі спартыўных спаборніцтваў у 2012 годзе.

“Сёння цяжка пераацаніць ролю фізічнай культуры і спорту і студэнцкага спорту ў прыватнасці, — адзначыў у сваім выступленні намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Афанасьевіч Тозік. — Пасля лонданскай Алімпіяды мы асабліва зразумелі: калі не будзе яго, то не будзе і такіх высокіх дасягненняў.
У нашай краіне створана асацыяцыя студэнцкага спорту. Мы зрабілі стаўку на тое, што ўсе ўніверсітэты будуць культываваць асобныя віды спорту. Спадзяёмся, што гэты крок стане штуршком і для развіцця спорту школьнага”.
З кожным годам універсіяда набывае ўсё большы аўтарытэт сярод студэнтаў. Штогод у яе фіналах па 29 відах спорту прымаюць удзел больш за 8 тысяч чалавек. А на першым этапе, сярод вучэбных груп, курсаў, факультэтаў, інтэрнатаў, на старт выходзяць больш як 122 тысячы навучэнцаў устаноў вышэйшай адукацыі.
Намеснік прэм’ер-міністра падкрэсліў, што студэнцтва годна прадстаўляе нашу краіну на самых прэстыжных спартыўных форумах. Мы можам ганарыцца героямі Алімпіяды ў Лондане: Аляксандрай Герасіменя, Вікторыяй Азаранка, Любай Чаркашынай, Марынай Шкерманковай, Ігарам Бокіям, якія сёння з’яўляюцца студэнтамі.
Зусім хутка ў Казані стартуе Сусветная летняя ўніверсіяда — самая галоўная студэнцкая спартыўная падзея. Сёлета Беларусь упершыню выступіць у такіх летніх відах спорту, як валейбол і пляжны валейбол. Усяго нашы спартсмены будуць спаборнічаць у 17 відах спорту.
Казань чакае ўдзельнікаў універсіяды на пачатку ліпеня. А пакуль у Мінску назвалі тыя ўстановы вышэйшай адукацыі, якія сталі наймацнейшымі ў сваіх групах.
У IV групе лідарам стаў Палескі дзяржаўны ўніверсітэт, на другім месцы — Акадэмія кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, на трэцім — Камандна-інжынерны інстытут МНС РБ.
У ІІІ групе перамог Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання, другое месца заняў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, трэцяе — Ваенная акадэмія.
У ІІ групе на першым месцы — Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, на другім — Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт, на трэцім — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту.
Пераможцам І групы названы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, другое месца заняў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, і трэцяе — Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я. Купалы.
Тое, што ўніверсіяда набывае ў нашай краіне ўсё большую колькасць прыхільнікаў, адзначыў і намеснік міністра адукацыі Віктар Віктаравіч Якжык, які разам з віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Мікалаем Канстанцінавічам Ананьевым, першым намеснікам міністра спорту і турызму Аляксандрам Слававічам Гагіевым і дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Валянцінай Віктараўнай Баляба віншаваў прадстаўнікоў універсітэтаў-пераможцаў.
Рэктары, прарэктары і прадстаўнікі кафедр фізічнага выхавання атрымалі кубкі і дыпломы. А лепшыя студэнты-спартсмены — яшчэ і падарункі ад беларускіх спартыўных федэрацый.
Беларуская федэрацыя біятлона ўзнагародзіла студэнтаў БДУФК Дар’ю Юркевіч і Уладзіміра Аленішка. Федэрацыя бокса адзначыла ў ліку лепшых каманду БДУФК. Федэрацыя гандбола — студэнтку БНТУ Карыну Ежыкаву.
Федэрацыя паўэрліфтынга ўручыла свой дыплом студэнту БДУФК Дзмітрыю Вінакураву. Федэрацыя арыентавання — студэнтцы БНТУ Настассі Дзянісавай. Федэрацыя футбола адзначыла адразу тры ўніверсітэцкія каманды: каманду БДУФК, каманду БНТУ і каманду МДУ імя А.Куляшова. Федэрацыя футзала назвала ў ліку лепшых каманду МДУ імя А.Куляшова.
Сапраўдным падарункам для ўсіх, хто прыйшоў на цырымонію адкрыцця, стала выступленне акрабатаў, паветраных гімнастаў, тэатраў танца і інш.
Атмасферу будучай Сусветнай летняй універсіяды на мінскай пляцоўцы стварыў запрошаны са сталіцы Татарстана харэаграфічны калектыў “Булгары”, які падарыў і гледачам і ўдзельнікам шоу прыемныя эмоцыі. Будзем спадзявацца, што зусім хутка ў нас будзе магчымасць парадавацца перамогам нашых спартсменаў-студэнтаў у Казані.

Наталля АЛЁХІНА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.