Рэспубліканскі педагагічны савет праходзіць у сталіцы

- 9:00Актуально, Апошнія запісы

Па добрай традыцыі напярэдадні новага навучальнага года ў Мінску праходзіць Рэспубліканскі педагагічны савет, на якім абмяркоўваюцца перспектывы развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі. Двухдзённы форум сабраў каля тысячы педагогаў, кіраўнікоў устаноў адукацыі, рэспубліканскіх і мясцовых органаў дзяржаўнага кіравання, а таксама прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў і галіновага прафсаюза. 

Удзельнікі нарады азнаёміліся з выставамі эфектыўнага педагагічнага вопыту, творчых дасягненняў педагогаў, навінкамі вучэбнай і вучэбна-метадычнай літаратуры, з адукацыйнымі рэсурсамі і тэхналогіямі ў сферы адукацыі.

Учора, 23 жніўня, была арганізавана работа 13 тэматычных секцый і круглых сталоў, на якіх спецыялісты разгледзелі сучасныя падыходы да павышэння якасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, развіцця прафесійнай адукацыі ў сучасных сацыяльна-эканамічных умовах, асноўныя напрамкі дзейнасці для вышэйшай школы, дадатковай адукацыі. Акрамя таго, у цэнтры ўвагі педагогаў былі пытанні развіцця інклюзіўнай адукацыі, актуальныя аспекты сацыяльнай, выхаваўчай, ідэалагічнай работы ў сучасных умовах, развіццё сістэмы пасляўніверсітэцкай адукацыі, удасканаленне падрыхтоўкі педагагічных кадраў.

Запланаваныя змяненні ў галіне, якія разглядаюцца на форуме, закладзены ў прынятым у першым чытанні праекце Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі і праекце Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года. Сёння важна працаваць над павышэннем якасці нацыянальнай адукацыі на ўсіх яе ўзроўнях і ступенях. Для гэтага праводзяцца комплексныя меры, якія ўключаюць развіццё змешаных форм навучання, што спалучаюць традыцыйнае навучанне з дыстанцыйнымі формамі; прымяненне разнастайных методык навучання; варыятыўнасць вучэбных планаў у адпаведнасці з запытамі навучэнцаў; самастойнасць устаноў адукацыі ў фарміраванні вучэбных праграм і выбары вучэбных дапаможнікаў на конкурснай аснове; фарміраванне неабходных кампетэнцый у педагогаў; стварэнне сучаснага лічбавага адукацыйнага асяроддзя; акадэмічны абмен; распрацоўку і ўкараненне эфектыўных механізмаў фінансавання сістэмы адукацыі; выпрацоўку ўзгодненых падыходаў да ацэнкі якасці адукацыі праз сістэму міжнародных праграм і развіццё незалежных форм ацэнкі і іншае. Усё гэта паслужыць выкананню найважнейшай задачы адукацыі — фарміраванню высокамаральнай асобы, якая валодае развітым пачуццём патрыятызму, адказнасці за свой лёс і лёс краіны.

Рэспубліканскі форум працягне сваю работу на пленарным пасяджэнні. Мяркуецца, што ў ім прыме ўдзел Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.