Рэцэпты псіхалагічнага здароўя

- 10:29Адукацыйная прастора

Педагогі сярэдняй школы № 4 Баранавіч вялікую ўвагу ўдзяляюць псіхалагічнаму здароўю дзяцей, ад якога залежаць іх душэўны камфорт і вучэбныя поспехі. З гэтай мэтай ва ўстанове адукацыі праходзяць месячнікі псіхалагічнага здароўя.

Вучні 2—11 класаў актыўна ўдзельнічаюць у акцыях і мерапрыемствах, накіраваных на захаванне і ўмацаванне псіхалагічнага здароўя ў адукацыйным асяроддзі. Так, педагог-псіхолаг В.А.Баглікава правяла для вучняў 2—3 класаў псіхалагічныя трэнінгі і псіхалагічныя гульні.

— З дапамогай трэнінгу па казкатэрапіі “Там, на невядомых дарожках” дзеці знімалі эмацыянальнае і фізічнае напружанне, развівалі камунікатыўныя навыкі, вучыліся разумець свае пачуцці, эмоцыі, настрой, — расказала В.А.Баглікава. — Псіхалагічны трэнінг “Чароўная паляна” фарміраваў у вучняў станоўчыя адносіны да свайго “я”, стымуляваў творчае самавыяўленне.

Вучні 5—6 класаў удзельнічалі ў псіхалагічных гульнях, накіраваных на згуртаванне калектыву. Гэтыя гульні дапамаглі дзецям адчуць сітуацыю падтрымкі і ўзаемадапамогі, уступіць ва ўнутрыгрупавое супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне, наладзіць даверныя ўзаемаадносіны. Падчас гульні “Шкатулка добрага чараўніка” вучні праяўлялі асобасныя якасці, пашыралі рамкі звыклых уяўленняў пра розныя падзеі і міжасобасныя адносіны.

Для пераадолення перажыванняў ад будучых экзаменаў, знаёмства з некаторымі спосабамі рэлаксацыі і апрабацыі іх на сабе быў праведзены трэнінг “Экзамен” для вучняў 9 і 11 класаў.

Пра каштоўнасць жыцця, пазітыўныя адносіны да сябе і іншых людзей, дзіцяча-бацькоўскія ўзаемаадносіны, узаемадзеянне з равеснікамі і супрацьлеглым полам вялася зацікаўленая гаворка на класных гадзінах “Вучымся жыць без канфліктаў”, “Які ты сябар”, “Быць добрым трэба па звычцы”, “Я і мае эмоцыі”, “Я і свет вакол”, “Мой унутраны домік” і “Паглядзі на сябе”.

Для вучняў 6—8 класаў была арганізавана акцыя “Дзень банцікаў”, накіраваная на згуртаванне школьнага калектыву, паляпшэнне агульнага эмацыянальнага тонусу і настрою.

Пра шкодныя звычкі і іх пераадоленне сямікласнікі гаварылі на класнай гадзіне “Праблемы гаджэтаманіі ў асяроддзі сучасных падлеткаў”. Дзесяцікласнікі абмяркоўвалі ўплыў навушнікаў на слых.

Тэма здаровага ладу жыцця ўзнімалася на сустрэчы вучняў 9—11 класаў з урачом-нарколагам Баранавіцкага міжраённага наркалагічнага дыспансера С.А.Матусевічам.

Вучні 5—6 класаў разам з педагогам-псіхолагам В.М.Вішнеўскай актыўна ўдзельнічалі ў акцыі “Сцяна мар”, а вучні 7—8 класаў — у акцыі “Кампліменты”. Для дзевяцікласнікаў прайшоў трэнінг “Светлая дружба грэе сэрцы”.

— Усе мерапрыемствы, праведзеныя ў рамках месячніка, улічвалі актуальныя праблемы і асаблівасці соцыуму, — адзначыла В.А.Баглікава.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.